• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «На вайне цяжка адпавядаць прафесійным стандартам». Размова з чарнігаўскім журналістам пра працу ва ўмовах вайны

    Працаваць пад абстрэламі без святла і інтэрнэту, гаварыць са сваякамі загінулых і палонных і пры гэтым не забыць паведаміць чытачам, калі і дзе ў Чарнігаве адбудзецца чарговая выстава. Прыкладна так выглядае сёння праца журналістаў Чарнігаўшчыны. Больш падрабязна пра гэта мы пагутарылі з чарнігаўскім журналістам, рэдактарам выдання cheline.com.ua Паўло Саладоўнікам.

    — Вайна ва Украіне доўжыцца амаль год. Як змянілася ваша праца за гэты час? Як працуецца цяпер?

    — Кардынальна ўсё змянілася, пачынаючы ад тэм, ад умоў, ад паняцця бяспекі. Раней праца журналіста была скіраваная на розныя тэмы: культура, адукацыя, спорт. Цяпер жа шмат ваеннага кантэнту. А паколькі мы працуем у памежжы, у Чарнігаўскай вобласці, то тым больш. Журналістам стала працаваць больш складана.

    Такі фінансавы складнік як рэкламная дзейнасць у большасці рэдакцый амаль не працуе. Канешне, трэба адзначыць, што мы дзейнічаем ва ўмовах пастаянных адключэнняў электраэнергіі, з‑за пастаянных абстрэлаў няма сувязі, інтэрнэту. І гэта ўскладняе працу журналіста. Паветраныя трывогі таксама ніхто не адмяняў.

    — Вы сказалі, што тэмы культуры, асветы куды менш распаўсюджаныя ў часы вайны. І ўсё ж нешта культурнае, краязнаўчае, гістарычнае даяце чытачам?

    — Культурныя і гістарычныя тэмы заўсёды былі важныя, а цяпер асабліва. І культура, і гісторыя, і сацыяльныя матэрыялы нікуды не зніклі. Людзям важныя такія артыкулы і проста для таго, каб ведаць, дзе адбываецца нейкая выстава, і для таго, каб не страціць розум на фоне вайны. Таму такая інфармацыя патрэбная чытачу, і мы шмат увагі ёй надаём.

    — Ці змяніўся і як доступ журналістаў да інфармацыі ад пачатку вайны?

    — Змяніўся, вядома. Шмат рэестраў з‑за вайны зачынена. Таму цяпер праблемна знайсці інфармацыю, якая раней была адкрытай. Але ж часцей тыя тэмы, з якімі мы працуем, заўжды на паверхні.

    — Што найбольш складана даецца журналісту на вайне? Ці ёсць такія тэмы, якія маральна цяжка даюцца асабіста вам?

    — Шмат такіх тэм, шмат этычных і псіхалагічных пытанняў. Напрыклад, мне вельмі цяжка было размаўляць з роднымі загінулых або ўзятых у палон. Тут вельмі тонкая мяжа. Гэтых людзей хочацца падтрымаць, падбадзёрыць. Сочыш за тым, каб не задаць ім нейкага балючага пытання.

    А яшчэ на вайне складна адпавядаць класічным журналісцкім стандартам. Калі распавядаеш пра абстрэлы, пра загінулых людзей, асабліва пра дзяцей, вельмі цяжка прытрымлівацца правіл журналістыкі. Хочацца ўсю сваю злосць, усю нянавісць да ворага перадаць у публікацыях.

    — За год вайны больш калег прыйшло ў журналістыку ці сышло з яе?

    — Я думаю, што праз фінансавы складнік больш людзей усё ж сышло, чым прыйшло.

    — Як часта журналісты мусяць працаваць на валанцёрскіх пачатках?

    — Так, здараецца перыядычна. Напрыклад, часта бывае, што я за ўласны кошт або на сваім паліве еду кудысьці па працы. Таксама наша рэдакцыя шмат удзельнічае ў розных дабрачынных акцыях, зборах. І ў Чарнігаве, і па ўсёй Украіне шмат журналістаў валанцёраць.

    — Чарнігаў знаходзіцца ў памежнай зоне — блізка і Расія, і Беларусь. Наколькі актуальнае для Чарнігава пытанне расійскай прапаганды?

    — Для ўсіх гэта актуальна.

    У нас па-ранейшаму шмат людзей, якія глядзяць расійскае тэлебачанне, чакаюць расійскую армію і вераць у добрыя намеры Пуціна.

    — А што скажаце пра рускамоўныя СМІ. Наколькі ў Чарнігаве яны сёння запатрабаваныя і пашыраныя?

    — Не запатрабаваныя і не пашыраныя. Як кажуць: не было б шчасця, дык няшчасце дапамагло. Напрыклад, праз вайну шмат праводзіцца акцый, калі здаюць расійскую кнігу на макулатуру, а грошы адпраўляюць на ЗСУ. Цяпер нават лічыцца дурным тонам, калі недзе прадаецца расійскамоўная кніга. А каб прэса была па-руску, гэта ў сённяшніх умовах, увогуле, недапушчальна. І я лічу гэта правільным, лагічным аздараўленнем нашай нацыі.

    — Па вашых назіраннях, ці змянілася з вайной стаўленне чытача да журналіста. Магчыма, вам сталі больш або менш давяраць?

    — Адназначна змянілася. Журналісты сталі больш аўтарытэтнымі, ім давярае больш людзей. Вайна паказала хто ёсць хто, хто працуе для Украіны, асвятляе цяжкія, актуальныя тэмы, робіць свае матэрыялы без патрэбных ворагу момантаў, хто шмат працуе з вайскоўцамі і валанцёрамі.

    Таму стаўленне чытача да журналіста з вайной палепшылася. Безумоўна, нам сталі больш давяраць.

    — У мірны час паміж выданнямі заўсёды ёсць здаровая канкурэнцыя. Цікава, а ці ёсць яна ў ваенны час?

    — Цяжка сказаць, ці ёсць цяпер канкурэнцыя. Але, на маю думку, адэкватная і здаровая канкурэнцыя павінна быць заўжды і ўсюды. Нельга даваць сабе слабіну, адцягваць увагу ад галоўнага. Тут нават гаворка не пра канкурэнцыю, а пра ўсведамленне важнасці сваёй працы ў ваенны час. Трэба разумець, што наша праца прыносіць людзям карысць, што яна неабходная ў адзінай сістэме шляхоў да нашай вялікай перамогі.

     

    — Як сёння ўкраінскія калегі ставяцца да беларусаў?

    — Скажу пра свой пункт гледжання. Тое, як мы будзем ставіцца да беларусаў, залежыць ад іх. З Беларусі і сёння абстрэльваюць нашы памежныя тэрыторыі, з Беларусі працягваюць вылятаць ракеты, якія забіваюць украінскіх дзяцей, з Беларусі 24 лютага адбывалася поўнамаштабнае ўварванне. Асабіста я пакуль не лічу Беларусь і беларусаў варагамі сваёй краіны.

    Лукашэнка — адназначны дыктатар. Ён не лепшы за Пуціна. І вельмі прашу ўсіх беларусаў: калі вас будуць мабілізаваць, не ідзіце на дакладную смерць.

    Чытайце яшчэ:

    “Адчуваюць сябе нядрэнна, наколькі гэта магчыма ў зняволенні” — З чым ідуць у новы год нашы калегі-палітвязні

    Як размаўляць з дзецьмі, калі бацькоў затрымалі. Парады псіхолага

    Нестандартны гардэроб, бан на танную гарэлку, Акрэсціна. Гісторыя журналіста і рэстаратара Івана Мураўёва

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Акцэнты

    «Нават збеглую, нават іх прыхільніцу». Прапаганда пераконвае беларусаў, што трэба вяртацца дадому, выкарыстоўваючы гісторыю згвалтавання ў Варшаве

    06.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці