• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    SEO на беларускай мове. Як прафесійным медыям выціснуць прапагандыстаў з топа Google і Яндэкс і зарабіць?

    Медыі, якія робяць SEO на беларускай мове сёння, лёгка могуць аказацца ў дамках заўтра. У Беларусі па гэтым шляху пайшлі буйныя прапагандысты і некаторыя прафесійныя медыярэсурсы. А для ўкраінамоўных сайтаў гэта ўжо стала рэчаіснасцю. 

    Стварэнне кантэнту на беларускай мове сёння прыносіць рэпутацыйную карысць, а заўтра можа прынесці яшчэ і фінансавую. Пры ўмове перамогі над канкурэнтамі з ліку прапагандыстаў ў пошуку Google і Яндэкс. Каму і як дапаможа SEO на беларускай мове, чытайце ў аглядзе Таццяны Бублікавай

    Беларуская мова і пошук у Google і Яндэкс. Актуальная сітуацыя

    Большасць беларускіх сайтаў выкарыстоўвае рускую мову для стварэння кантэнту. Гэта тлумачыцца тым, што аўдыторыя сайтаў збольшага карыстаецца рускай мовай, у тым ліку для пошуку праз Google і Яндэкс (найбольш папулярныя пошукавыя сістэмы ў Беларусі). 

    Кароткая даведка
    SEO — ад англ. search engine opti­miza­tion “аптымізацыя пад пошукавыя сістэмы” — гэта набор метадаў і працэс аптымізацыі кантэнту сайта для атрымання бясплатнага арганічнага трафіку з пошукавай выдачы ў пошукавых сістэмах. SEO накіраваная на паляпшэнне пазіцыі вашага сайта на старонках вынікаў пошуку: чым вышэй сайт у спісе, тым больш людзей яго ўбачаць. Найбольш выгадная пазіцыя — топ‑3 першай старонкі.

    Аднак моўныя густы беларусаў пакрысе змяняюцца нават ва ўмовах палітыкі русіфікацыі. Зірніце на рост колькасці некаторых пошукавых запытаў у Яндэксе на беларускай мове. 

    Беларускамоўныя запыты з часам не падаюць, а месцамі і растуць. Гэтая тэндэнцыя дазваляе рабіць пазітыўныя прагнозы для беларускамоўных медыяў.

    Другая прычына для пазітыўнага бачання будучыні — украінскі досвед, які пры пэўных умовах беларусы змогуць пераняць з лёгкасцю, бо ён ужо цяпер прыносіць пазітыўныя вынікі. Увесну 2019 года ва Украіне стаў дзейнічаць закон пра Забеспячэнне функцыянавання ўкраінскай мовы як дзяржаўнай, а праз два гады з’явіўся закон пра ўкраінскую мову 5670‑д, паводле якога ўсе ўкраінскія сайты па змоўчанні мусяць адкрывацца на ўкраінскай мове, пры гэтым іншыя моўныя старонкі — апцыянальныя. Адсутнасць украінамоўнай версіі караецца штрафам. Гэты закон дужа паўплываў на медыябізнес. З’явілася патрэба ў перакладзе кантэнту сайтаў на ўкраінскую, сярод паслуг стала запатрабаваная SEO на ўкраінскай мове. А тыя сайты, якія ўжо мелі такую версію, адразу аказаліся ў дамках, бо атрымліваюць трафік ад украінамоўных карыстальнікаў і кліентаў.

    Трэцяя прычына для ўключэння SEO на беларускай мове ў планаванне медыястратэгіі — гэта дзеянні прамых канкурэнтаў прафесійных медыяў, то бок прапагандыстаў.

     

    У барацьбе за чытацкую ўвагу рэсурсы прапаганды дзякуючы працы па SEO занялі высокія месцы ў топе пошукавай выдачы на беларускай мове. І яны бачаць у гэтым сэнс.

    Тры нагоды для прыцягнення трафіку на сайт з пашукавікоў праз SEO

    1) Калі вашая задача палягае выключна ў як мага шырэйшым распаўсюдзе інфармацыі, то яе дасягненне можна рэалізаваць і без SEO сайта, сабраўшы ахопы аўдыторыі праз сацыяльныя сеткі. Іншая справа, калі вы разглядаеце перспектыву прыцягнуць рэкламныя бюджэты ад крутых брэндаў у вашае медыя. 

    Для прывабнай прапановы рэкламадаўцам, акрамя годнай рэпутацыі брэнда, вам трэба мець:

    а) добрую аналітыку, г. зн. паказчыкі па наведвальнасці, глыбіні праглядаў і г. д.

    b) плюс умець забяспечыць прадказальны эфект ад размяшчэння рэкламы. 

    І тут сайт — гэта тая платформа, якая цалкам адпавядае гэтым патрэбам. Прывабную для рэкламадаўцы аналітыку збіраюць сайты, яны ж даюць магчымасць атрымаць прагназаваны і падкантрольны эфект ад размяшчэння рэкламы (як віду кантэнту).

    На паводзіны карыстальнікаў сацсетак мы можам уплываць найменш з прычыны вялікай колькасці непадкантрольных чыннікаў і зменлівых алгарытмаў саміх сацсетак. Пры наяўнасці альтэрнатыўных платформ частка рэкламадаўцаў аддае перавагу сайтам, бо гэта ёсць прыкметай большай нішавасці брэндаў, больш высокай якасці іх рэпутацыі — і таго брэнда, які рэкламуецца, і таго брэнда, які размяшчае рэкламу.

    Адным словам, калі вы хочаце мець Mer­cedes-Benz у якасці рэкламадаўцы, то вам трэба сайт з заможнай аўдыторыяй, якая праводзіць дастаткова часу на вашых старонках, а значыць SEO можа дапамагчы вашаму сайту стаць бачным і абысці канкурэнтаў. Пры гэтым вашая аўдыторыя ў Insta­gram і Tik­Tok тут стане, хутчэй за ўсё, добрым бонусам, а не вырашальным чыннікам.

    SEO ў чыстым выглядзе — гэта інструмент для прасоўвання сайтаў і візітовак аплікацый (мабільных прыладаванняў) вашага рэсурсу. 

    Цяпер медыя выкарыстоўваюць мульціплатформенную схему распаўсюду кантэнту. Калі кажам пра мульціплатформеннасць, то маем на ўвазе любы набор з такіх платформаў для постынгу і распаўсюду кантэнту як: 

    • сайт, 

    • аплікацыя ў смартфоне карыстальніка (напрыклад, прыладаванне «Маланка медыя», карыстальнік аплікацыі можа спажываць кантэнт без усялякіх VPN), 

    • Face­book, 

    • Insta­gram,

    • VK,

    • OK,

    • Дзэн,

    • YouTube,

    • Tik­Tok,

    • можа дадавацца «Яндекс.Новости» і Twit­ter, адкуль карыстальнік пераходзіць ізноў жа на ваш сайт,
      плюс іншыя не надта распаўсюджаныя платформы.

    2) Другая нагода для прыцягнення трафіку на сайт з пашукавікоў праз SEO, гэта калі вы ў інтэрнэце прадаеце паслугі альбо тавары, якіх больш за некалькі адзінак. Напрыклад, у перспектыве вашае медыя плануе зарабляць на продажы экспертных паслуг. І вы маеце прапановы з экспертызай па вайне, рэпрэсіях, фінансах, энергетыцы, эканоміцы і г. д. Тут ёсць выбар, дзе і як размяшчаць каталог вашых паслуг: 

    • могуць быць мікралэндзінгі ў сацсетках (што само па сабе не блага); 

    • на сайце можа быць старонка з каталогам, дзе кожная паслуга вядзе на новую старонку сайта, аптымізаваную па ключавых словах (КС) для абыходжання канкурэнтаў,

    • могуць быць абодва варынты адразу.

    Найбольшую бачнасць вашых паслуг з найменшымі ўкладаннямі рэсурсаў забяспечыць размяшчэнне каталогу+асобных старонак на сайце з SEO. Проста ўзгадайце Onlin­er-каталог.

    3) Трэцяя нагода для выкарыстання пошукавай аптымізацыі сайта, калі вам важна абысці канкурэнтаў па нейкіх прычынах, не звязаных з фінансавай выгадай. Напрыклад, вы не хочаце пагаджацца з сітуацыяй, што прапагандысцкі рэсурс рэжыму Беларусі Б*лТА займае месца ў топ‑3 пошукавай выдачы Google па запыце «навіны».

    Якую выдачу паказвае Google па беларускамоўных запытах «навіны», «навіны+Беларусі», «падзеі», «падзеі+Беларусі»?

    На працягу апошніх пяці гадоў колькасныя паказчыкі па запыце «навіны» ў Google захоўваюць стабільную карціну. У абсалютных лічбах гэта адпавядае цікавасці аўдыторыі з Яндэкса. Зірніце на графік з Google Trends. Тое, што тэрытарыяльна на беларускай мове шукаюць у мінскім рэгіёне і Мінску, можа ахарактарызаваць аўдыторыю пэўным чынам.

    Па стане 25 кастрычніка 2022 года па пошукавых запытах беларускамоўнага карыстальніка, якога цікавяць навіны Беларусі, у топе выдачы знаходзяцца як прапагандысцкія рэсурсы, так і рэсурсы з незалежнай інфармацыяй. 

    З аднаго боку дамінуюць Б*лТА, Sput**k, сайт «Советской Белорусии». З іншага боку, у топе праўдзівыя рэсурсы: “Радыё Свабода”, The Vil­lage, Naviny.by, UDF.by, Reform.by.

    На другой старонцы, куды дабіраецца рэдкі карыстальнік, дамінуюць расейскія і прапагандысцкія сайты.

    На трэцяй старонцы — «Белсат», Euro­ra­dio, Zerka­lo. На жаль, іншых, годных ўвагі чытача рэсурсаў у пошукавай выдачы няма наогул. Маем на ўвазе рэсурсы кшталту NN. 

    Для агульнага ўяўлення глянем на выдачу па рускамоўным запыце «новости Беларуси». Тут у топе дамінуць прапагандысцкія рэсурсы і расійскія медыі. На першай старонцы ёсць Reform.by, People.Onliner і сайт «Экономической газеты».  Унізе першай старонкі выдачы — рэкламныя блокі ад Euro­ra­dio і «Белсат» з тайтлам «Последние новости».

    Варта назваць прычыны такога становішча:

    1) «Белсат», Euroradio.by, Reform.by, The Vil­lage трапілі ў топ пошукавай выдачы дзякуючы працы ў гэтым напрамку. Адны карыстаюцца SEO ў комплексе з іншымі інструментамі, іншыя аплочваюць рэкламу.

    2) Naviny.by — медыйны прадукт ужо зачыненай інфармацыйнай агенцыі БелаПАН — у топе па беларускамоўным запыце праз удалую назву медыя і даменнага імя. Тут аптымізацыя пад пошукавыя запыты адбылася натуральным чынам у тым ліку таму, што Naviny.by першая ў Беларусі анлайн-газета, якая назапасіла безліч старонак з прапісаным у тайтле ключавым словам «навіны».

    3) Б*лТА, Спутнік і іншыя прапагандысцкія рэсурсы ў топе дзякуючы SEO. Мы заўважылі, што Спутнік пачаў прымяняць SEO адразу як прыйшоў на медыяполе Беларусі. БелТА стала з’яўляцца ў пошукавай выдачы па беларускамоўных запытах пасля сустрэчы Лукашэнкі з лідаркай расійскіх прапагандыстаў Маргарытай Сіманян увосень 2020 года.

    4) Калі казаць пра прычыны адсутнасці важных апанентаў прапаганды ў пошукавай выдачы, то, акрамя імавернай недапрацоўкі па SEO або ігнаравання яе цалкам, варта адзначыць адзін нюанс. Рэжым выкарыстоўвае алгарытмы пошукавых сістэм Google і Яндэкс у мэтах барацьбы з канкурэнтамі. Праз доступ да інструментаў блакавання на тэрыторыі Беларусі «непажаданых» рэсурсаў прапаганда дамаглася таго, што з пошукавай выдачы зніклі альбо знікаюць рэсурсы з праўдзівай інфармацыяй. Як гэта сталася?

    Штучны інтэлект пошукавых сістэм адзначае, колькі часу чалавек праводзіць на старонцы, якую выбраў з прапанаванага топу па сваім запыце. І калі гэты час доўжыцца 1–3 секунды, а пасля карыстальнік зачыняе сайт, то штучны інтэлект зніжае рэйтынг сайта і адсоўвае яго далей з топу пошукавай выдачы або выкідае цалкам.

    Што рабіць, калі трэба прасунуць ваш сайт у топ пошукавай выдачы?

    1) Варта падрыхтавацца маральна, што гэты працэс будзе рэсурсаёмістым: патрэбныя час і бюджэт. На рынку паслуг аптымізацыя сайта «пад ключ» для, напрыклад, інтэрнэт-крамы сёння каштуе каля $500. Могуць быць акцыі, могуць быць паслугі рознай якасці з розным наборам опцый. Больш інфармацыі па коштах можна знайсці тут. А тут рэйтынгі беларускіх SEO-агенцый.

    У ідэале выканаўца мусіць зрабіць асноўнае: вызначыць вашу нішу, вызначыць канкурэнтаў, пабудаваць семантычнае ядро па высокачастотных і нізкачастотных запытах (пошукавыя запыты=ключавыя словы, рэлевантныя для вашай нішы), падагнаць кантэнт пад пэўную шчыльнасць ключавых слоў, аптымізаваць лінкі, зрабіць пералінкоўку з іншымі рэпутацыйна выгаднымі для вас рэсурсамі, зрабіць разумную пералінкоўку з унутранымі старонкамі вашага сайта, давесці арыгінальнасць кантэнту (каб не быў копіпаст) да аптымальнага + іншае па вашым жаданні.

    Некаторыя рухавікі сайтаў, напрыклад Word­Press, маюць опцыю дадавання плагіна па SEO, што значна спрашчае аптымізацыю кантэнту на этапе посцінгу. 

    Калі вы посціце кантэнт рэгулярна, то варта мець спецыяліста па SEO тэкстаў у штодзенным доступе. Ці зрабіць навучанне для супрацоўнікаў, якія пішуць. 

    2) Калі вы разглядаеце варыянт SEO на беларускай мове на перспектыву для: 

    • падвышэння бачнасці сайта ў пошукавай выдачы для павелічэння беларускамоўнай аўдыторыі,

    • пазіцыянавання свайго медыя і прасоўвання каштоўнасці беларускай мовы,

    • адладкі ад рускамоўных рэсурсаў і прапаганды, якую яны нясуць у навінавай нішы, то варта мець на ўвазе некалькі нюансаў, якія ляжаць у чыста моўнай прасторы.

    а) Беларуская, украінская і руская мовы вельмі блізкія. Гэта значыць, што ў нашых мовах шмат агульнай лексікі з аднолькавым (вельмі часта) напісаннем. Выкарыстоўваючы ў якасці КС такія словы, вы ствараеце непатрэбную праблему — канкураванне па гэтых КС з рускамоўнымі і ўкраінамоўнымі рэсурсамі. 

    Напрыклад, такая сітуацыя можа скласціся, калі вы хочаце прасоўвацца па слове «Гомель» або «спорт», «віза». Варта шукаць альтэрнатывы: выкарыстоўваць нізкачастотныя запыты замест высокачастотных «вайна+Гомель», «спорт+Беларусі», «Шэнгенская+віза».

    б) Лайфхакі ў SEO для беларускай мовы, падораныя нам самой моўнай гісторыяй. Маем на ўвазе чыста беларускую лексіку, якая не паўтараецца ў суседзяў, што дае канкурэнтную перавагу пры выкарыстанні яе ў якасці КС.

    Зірніце на словы «надвор’е», «дранікі», «цыбуля», «цукар», «памежны пераход» і г. д. Пры прасоўванні з дапамогай унікальнай лексікі вы адбудоўваецеся ад канкурэнтаў натуральным чынам.

    Для медыяў гэта можна рэалізаваць у выглядзе раздзелу сайта, дзе публікуюцца рэцэпты беларускай кухні, ці ў выглядзе рэгулярнай рубрыкі «надвор’е». Дарэчы пра надвор’е, гэтая ніша пакуль што незанятая: у пошукавай выдачы відосы АТН колькігадовай даўніны.

    SEO на беларускай мове. Украінскі досвед і перспектывы для Беларусі

    Тут ёсць два полюсныя прагнозы з прамежкавымі варыянтамі. Шмат што залежыць ад моўных паводзінаў аўдыторыі, на якія ўплываюць рэпрэсіі і ход вайны.

    1. Можа стацца, што на тэрыторыі Беларусі пачнецца больш жорсткая русіфікацыя і адпаведна змяншэнне ўжывання беларускай мовы хаця б у навучальнай нішы, то аўтаматычна знізіцца колькасць запытаў.

    а) У якасці рэакцыі людзей на палітыку русіфікацыі можа быць супраціў і натуральнае павелічэнне выкарыстання беларускай мовы ў інтэрнэце. Гэтакі працэс, але выкліканы іншымі чыннікамі, мы назіраем сёння: людзі сталі больш пісаць на беларускай мове ў публічных анлайн-прасторах, каб пазбегнуць асацыяцыі з расійскай агрэсіяй ва Украіне.

    б) Як рэакцыя на русіфікацыю і пакаранні за беларускую мову можа быць, таксама натуральная, адмова ад публічнага карыстання мовай. У гэтакім выпадку аптымізаваны пад родную мову кантэнт становіцца каштоўнасцю для беларусаў у эміграцыі. Гэта не такі ўжо і малы сегмент аўдыторыі, праца з якім, аднак, вымагае карэктыроўкі медыйнай стратэгіі. Аўдыторыя ў эміграцыі мае крыху іншы нахіл цікавасцяў і болю, таму мы разглядалі б на перспектыву прасоўванне праз “настальгічны” кантэнт, агулам кажучы. 

    2. На другой далоні прагнозаў — смерці рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна, пра непазбежнасць каторых кажуць эксперты, і перспектывы для беларускамоўных медыяў з добра наладжанай SEO, якія выцякаюць з гэтага раскладу.

    Русіфікацыя на тэрыторыі Беларусі адбываецца шмат стагоддзяў штучным чынам, намаганнямі палітыкаў Расійскай імперыі, СССР, і цяпер РФ. Калі гэты ціск на беларускую мову з падзеннем уплыву рускіх “важдзей” знікае, то яна, атрымаўшы свабоду, можа пайсці шляхам, які сёння праходзіць ўкраінская мова. 

    Чытайце яшчэ:

    Час перазапускаў: новыя назвы, але вядомыя каманды. Як змянілася медыяполе Беларусі пасля 2020-га

    Журналістку Кацярыну Андрэеву дадалі ў спіс «экстрэмістаў» МУС

    Прэс-сакратара A1 асудзілі за «фінансаванне экстрэмісцкага фармавання», якога не існавала

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    Карцер, ПКТ, ШИЗО — что это такое? Как наказывают политзаключенных, которые уже находятся за решеткой

    28.06.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці