Хто ж не памятае фотазамалёўкі Анатоля Кляшчука на першай паласе «Звязды»! Куточак прыроды праз лірычныя здымкі нібыта трапляў у самае сэрца чытача (ці, хутчэй, гледача). Фатограф, фотарэпартажнік, фотамастак… Учора стала вядома, што яго сэрца перастала біцца, але засталася яго спадчына ў шматлікіх плёнках, кадрах, кнігах.
Фатаграфіяй Анатоль Кляшчук пачаў займацца ў юнацтве з лёгкай рукі бацькі. Вось як ён сам успамінаў у адным з інтэрв’ю:
— Бацька фотаапарат бярог і не заўсёды нам дазваляў да яго дакранацца. Я запісаўся ў школьны гурток. Фатаграфаваў школьныя паходы, розных катоў, сабак… Аматары тады адну-дзве плёнкі ў год здымалі. Даставалі фотаапарат, калі суседзі збяруцца або сваякі прыедуць. Калектыўны здымак — абавязковы атрыбут такіх сустрэч. Неяк на 8 Сакавіка мы пайшлі ўсёй сям'ёй з горкі катацца. Дабірацца праз поле трэба было. Зірнулі і ахнулі: на полі два ласі стаялі. Бацька адразу ж пабег да іх. Яго фатаграфіі потым у мясцовай слуцкай газеце надрукавалі. Гэта было падзеяй.
Пасля арміі гэта стала ўжо больш сур’ёзнай, прафесійнай справай. Падчас вучобы на журфаке здымаў нястрымна, усе выходныя напралёт. Тады пашчасціла набыць дэфіцытны «Зенит-Е» за сто рублёў. Вялікія грошы! Але джынсы ці фотаапарат — пытанне так не стаяла.
А далей натуру было ўжо не стрымаць. Шырокаму чытачу маглі запомніцца фотаздымкі паводкі на Палессі. Анатоль Кляшчук у першы ж год пасля катастрофы ў Чарнобылі здымаў наступствы трагедыі.
— Я пачынаў размаўляць з людзьмі, міжволі пранікаўся іх крыўдамі, праблемамі, — расказваў фатограф. — Наўрад ці яны думалі, што я чымсьці дапамагу. Проста прыглядаліся. Яны былі хворыя, многія прыехалі ў Мінск з глухіх вёсак, і не заўсёды нават сваякі маглі іх наведаць. Не ведаю, напэўна, мне давяралі... Часам трэба было адчуць, калі трэба было сысці.
Пасля Анатоль Кляшчук пайшоў у глыбінку. Вясковыя краявіды, простыя людзі, прырода. Усё, што трапляла ў яго аб’ектыў, станавілася самастойным творам. Глыбіня бачання не патрабавала тлумачэнняў, але ж фатограф таксама запомніўся публіцыстыкай.
У яго выйшла некалькі кніг, ён стаў аўтарам больш за трыццаці персанальных выстаў і альбомаў — «Пад небам Беларусі», «Чарнобыль», «Чарнобыль 1986—2006. Жыць з трагедыяй», «Беларусь. Зямля песняроў», «Карагод беларускіх абрадаў», ряда серий фотографий «Кавалеры ордэнаў Салдацкай славы», «Праведнікі Народаў Свету», «Гарманісты» і інш.
— Кляшчук па-новаму нам адкрыў свет нашых мястэчкаў, па-новаму паказаў мой родны Давыд-Гарадок, які ён палюбіў і напрацягу многіх дзесяцігоддзяў здымаў яго адметныя дамы з сонцамі на шчытах хат, лодкі-дубы, майстроў цікетачнага жывапісу, свята Конікі. Пазней многія з гэтых фотаздымкаў узбагацілі альбом, прысвечаны Давыд-Гарадку, які ён стварыў разам са сваім сябрам, паэтам Леанідам Дранько-Майсюком, — піша ў Facebook пісьменнік Васіль Дранько-Майсюк.
Кажуць, апошнім часам ён хварэў. Але ж да самага апошняга часу на старонках «Звязды выходзілі» фотаздымкі Анатоля Кляшчука. Беларускамоўнай газеты, якой ён заставаўся адданым на працягу дзесяцігоддзяў. Фатографу было 65 гадоў.
Развітанне з Анатолем Кляшчуком адбудзецца ў Мінску 6 верасня з 10 па 12 гадзіну па адрасе вуліца Сямашкі 8, корпус 8, у вялікай зале.
Чытайце яшчэ:
«Зіна, стой, сёння наш дзень!» Успаміны легендарнай дыктаркі беларускага тэлебачання
«Атрымаліся не толькі нататкі пра турэмнае жыццё». Алег Груздзіловіч — пра сваю кнігу
Пускалі ў хату, частавалі, дзяліліся тэкстамі замоў. Фатограф Сяргей Лескець выдаў кнігу пра шаптух, якіх здымаў 9 гадоў