• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Любоў Лунёва: Недапушчальна, калі дасведчаныя журналісты вымушаныя заціскаць у сабе прафесіяналізм і выконваць працу капірайтара

    Любоў Лунёва – без перабольшання асоба ў беларускай журналістыцы легендарная. «Я не прапусціла ў Мінску з сярэдзіны 1990-х ніводнай акцыі пратэсту», – кажа пра сябе журналістка. Сёння Любоў Аляксееўна адзначае Дзень народзінаў – 65 гадоў. Пагутарылі з ёй пра адрэналін, маральную вытрымку як фактар бяспекі, страшнае і смешнае ў працы, а яшчэ пра набалелае прафесійнае.

    «Страх нельга паказваць, але ён жа нікуды не знікае»

    — Я ў прафесію трапіла ў 1997 годзе. Як мне тады падавалася, выпадкова. Паводле адукацыі я гісторык. Былі планы абараніць дысертацыю. Ды ўвогуле навуковая дзейнасць для мяне лічылася самай верагоднай працай. Але ў 1998‑м са мной не працягнулі кантракт у БДУ па зразумелых прычынах. Тады шмат народу, у тым ліку выкладчыкаў, навукоўцаў, мастакоў, удзельнічалі ў акцыях пратэсту, якія адбываліся ледзь не кожную нядзелю. Было такое, што папросту напрыканцы мітынгу казалі, напрыклад: «У наступную нядзелю збор а пятай на плошчы Якуба Коласа», і гэтага было дастаткова.

    Улады спрабавалі збіць пратэсную хвалю, і таму з’яўляліся ўсё новыя і новыя ўказы і дэкрэты. Дайшло і да крымінальных спраў. У той час своеасаблівым штабам была Управа БНФ, куды прыходзілі людзі са сваімі праблемамі. Я спрабавала дапамагчы, як магла, і таму давала нумары тэлефонаў адвакатаў, якія маглі дапамагчы падчас следства.

    На сходах распавядала, як сябе трэба паводзіць падчас затрымання і допыту. Тады гэта быў для нас усіх першы досвед. Сотні нармальных людзей у краіне адразу зрабіліся «нядобранадзейнымі элементамі».

    З часам пачалі прыходзіць людзі з самымі рознымі праблемамі. Знаходзіла для іх юрыстаў, каб пракансультавалі бясплатна. А потым нават да мяне звярнуліся сваякі чалавека, якога прыгаварылі да смяротнага пакарання. Каб вы ведалі, вельмі адмоўна паставіліся некаторыя палітыкі да таго, што я ўзялася дапамагаць гэтым людзям. Не буду зараз называць іх прозвішчы. Аргументавалі гэта тым, што, маўляў, БТ пакажа, што мы абараняем забойцаў. Але я дамаглася свайго, бо лічу, што галоўнае — уратаваць жыццё. А што чалавек забойца, яшчэ трэба даказаць, а не падганяць пад абвінавачанне матэрыялы справы.

    Весці прыём людзей на Управе было складана, бо там увесь час было шмат народу. Алесь Бяляцкі прапанаваў працаваць разам, ён знайшоў тады офіс. Так стварылася «Вясна». А потым ён зрабіў рэкламу створанаму праваабарончаму цэнтру ў газеце «Свабода» і даў мой хатні нумар. Уявіце сабе, што пачалося ў мяне дома і ўдзень, і ўначы.

    У той жа час я каментавала для «Радыё Свабода» некаторыя справы, і ўрэшце мяне запрасілі працаваць карэспандэнтам.Так паступова я стала журналістам, але і дагэтуль я не магу патлумачыць, што гэта за прафесія. Натуральна, трэба быць максімальна аб’ектыўным і казаць праўду, якая б яна ні была. Але як пры гэтым хаваць свае эмоцыі? Чаго гэта каштуе табе, твайму здароўю, блізкім, на якіх бракуе часу? Ну, прынамсі, ў маёй спецыялізацыі ў сферы правоў чалавека.

    — Вас шмат хто ведае найперш як журналіста, які працуе падчас вулічных акцый. Гэта ваша ўнураная патрэба ў адрэналіне ці збег абставінаў?

    — Насамрэч я вельмі ўразлівы чалавек. Калі нехта думае, што я працую на акцыях у эпіцэнтры і нармальна пачуваюся, то ён памыляецца. Не памятаю, каб я пасля брутальнага разгону магла б заснуць, як нармальныя людзі. Не. Як у кіно, усё пракручваецца, як у запаволенай стужцы: той бяжыць са шчытом, гэты ўпаў, там крычаць… І пазбавіцца ад гэтага немагчыма.

    Я ж працавала на радыё, і гэта значна складаней, чым на тэлебачанні, бо ў цябе няма аператара з камерай, які пакажа ўсю «карцінку». Трэба самому перадаць усе гукі, каб слухач уявіў атмасферу, пачуў, як людзі скандуюць, як міліцыянты іх хапаюць — для гэтага мусіш быць у эпіцэнтры. А гэта нервы. І страх нельга паказваць, але ён жа нікуды не знікае…

    — Калі б вы вярнуліся ў свой 1997‑ы, ці абралі б іншы шлях, варыянт не быць журналістам?

    — Гэта мне нагадвае праграму «Время»: у даярак-перадавіц запыталіся, ці абралі б яны іншае жыццё, і кожная казала: «Калі б мне давялося пражыць жыццё яшчэ раз, то я б пражыла яго так, як цяпер». (Смяецца — Рэд.). Я — ні за што. 

    Калі жыццё дае іншы шанец, то хіба не варта паспрабаваць прайсці іншым шляхам?

    «Напрыканцы 2021 года ва Украіне пахла ўжо вайной»

    — Ва Украіне вы таксама асвятлялі падзеі з першага дня вайны. Згадайце гэты досвед.

    — Я прыехала ва Украіну напрыканцы 2021 года. Там ужо пахла вайной, гэта лётала ў паветры. Усе называлі нават дату пачатку вайны, але было меркаванне, што Расія, хутчэй за ўсё, паспрабуе захапіць толькі ўвесь Данбас. Мяне 23 лютага адправілі ў Краматорск, бо гэта прыфрантавая зона, там генштаб ЗСУ і стратэгічны аэрадром. З цягніка на станцыю выйшлі адны журналісты з розных краін свету і фіксеры. Большую частку іх багажу складалі сродкі абароны — каскі, бронекамізэлькі і нешта яшчэ. І толькі я з адным заплечнікам. Дарэчы, мяне вельмі ўразіла, што яны ўсе былі даволі сталага веку — і журналісты, і аператары. Можа, так супала папросту.

    З мясцовым аператарам мы паспелі зрабіць апытанне людзей, як яны ставяцца да таго, што ў іх можа пачацца вайна. А нам адказвалі: «Цю, у нас і так вайна. Тут, дзе мы стаім, тралейбусы гарэлі. Перажывем і гэта». Толькі пару бабулек сказалі, што баяцца за сваіх унукаў, і на нейкі час, можа, лепш бы бацькі іх вывезлі куды. А сёмай вечара ў Краматорску адбыўся паўгадзінны мітынг. Я выйшла ў прамы эфір. Толькі скончыла, а народу і няма. Імгненна разышліся. Гэта вам не нашы мітынгі.

    …Усё пачалося пасярод ночы. Такога грукату, ад якога літаральна закладвае вушы, я раней ніколі не чула. Неба ў чырвоных сполахах, ад кожнага выбуху так трэслася акно, што я выбегла ў калідор.

    Там у поўнай экіпіроўцы ўжо стаялі журналісты. «Тэрмінатары», — падумала я з‑за іх выгляду. «Вар’ятка», — напэўна, падумалі яны, бо ў мяне не тое што каскі, нават шапкі на галаве не было.

    Кансьержка на рэцэпцыі тлумачыла журналістам, што ключ ад бамбасховішча ў супрацоўнікаў нейкай фірмы, што паверхам вышэй, а ў іх працоўны дзень пачынаецца а 10‑й. І дадала: «Пачынаўся. Ужо яны, канешне, не прыйдуць».

    Пазваніла сыну і сказала, каб будзіў калег. Ён чуў гэты жудасны грукат, а яшчэ ж вельмі нізка ляцелі ракеты і самалёты. Гэты жудасны свіст для мяне, прынамсі, значна страшнейшы. На плошчы Міру я нават прыціснулася да ствала елкі. Памятаеце гэтыя блакітныя елкі вакол помнікаў на плошчах Леніна ў гарадах? Помнік прыбралі, а елкі засталіся. Самалёты ляцелі так нізка, што ў нейкі момант падалося — зачэпіцца за верхавіны дрэў. А хуткасць?! «Чорт бы пабраў усіх гэтых канструктараў вайсковай тэхнікі», — круціліся ў галаве думкі.

    Адкрытае бамбасховішча было ў падвале наменклатурнай «сталінкі». Дарэчы, у Краматорску ёсць такія шыкоўныя сталінкі, у Мінску такіх няма. Некалі Данбас быў багатым краем. Разгледзела ў абставінах таго апакаліпсіса і калоны, і прыгожую ляпніну. Разумееце? Жанчыны па-іншаму глядзяць на сітуацыю.

    — Мяркуеце, сапраўды ёсць розніца?

    — Канешне. Жанчыны больш увагі надаюць дэталям.

    А для рэпарцёра, які працуе на вуліцы, дэталі маюць велічэзнае значэнне, яны дапамагаюць перадаць атмасферу, разуменне сітуацыі. Ніколі офісная праца праз другія рукі не будзе такой эфектыўнай, вобразнай.

    Напрыклад, калі яшчэ не сціхла гэтая кананада, я заўважыла вялізную чаргу на вуліцы. Людзі стаялі моўчкі, не размаўлялі, нібыта нічога не адбываецца. Грукат, зямля трасецца, знішчальнікі са свістам лётаюць, а яны стаяць і толькі глядзяць то ў неба, то па баках. Гэта была чарга ў банкамат па наяўныя. Хлопец патлумачыў: «Зараз нідзе тэрміналы працаваць не будуць». І праўда… Гэта была празаічная праўда жыцця, бо людзі ў прыфрантавой зоне жылі з 2014 года. Часам дэталь, нават імгненне можа больш расказаць пра тое, што адбываецца, чым цэлы расповед.

    Вось яшчэ прыклад таго дня. На чыгуначным вакзале быў ужо натоўп. Туды прыйшлі і некаторыя журналісты пасля няўдалых спробаў выехаць на таксоўцы. Таксісты, якім «каму вайна, каму маці родная», прапаноўвалі за 7000 грыўняў давезці да Кіева. Добра, што ў мяне не хапіла. Адзін мужчына сказаў: «Там ужо танкі з літарамі Z i V. На дарозе затор. Ён давязе вас да Лазавой, і што далей? Па полі пойдзеце?». На чыгуначным вакзале перыядычна абвяшчалі: «Хто хоча выехаць за межы Данецкай вобласці, на трэці пуць будзе пададзены цягнік да Дняпра».

    І раптам чарговае паведамленне, але нейкім крыху разгубленым голасам: «Увага! На другі пуць прыбывае цягнік… на Пшэмысль… Гэта Польша…» Наступіла такая цішыня! Людзі нібы здранцвелі. Гэта доўжылася хіба хвіліну. Але менавіта гэтая даўжэзная хвіліна расказала больш, чым усё, што было раней, пра той жах, які адчулі людзі. Пачуўся плач. Жанчына некаму тэлефанавала: «Што?! Што рабіць?! Дзе ты?!» Калі вязуць цягнікамі людзей за мяжу, нават не пытаючыся, ці ёсць у іх дакументы, значыць, усё зусім кепска.

    У цягніку на Кіеў я села побач з маладой дзяўчынай. Яна мне распавяла, што нядаўна пабралася шлюбам. Муж яе кадравы вайсковец і служыць у Канстанцінаўцы. Гэта побач з Краматорскам. Дзяўчына прамовіла: «Мне муж пазваніў і сказаў: “Вазьмі з сабой Вадзіма, толькі дакументы і цёплыя рэчы на першы час. Едзь да сяброўкі ў Кіеў. Я звяжуся, як змагу”». Я паглядзела наўкол, няма ніякага дзіцяці побач, спыталася: «А дзе Вадзім?», яна прыбрала шалік з каленяў, а там клетачка з малюсенькім хамячком. Дзяўчына паспяшалася патлумачыць: «Ну як я магла яго пакінуць аднаго?! Яны і так жывуць усяго тры гады. Ну што ён пра нас падумае перад смерцю?». Гэта я пра дэталі… Як яшчэ лепш перадаць характар і душу чалавека?

    Гэтая дзяўчына ўвесь час тэлефанавала і пісала СМС-кі маме. Мама ў Марыупалі не выходзіла на сувязь. Яе дом на ўскрайку. Гэта цяпер мы ведаем, што той мікрараён сцерлі з твару зямлі. Мама жыла з грамадзянскім мужам. Яго тэлефон таксама не адказваў. А муж гэтай дзяўчыны быў у самым пекле, калі акупанты імкнуліся акружыць горад і кінулі на гэта адборныя сілы. Але ён не сказаў ёй пра гэта. Нібыта быў папросту заняты. Не хацеў палохаць. Сапраўдны мужчына. Ці жывы ён? Які лёс напаткаў гэтую сям’ю?

    «За час працы я засвоіла: ні ў якім разе нельга павярнуцца спінай і бегчы»

    — Можаце згадаць тры найбольш рызыкоўныя сітуацыі за час вашай працы?

    — 25 сакавіка 2006 года, калі Аляксандр Казулін павёў дэманстрацыю ў бок Акрэсціна. Тады на праспекце Дзяржынскага перакрылі дарогу і пачалі страляць шумавымі гранатамі. Гэта было ўпершыню. Мы ўсе думалі, што гэта расстрэл дэманстрацыі, «крывавая нядзеля». Мае замшавыя боты былі ў крыві людзей, якіх збівалі. Вайскоўцы наступалі на натоўп. Людзі разбягаліся, на зямлі ляжалі збітыя, але былі і тыя, якія не рухаліся. Іх забралі, і мы нічога пра іх не ведаем. Дагэтуль…

    За час працы я засвоіла: ні ў якім разе нельга павярнуцца спінай і бегчы, бегчы ўвогуле забаронена. Ні на адну секунду нельга паказаць, што ты спалохаўся.  Гэта патрабуе неверагодных высілкаў, ад чаго, уласна, пасля і не спіш.

     25 сакавіка 2006 года

    Другая сітуацыя — 19 снежня 2010 года. Падчас разгону мітынгу я адчула такі моцны ўдар у паясніцу, што ажно маланкі з вачэй. Думала, што на мяне Ленін зваліўся з пастамента. Высветлілася, што спецназаўцы даганялі мужчыну, зрабілі яму падсечку і ён, падаючы, ударыў галавой мне ў паясніцу. Ісці было нават цяжка. І хуткую туды не выклічаш. Пакуль ішла, то ў адным, то ў іншым месцы каптуры, пальчаткі, шалікі, кроў на снезе, натоптанае месца — тут спыняўся аўтазак…

    Трэцяя сітуацыя была ў 2020 годзе. Калі 9 жніўня ішла зачыстка каля стэлы на праспекце Пераможцаў, быў момант — адкрылі праезную частку, і выехаў старэнькі аўтазак, а за ім аўтамабіль ДАІ. Да іх кінуліся раззлаваныя людзі пасля перажытых газавых атак, шумавых гранат, вадамётаў. Даішнікі хуценька з’ехалі, а аўтазак застаўся стаяць. Яго акружылі. І раптам у аднаго мужчыны я ўбачыла пісталет. Не разбіраюся ў зброі, можа быць, гэта быў стартавы. А ў мяне ўвесь час сядзела ў галаве: калі будзе нешта такое, то ўжо завядуць крымінальныя справы. Мы тады не ведалі яшчэ, што на Акрэсціна з людзей ужо «здымалі скуру».

    Як я ўвогуле змагла падысці і крыкнуць, каб прыбраў пісталет? Увесь час дагэтуль пытаюся ў сябе, ці ёсць у мяне мазгі… Я нейкім неймаверным голасам закрычала, каб дапамаглі прыбраць гэтых людзей. Неяк адчула, што ён не адзін. Напарнік гэтага з пісталетам пачаў з перакошаным тварам з такой злосцю: «Жэншчына, не перашкаджайце! Адыдзіце!» Калі да мяне падбеглі мужчыны, то гэтыя невядомыя людзі нібыта расталі ў натоўпе.

    Вайна, само сабой. Калі шчыра, у Краматорску я ў нейкі момант падумала, што можа здарыцца самае горшае, што ўсё проста зраўняюць з зямлёю.

    — Прыгадайце для балансу і смешныя моманты. Можаце нешта распавесці?

    — Натуральна, смех і сум неяк спалучаюцца. Што тычыцца акцый, то тут можна цэлую кніжку анекдотаў выдаць. Але і ў руцінай працы можа быць нешта нечаканае. Аднойчы, недзе 22 сакавіка, я рабіла для ранішняга эфіру сюжэт пра тое, што чыноўнікі прапанавалі праект закона, каб штрафаваць уладальнікаў сабак за шпацыр не ў прызначаным для гэтага месцы на суму, эквівалентную 50 еўра. Запісала каментар юрыста, што штраф мусіць адпавядаць заробкам, чыноўніка нейкага, сабачнікаў, што ў нас бракуе месцаў для выгулу сабак. Выйшаў сюжэт у эфір. А была такая зваротная сувязь са слухачамі — «Званкі на Свабоду».

    Прайшло пару гадзін пасля эфіру. У Празе рогат стаіць. Мне даюць паслухаць тэлефанаванне слухача. Нейкі абураны мужчына кажа: «Напярэдадні святога для кожнага сумленнага беларуса Дня Волі журналістка Любоў Лунёва не спыталася ў актывістаў «Маладога фронту», як яны рыхтуюцца да свята. Яна не спыталася ў лідараў дэмакратычных сілаў пра тое, якія запланаваныя мерапрыемствы. Не! Бо яе цікавіць толькі адно пытанне: «Дзе будуць, прабачце, ср#ць сабакі!».

    «Я нарэшце зразумела, чаму мы выжылі ва ўсіх гэтых падзелах, войнах»

    — Вы згадвалі падчас размовы 2020-ты. Як асабіста вы глядзелі на тое, што адбываецца?

    — У мяне з’явілася надзея. Калі ўбачыла мора людзей, то радасці не было мяжы. Узгадвала сваіх блізкіх, якія не дажылі. Мая мама марыла пра такое. У дзень выбараў 19 сакавіка 2006 года ёй споўнілася 70 гадоў. І яна казала, што, калі б перамаглі Лукашэнку, то гэта быў бы самы лепшы для яе падарунак. Яна па дарозе на працу прыносіла на Плошчу ў 2006 годзе тэрмасы з бутэрбродамі. Усе нашы тэрмасы там і засталіся. Мама выкладала эканоміку ў Тэхналагічным універсітэце. Нехта стукануў, і дэкан спытаўся, ці праўда, што яна падтрымлівае «бандытаў» кавай. А яна адказала, што гэта самае меншае, што можа зрабіць. Згадвала таксама Аляксандра Надсана — вось бы ён парадаваўся.

    Хоць было зразумела, што Расія нас не адпусціць так проста.

    А яшчэ з’явіўся вялікі гонар за наш народ. Наша салідарнасць дарагога вартае. Ведаеце, увесь час потым параўноўвала нашых з украінцамі ў такія вострыя моманты. І я мяркую, што беларусы больш салідарныя. Памятаеце, як мужчыны заводзілі жанчын за свае спіны? Як выцягвалі адзін аднаго? А бінты і вада ў пад’ездах? Мяне моцна ўразіла гісторыя ў Жодзіне. Там каля ізалятара ўначы стаялі людзі і чакалі тых, каго выпусцяць. Спыталася ў адной сям’і, хто там у іх, а яны кажуць, што проста арандавалі па аб’яве кватэру, каб чалавек, які выйдзе, змог прыняць душ, пераапрануцца і нармальна паспаць у ложку ў чыстай пасцелі. А потым яны адвязуць яго дадому, куды скажа. Незнаёмага чалавека.

    Я нарэшце зразумела, чаму мы выжылі ва ўсіх гэтых падзелах і войнах, калі нас увесь час спрабавалі і спрабуюць знішчыць. Мы ратуем адзін аднаго ў самы небяспечны час. Мы абавязкова выжывем… Але якой цаной на гэты раз?..

    — А як жа быць са стукацтвам? Гэта ж таксама беларусы затрымліваюць, збіваюць, судзяць, здзекуюцца.

    — Аднойчы спыталася ў Міколы Статкевіча: «Чаму менавіта беларускіх вайскоўцаў кідалі ваяваць у гарачыя кропкі?». А ён са смехам сказаў: «Бо яны начальства баяцца больш, чым ворага». Але ў гэтым, можа, ёсць доля праўды. Не варта забывацца, што краіна, па-сутнасці, пад акупацыяй. Разваліцца Расія — і мы тады станем вольнымі, іншыя ўмовы будуць.

    А для стукачоў цяпер папросту настаў спрыяльны перыяд.

    — Любоў Аляксееўна, перад вашымі вачыма праходзіць найноўшая гісторыя Беларусі. Што ў дзеяннях нязменнага кіраўніцтва Беларусі для вас за гэты час было найгоршым?

    — Недаравальнае гэта тое, чаго яны не зрабілі. А менавіта — дагэтуль няма нацыянальнай праграмы аздараўлення насельніцтва, няма праграмы дыспансерызацыі ў сувязі з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС. Гэтая катастрофа дагэтуль забірае жыцці людзей. Паспрабуйце сёння знайсці хоць адну сям’ю ў Беларусі, дзе б не памёр ад анкалогіі нехта са сваякоў, ці нехта не хварэў, не лячыўся? Памятаеце, як адразу свет кінуўся нам на дапамогу? І рознае абсталяванне дасылалі, і дзяцей на аздараўленне бралі, а што зрабілі ўлады? Гэта сапраўдны генацыд.

    «Ненармальна, калі прафесійныя журналісты аказваюцца на вуліцы і думаюць, як ім выжыць»

    — Мы перажываем няпростыя часы, ці верыце, што беларуская журналістыка, нашы медыі, пройдуць выпрабаванні і, найперш, што людзі застануцца ў прафесіі?

    — Што тычыцца прафесіі, то лічу недапушчальным, калі прафесійныя журналісты аказваюцца на вуліцы і думаюць, як ім выжыць. Але пры гэтым у рэдакцыях з’яўляюцца абсалютна выпадковыя людзі. І на выхадзе прадукт такой жа якасці. Чаго тады здзіўляцца, што змяншаецца аўдыторыя. Не ўсім цікава чытаць школьнае сачыненне ўзроўню восьмага класа.

    Сітуацыя журналістыкі ў выгнанні, у замежжы, увогуле спецыфічная, мы з ёй сутыкнуліся ўпершыню. Але гэта ненармальна і недапушчальна, калі прафесійныя журналісты, каб мець магчымасць элементарна плаціць за жытло, вымушаныя заціскаць у сабе прафесіяналізм і выконваць працу капірайтара ў smm, напрыклад. Прафесійныя журналісты вучацца ўсё жыццё, усё жыццё мусяць дбаць пра сваю рэпутацыю. І калі ў цяперашніх умовах яны вымушаныя падладжвацца і маўчаць, каб не страціць мінімальны заробак, гэта ненармальна. Але мне падаецца, што мы перажываем нейкі этап, пасля якога з’явіцца іншае поле. Ці, можа, мне папросту гэтага хочацца?

    — Як уплывае ўзрост на стаўленне да жыцця, ці ўплывае ўвогуле?

    — Уплывае, безумоўна. Калі я цяпер чую ад маладзенькіх дзяўчат і хлопцаў, што больш за ўсё яны мараць вярнуцца на Радзіму, то стаўлюся да гэтага крыху з недаверам.

    Калі б мне ў 19 гадоў сказалі, што я магу паехаць за мяжу і там вучыцца ці працаваць, то я б неслася наперадзе самалёта па ўзлётнай паласе.

    І гэта нармальна, калі малады чалавек хоча паглядзець свет, пабачыць новыя гарады, завесці новых сяброў.

    А з узростам, як мне асабіста падаецца, прыходзіць адчуванне адказнасці. Мяне прыемна ўразіла, як некалі ў Лондане Івонка Сурвіла казала пра Беларусь. Яна гаварыла з замілаваннем пра тое, якая ў нас прырода, якіх навукоўцаў, паэтаў дала наша зямля свету. І я бачыла, што гэта абсалютна шчыра. Канешне, мы любім сваю Радзіму, але гэтая любоў у розным узросце розная. Чым ты старэйшы, тым бліжэй становіцца для цябе народ.

    Раней гэта проста людзі, як і прырода, — гэта прыгожа і ўсё. Не было адчування, што гэта сваё. Трэба дажыць да вызначанай планкі, каб адчуць, што краіна — гэта дом, а народ — гэта сям’я. Я цяпер думаю: «Чаму я раней так не адчувала?» І разважаю, што справа ва ўзросце. Цяпер я разумею старых эмігрантаў, якія хацелі прыехаць, каб памерці на Радзіме. Толькі цяпер..

    Чытайце яшчэ:

    «Яго фатаграфіі былі заўсёды крутымі»: у Вільні адкрылася выстава Уладзіміра Парфянка

    Праект Белсату «Вот так» прызналі інаагентам ў Расіі

    «У мяне і так працы шмат, а тут яшчэ вамі, бэчэбэшнікамі, займацца». Гісторыя Яўгена Сухаверха — у выразах, пачутых ад сілавікоў

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці