• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Няпраўда, быццам беларусы забыліся пра сваіх рэпрэсаваных продкаў». Працяг публікацыі фрагмэнтаў кнігі Алега Грузьдзіловіча

    Перапоўненыя палітвязьнямі камэры, катаваньні, этапы, штрафныя ізалятары. Гэта ня сталінскія 1930-я. Гэта Беларусь 2020-х.

    Пра свой турэмны досьвед востра, дасьціпна, з надзеяй на дэмакратычную будучыню краіны апавядае журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч у кнізе «Мае турэмныя муры», якая выходзіць у сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе». У кнізе выкарыстаныя малюнкі аўтара.

    «Радыё Свабода» працягвае публікаваць фрагмэнты кнігі.

    Бацькаў твар

    Жнівень 2022 году. Калёнія. Раніцай гляджу на сябе ў люстэрка і бачу твар бацькі. Такія ж маршчыны па твары. Абвіслыя шчокі. Палінялыя вочы. Скура на скронях у пігмэнтных плямках, уласьцівых толькі старым. Мне 63, але ў люстэрку бачу яго, 90-гадовага.

    На пачатку сьнежня 2021 году, за дваццаць дзён да майго арышту, мой бацька Анатоль Грузьдзіловіч памёр ад ковіду ў Берасьцейскім гарадзкім шпіталі. За тыдзень да таго я адвёз яго ў шпіталь, дзе ўжо ляжалі з ковідам брат Сяргей і ягоная жонка Марына. Яны, амаль на 30 гадоў маладзейшыя, перахварэлі і выйшлі, а цела таты я забіраў з шпітальнага моргу. Калі ў пахавальнай краме пры шпіталі заказваў таблічку зь імем нябожчыка, напісаць па-беларуску адмовіліся — у друкарцы не знайшлося шрыфту.

    Атрымаўшы вестку са шпіталя, празь некалькі гадзін пазваніў у прыёмную Берасьцейскага гарвыканкаму і паведаміў пра бацькаву сьмерць. Анатоль Грузьдзіловіч працаваў старшынём гарвыканкаму з 1970 па 1979 год, да таго яшчэ пяць гадоў намесьнікам старшыні. Пры ім будаваўся мэмарыял «Берасьцейская крэпасьць-герой», узьніклі новыя прадпрыемствы. Мне з братам, пакуль яшчэ былі малыя, тата душу выеў расказамі пра свае новабудоўлі. Цяпер ня стала каго слухаць.

    Разам зь іншымі «мэрамі»-пэнсіянэрамі, хто жыў у Берасьці, бацьку рэгулярна запрашалі ў гарвыканкам на сустрэчы зь дзейным кіраўніцтвам гораду. Тата ўспамінаў, як аднойчы на такой сустрэчы раскрытыкаваў былых калег за тое, што зусім закінулі справу пашырэньня ў гарадзкім асяродзьдзі беларускай мовы. На пачатку 1990‑х мова пачала адраджацца, а цяпер… На вуліцах абласнога цэнтру ня ўбачыш беларускай назвы. “Трэба нешта рабіць”. Гаварыў, яму не пярэчылі, ківалі галовамі. Але гады ішлі, а нічога не зьмянілася.

    Пасьля выбараў 2020 году бацька сказаў, што на падобныя сустрэчы больш ня пойдзе. Падман на выбарах дабіў ягоную веру ў цяперашніх чыноўнікаў. У жніўні быў ня супраць запісаць відэазварот супраць гвалту, толькі сямейнікі не адважыліся – «Каб не зашкодзіць».

    У другой палове дня пазванілі з гарвыканкаму. Памочнік старшыні пытаўся, дзе адбудзецца пахаваньне, у які час. Калі даведаўся, што разьвітвацца зь нябожчыкам з прычыны эпідэміі вырашылі каля дому, на вуліцы, памочнік прапанаваў падвезьці адмысловую падстаўку пад труну, крэслы для запрошаных і выкарыстаць бусік з апаратурай для трансьляцыі жалобнай музыкі. «Магчыма, на разьвітаньне прыедзе старшыня гарвыканкаму спадар Рагачук», — папярэдзіў супрацоўнік у канцы размовы.

    Наступнай раніцай з гарвыканкаму паведамілі, што «мэр» сапраўды будзе на грамадзянскім разьвітаньні. Потым Аляксандар Рагачук пазваніў сам, выказаў спачуваньне і пацьвердзіў намер прыехаць. Падчас гэтай размовы я адзначыў, што спачатку старшыня гаварыў са мной па-расейску, але ў канцы ўжо спрабаваў перайсьці на беларускую мову.

    Спроба перайсьці на беларускую паўтарылася празь некалькі гадзін, калі старшыня прамаўляў сваё слова на грамадзянскім разьвітаньні. Сярод іншага, спадар Рагачук нагадаў такі факт: літаральна пару гадоў таму ў Берасьці адкрылі вялікі мост з аўтамабільнай разьвязкай, якім злучылі два вялікія раёны гораду. Пра будаўніцтва гэтага аб’екта «мэр» Анатоль Грузьдзіловіч пачаў дамаўляцца яшчэ ў канцы 1970‑х, пацьвердзіў прамоўца.

    У турме, зноў згадваючы бацькава пахаваньне, вяртаўся да таго пуцеправоду. Думалася: нішто сабе разьбежка ў часе! Толькі цяпер пабудавалі тое, што насьпела ўжо 50 гадоў таму. Топчамся на месцы. «Пуцеправод» часу заблякаваны.

    Лукашэнка-экскурсавод

    У ліпені 1994 году, калі Аляксандра Лукашэнку выбралі прэзыдэнтам, мой бацька нечакана паведаміў сямейнікам, што пазнаёміўся з новым кіраўніком краіны яшчэ ў 1970‑х гадах. Калі ў калёніі размова заходзіла пра Лукашэнку і пра эпізод ягонай біяграфіі, які тычыўся службы на дзяржаўнай мяжы, я пераказваў хлопцам тую гісторыю.

    Нагадаю, тата ў тыя гады працаваў старшынём Берасьцейскага гарвыканкаму. Ягоны аповед быў прыблізна такі.

    «Да нас рэгулярна прыяжджалі розныя афіцыйныя дэлегацыі. Звычайны маршрут візыту — крэпасьць і на дадатак нейкі завод. Але аднойчы высокапастаўленыя госьці пажадалі чагосьці новага — наведаць памежны атрад, дзе быў свой музэй. І вось прывожу тую дэлегацыю ў музэй, а там экскурсаводам — малады высокі афіцэр. Я сам насаты, таму і яго запомніў па даўгім носе. А цяпер бачу на фота Лукашэнкі — дакладна ён. І ў біяграфіі ўсё сыходзіцца — якраз у той час служыў там інструктарам палітаддзелу. На мяжы. Ну якая там мяжа ў горадзе? Так, пры штабе, з указкай», — расказаў тата. І, пасьміхнуўшыся, дадаў: «Але як экскурсавод быў нармальны».

    У канцы 1970‑х, студэнтам, я сам пабываў у тым музэі. Памятаю стэнды пра герояў-памежнікаў, якія з дапамогай службовых сабак затрымлівалі «шпіёнаў і парушальнікаў мяжы». Тых парушальнікаў былі тысячы, і большасьць зь іх — землякі, што ўцякалі з «калгаснага раю».

    Такія, як цяпер сам, як тысячы новых уцекачоў-беларусаў. А нехта па-ранейшаму ходзіць з указкай па тым музэі, расказвае пра дасягненьні.

    Мае дзяды ў вязьніцах

    Дзе пахаваны дзед па маці Кірыл Ігнатавіч Маркавец, ніхто ня ведае. У 1938 годзе яго расстралялі як «ворага народу», і вядома толькі, што гэта дакладна адбылося ў Беларусі. Пасьля арышту дзеда трымалі ў Бабруйскай турме, там жа судзілі і прывялі прысуд у выкананьне. Пра месца пахаваньня дзеда ягонай жонцы, Соф’і Васілеўне, ніхто не паведаміў. Мая маці Галіна Кірылаўна першую палову жыцьця пэўна ня ведала, што яе тата быў расстраляны. Думала, можа загінуў падчас вайны.

    Тыя зьвесткі, што ёсьць, сталі вядомыя толькі ў 70‑х гадах XX стагодзьдзя. Тут гісторыя няпростая.

    Мой бацька, Анатоль Уладзімеравіч Грузьдзіловіч, карыстаючыся службовым становішчам, атрымаў зьвесткі пра цесьця праз запыт у КДБ. Мяркую, у берасьцейскую абласную ўправу Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, бо доўгі час працаваў старшынём Берасьцейскага гарадзкога выканкаму Савету народных дэпутатаў. Аброс, як тады казалі, патрэбнымі сувязямі. Сам бацька гаварыў, што простаму чалавеку ў тыя брэжнеўскія часы падобных зьвестак з КДБ ніколі б не далі, а яму ўдалося. Урэшце бацьку запрасілі ў абласную ўправу КДБ і паказалі некаторыя старонкі справы Кірыла Маркаўца. Зь яе вынікала, што ў 1938 годзе дзед «распаўсюдзіў паклёпніцкія зьвесткі пра савецкую ўладу», за што і быў пакараны сьмерцю.

    У чым быў «паклёп»?

    1938 год. Працягвалася грамадзянская вайна ў Гішпаніі. Сталінскі СССР дапамагаў сілам, супраць якіх паднялі мяцеж генэралы на чале з Франсіска Франка.

    У той час у Беларусі жылося вельмі цяжка і нават голадна, а Кірыл Маркавец мог параўнаць гэтае жыцьцё з заакіянскім. Бо на пачатку XX стагодзьдзя працаваў у ЗША і вярнуўся дамоў пасьля рэвалюцыі, спадзеючыся на перамены да лепшага. Але таго лепшага так і не прычакаў.

    Паводле справы дзеда, у Бабруйску ў прадуктовай краме ён уголас абурыўся: «Хлеб пастаўляем у Гішпанію, а самі галадуем». Паводле інструкцыі, прозьвішча таго, хто данёс на дзеда, майму бацьку не паказалі, але сутнасьць такая — нехта данёс. У вёсцы Ражаноў, дзе жылі Маркаўцы, Кірыла называлі народным заступнікам. Да яго, пісьменнага і дасьведчанага, тутэйшыя ішлі, каб скласьці скаргу ці якія судовыя паперы. Я чуў успаміны, што дзед нікому не адмаўляў у дапамозе. А як зь ім самім здарылася бяда, дапамагчы ня змог ніхто.

    …Матрац на «Валадарцы» мне выдалі стары, патрапаны з бакоў, у брудных плямах і з праляжанай сярэдзінай. Ды яшчэ і шконка дасталася не падарунак — мэталічныя палоскі тырчаць, адна парыпвае. Пакуль тую палоску не заварылі, ляжаць на шконцы было вельмі нязручна, праз кожныя дзесяць хвілін даводзілася мяняць пазыцыю. На такім ложку, у камэры старога турэмнага замка з вакном, цёмным ад кратаў, немагчыма было ня ўспомніць дзеда Кірыла, які амаль 90 гадоў таму вось гэтак жа курчыўся на шконцы. А можа, ляжаў на каменнай падлозе.

    Сябе, свой стан і ўмовы вакол увесь час параўноўваеш з тым, што, па зьвестках, было тады. Ты навічком апынаесься на «Валадарцы», адчуваеш сябе пабітым кацянём, якога чыясьці дужая рука з кіпцюрамі трымае за шкірку і можа закінуць у любы самы брудны кут ці лужыну. Ты ўжо прайшоў працэдуру першага разьдзяваньня з зазіраньнем табе ззаду паміж ног.

    Брыдка і крыўдна. Пакуль аглядалі, ты адчуў холад, як і тыя, каго прымушалі разьдзецца перад расстрэлам. Холадна стала ўжо ня толькі целу, а і душы. Побач у калідоры бразгалі замкі, тхнула кіслай ежай і курывам.

    Пасьля агляду як мага хутчэй адзяваесься, бо ўжо чакае ахоўнік з ключамі. «Варушыся. Усё? Пайшоў наперад», — на першае «ты» ўжо не рэагуеш. Дзеду ў час арышту і расстрэлу было каля 40 гадоў, і яму пэўна ўсе тыкалі, бо з простымі сялянамі інакш не абыходзіліся. Мне цяпер 63, і мне таксама тыкае вертухай. Нічога не зьмянілася.

    Сядзеў там, дзе цяпер Статкевіч

    Яшчэ адзін мой продак, прадзед па бацькавай лініі Іпаліт Якаўлевіч Грузьдзіловіч, пасядзеў быў месяц у польскай турме ў Глыбокім. Калі я ў магілёўскай калёніі даведаўся, што Мікалая Статкевіча адправілі адбываць пакараньне ў глыбоцкую турму, гэта стала падставай успомніць прадзеда яшчэ раз. Іпаліту яўна дасталася лягчэйшая адседка ў былым кляштары, дый зусім кароткая ў параўнаньні з апазыцыянэрам Статкевічам, якога лукашэнкаўскі беларускі суд пакараў 14 гадамі турмы. За тое, што нібыта рыхтаваў масавыя беспарадкі з мэтай зьвяржэньня ўлады. У калёніі Мікалая Статкевіча амаль адразу кінулі ў адзіночную камэру, потым у ШЫЗА, дзе палітык захварэў на пнэўманію.

    Пабываўшы ў ШЫЗА магілёўскай калёніі, я часта спрабаваў уявіць умовы, у якіх цяпер у Глыбокім сядзіць Статкевіч. Мне толькі здалёк даводзілася бачыць будынак былога Беразьвецкага кляштара, дзе цяпер турма. Мой дзед Уладзімер пераказваў, што чуў пра гэты будынак ад свайго бацькі Іпаліта. Пра цёмныя скляпеньні, таўшчэзныя сьцены, за якімі нават летам ледзяны холад. Ня дзіва, што з ШЫЗА Статкевіча павезьлі з пнэўманіяй у лякарню. А як вылечаць, бадай, зноў кінуць у змрочную вязьніцу.

    Важна расказаць усё ж, за што палякі пасадзілі за краты майго прадзеда Іпаліта і чаму празь месяц ужо выпусьцілі на волю, а не расстралялі, як за саветамі расстралялі другога дзеда, з боку маці (альбо, як у нас кажуць, па кудзелі).

    Прадзед Іпаліт і паход на Варшаву

    Улетку 1920 году, калі Чырвоная армія празь Беларусь рушыла на Варшаву, прадзеда Іпаліта чырвоныя мабілізавалі на чыгунку. Прыдаўся ім як былы памочнік машыніста, які ў царскія часы працаваў на станцыі Балагое. Прызначылі машыністам паравоза, загадалі вазіць чырвонаармейцаў на фронт. А ўжо ўвосень, калі палякі пагналі армію Тухачэўскага назад на ўсход, прадзед са службы ўцёк, дабраўся ў родную вёску Пашкі Дзісенскага павету і там заціхарыўся.

    Паводле Рыскай дамовы 1921 году гэтая беларуская тэрыторыя адышла да Другой Рэчы Паспалітай. Польская паліцыя пачала правяраць усіх, хто ваяваў супраць Польшчы. Затрымалі і майго прадзеда.

    У сямейных паданьнях засталося, што ў турму прабабця Эўдакія насіла перадачы, што прадзеда дакладна не катавалі, але сядзеў стары ўсё ж у цяжкіх умовах і, калі празь нейкі час выйшаў зь вязьніцы, выглядаў вельмі схуднелым. А вызвалілі палякі прадзеда Іпаліта таму, што не знайшлі ў ягоных дзеяньнях, як цяпер кажуць юрысты, складу злачынства. Зброі ў руках не трымаў, абслугоўваць чырвонае войска быў мабілізаваны прымусова. Карацей, разабраліся і адпусьцілі на ўсе чатыры бакі. Прадзед пражыў яшчэ 20 гадоў і памёр ужо падчас 2‑й сусьветнай вайны ад запаленьня лёгкіх. Прастыў, пераплываючы ў холад раку, калі ўцякаў ад нямецкага патруля.

    У размовах зь вязьнямі шмат разоў параўноўваў свой лёс з фактам вызваленьня прадзеда Іпаліта ад адказнасьці за ўдзел у «паходзе на Варшаву». Яго палякі недзе празь месяц праверкі адпусьцілі. А мяне, беларуса, беларускі ж судзьдзя Шаціла пры падобных абставінах адправіў на паўтара года за краты. Ня мог судзьдзя дапусьціць думкі, што акрэдытаваны журналіст проста працаваў падчас маршаў пратэсту як карэспандэнт. Не, паводле ягонай лёгікі, я абавязкова мусіў «браць актыўны ўдзел, перагароджваць дарогу, выкрыкваць лёзунгі».

    Падчас размоваў з сукамэрнікамі ўяўлялі, што б зрабілі чэкісты зь беларускім чыгуначнікам, які працаваў на польскім цягніку, а пасьля трапіў у іхныя лапы. Бадай што расстрэл такому «ворагу народу» быў бы яшчэ лёгкай карай.

    Народжаны ў Магадане

    У вязьніцах некалькі разоў сустракаўся зь людзьмі, продкі якіх былі ў савецкія часы рэпрэсаваныя і адбывалі пакараньне ў ГУЛАГу. Зазвычай тое былі дзяды альбо браты ці сёстры дзядоў цяперашніх арыштантаў. Час жа даўно мінулы. Але на «Валадарцы» давялося сустрэцца з чалавекам, у якога быў рэпрэсаваны бацька. Дый сам Уладзімер нарадзіўся ў Магадане.

    Бацьку Ўладзімера падчас 2‑й сусьветнай вайны хлопцам вывезьлі зь Беларусі на працу ў фашысцкую Нямеччыну, дзе ён трапіў на абаронны завод. Прыгадваў, што было вельмі цяжка і страшна. Але часам на выходныя немцы адпускалі з заводу ў горад. І яшчэ казаў бацька, што яму плацілі невялікія грошы, на якія ўдалося нядрэнна па тых часах апрануцца — набыць сапраўдны гарнітур.

    Пасьля перамогі бацька Ўладзімера вярнуўся зь Нямеччыны на радзіму і адразу трапіў пад праверку кампэтэнтных органаў. Падчас той праверкі якраз куплены гарнітур яму паставілі ў віну як доказ нібыта супрацоўніцтва з фашыстамі і на 15 гадоў адправілі ў ГУЛАГ. Пасьля вызваленьня ў 50‑х гадах застаўся ў Сібіры, працаваў нейкі час на залатых прыісках пад Магаданам. «Тата ведаў, што на „вялікай зямлі“ яго нідзе на працу ня возьмуць, бадай што зноў арыштуюць, таму нікуды ня сунуўся. Там і мяне нарадзіў», — расказваў Уладзімер.
    Сын рэпрэсаванага селяніна, просты рабочы, Уладзімер носіць памяць пра рэпрэсаванага бацьку ў сэрцы. Кажа, што ўлетку 2020-га ня мог не адгукнуцца на гарачыя падзеі, хоць раней ніколі палітыкай не займаўся. А цяпер вось — за кратамі.

    Падобных сустрэч зь людзьмі, што помняць свой радавод, хапала і ў вязьніцах Магілёва. І цяпер я ведаю, што гэта няпраўда, быццам беларусы забыліся пра сваіх рэпрэсаваных продкаў, даравалі катам і гатовыя далей мірыцца зь няволяй, гвалтам ды свавольствам цяперашняй улады. Зразумела, хапае і такіх, хто нават ня ведае, што такое Курапаты, альбо верыць дзяржаўнай лухце пра тое, што там людзей забівалі фашысты. У калёніі стаяў у шыхце побач з такім вязьнем, нібыта адукаваным прадпрымальнікам. Калі зайшла гаворка пра Курапаты, той лыпаў вачыма: «А хіба там не фашысты нашых забівалі?»

    І ўсё ж перакананы: памяць пра дзядоў, якія загінулі ад сталінскіх рэпрэсіяў ці былі дэпартаваныя зь Беларусі, яшчэ стукае ў нашы сэрцы.

    Алег Грузьдзіловіч. Дэталі біяграфіі

    Нарадзіўся ў 1958 годзе ў Маладэчне, дзяцінства і школьныя гады правёў у Берасьці. У 1981 г. скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў у газэтах «Интеграл» і «Знамя юности». У 1986 годзе добраахвотнікам паехаў у Чарнобыльскую зону, часова працаваў у брагінскай раёнцы «Маяк Палесся».

    У 1988 г. арганізаваў у рэдакцыі «Знамя юности» суполку БНФ, удзельнічаў у выпуску першых нелегальных нумароў газэты «Навіны Беларускага Народнага Фронту», як дэлегат браў удзел ва ўстаноўчым зьезьдзе БНФ «Адраджэньне».

    Працаваў парлямэнцкім карэспандэнтам «Народнай газеты», адкуль у 1995 г. звольніўся на знак пратэсту пасьля пабіцьця дэпутатаў Апазыцыі БНФ.

    Быў палітычным аглядальнікам газэт «Свабода», «Навіны», «Наша свабода». З 1995 г. пачаў супрацоўнічаць, а з 2000 г. стала працаваць карэспандэнтам Радыё Свабода.

    Аўтар кнігі «Хто ўзарваў менскае мэтро?» (PDF), якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды» ў 2013 г. Ляўрэат прэміі «Праваабарончага альянсу» Беларусі за 2009 г. у намінацыі «Журналіст году», прэміі «Надзея свабоды» Саюзу журналістаў Літвы і Сейму Літвы за 2022 г.

    У 2021 г. быў арыштаваны, асуджаны на 1,5 года зьняволеньня і прызнаны палітвязьнем. Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі № 15 пад Магілёвам. Выйшаў на волю ў верасьні 2022-га.

    Цяпер жыве ў Вільні.

    У 2023 г. разам з палітвязьнямі Ігарам Лосікам і Андрэем Кузьнечыкам абвешчаны ляўрэатам прэміі імя Дэйвіда Бэрка «За выдатную журналістыку» Агенцтва глябальных мэдыя ЗША.

    Чытайце яшчэ: 

    Ігар Ільяш: Вызваленне палітвязняў адбудзецца з падзеннем рэжыму Лукашэнкі

    Журналіст-расследавальнік: Ваенным злачынцам цяжка схавацца ў сучасным свеце

    Беларускія ідэолагі прызналі, што «губляюць моладзь» праз тэлеграм-каналы і «дэструктыўныя» СМІ

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці