• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Вялікую ролю грае матывацыя кандыдата». Рэдактары недзяржаўных медыя далі парады суіскальнікам працы

    Пра рынак працы ў рэлакацыі пагаварылі з дырэктаркай «Нашай Нівы» Настай Роўда, рэдактарам «Белсата» Ігарам Кулеем, галоўрэдам выдання MOST Русланам Кулевічам. Яны распавялі, як і хто можа разлічваць на супрацу з іх рэдакцыямі. Парады спікераў БАЖ, без сумневу, будуць карыснымі і пры пошуку працы ў іншых недзяржаўных медыя.

    Каго сёння шукаюць рэлакаваныя медыя і ў якіх краінах

    Ігар Кулей, «Белсат»:

    — Галоўны офіс «Белсата» знаходзіцца ў Варшаве, ёсць свая рэдакцыя ў Кіеве. Супрацоўнікі ёсць у розных краінах. Наша рускамоўная рэдакцыя актыўна разрасталася апошнім часам, набірала людзей. Было вельмі шмат вакансій. Пры тым бралі людзей, якія былі без досведу працы ў СМІ. Шчыра скажу, пры адборы кандыдатаў больш важная была матывацыя чалавека, чым яго набор скілаў.

    У беларускамоўную рэдакцыю за апошнія два гады мы ўзялі пяць чалавек. І зараз ёсць адкрытыя вакансіі.

    Мы шукаем людзей, якія:

    - працуюць у кадры;

    - валодаюць англійскай мовай на базавым узроўні;

    - разбіраюцца ў інфармацыйным парадку дня — беларускім, расійскім, украінскім;

    - маюць кантакты і спецыфічныя веды ў нейкіх вузкіх сферах, напрыклад, пісалі для пэўных профільных выданняў.

    Астатняму мы вучым, калі чалавек здольны вучыцца і жадае працаваць.

    Руслан Кулевіч, MOST:

    — Наша рэдакцыя маладая і невялікая, усяго крыху больш за дзесяць супрацоўнікаў.

    Базуемся ў Беластоку, але я хацеў бы мець сваіх карэспандэнтаў у Вільні, Варшаве, Бяла-Падлясцы і іншых гарадах.

    Мы даем шанец людзям розных прафесій. Бралі тых, хто меў досвед працы ў СМІ, і тых, хто ніколі не працаваў у медыя. Дапамагла Школа маладога журналіста, якую мы ладзілі ў Беластоку. З яе выпуску супрацоўнічаем з чатырма асобамі. У планах зрабіць яшчэ дзве Школы — журналістаў і блогераў.

    Зараз шукаем чалавека, які ўмее працаваць у YouTube.

    Наста Роўда, «Наша Ніва»:

    — Офіс рэдакцыі знаходзіцца ў Вільні, але месца знаходжання спаборнікаў працы ў «Нашай Ніве» не мае прынцыповага значэння.

    Зараз мы шукаем аўтара сцэнароў, якія могуць стаць відэагісторыямі. Гэта вельмі падобна на рэпарцёрскую і рэдактарскую працу, толькі інфармацыя збіраецца не пад тэкст на сайт, а пад відэасюжэт. Такой працай можа заняцца як рэпарцёр, так і рэдактар.

    Заўжды актуальныя пасады для працы па праектах ў Tik­Tok. Гэта вядоўцы, якія самі прыдумваюць сюжэт, самі здымаюць, мантуюць.

    Актуальныя вакансіі журналістаў, якія маюць добрыя кантакты, могуць працаваць над аналітычнымі тэмамі, гатовыя развівацца ў публіцыстычных жанрах.

    Суперзапатрабавальныя — вэб-рэдактары. Гэта людзі, гатовыя працаваць з навінавымі стужкамі, шмат чытаюць, праглядаюць стужкі не толькі беларускіх, але і замежных медыя. Веданне беларускай мовы ў «Нашай Ніве» абавязковае.

    Можна і не валодаць беларускай мовай, тады трэба прыйсці да нас з нейкай ідэяй, праектам для сацсетак ці YouTube. А мы ўжо падумаем, як зможам гэта падтрымаць і развіваць.

    Як праходзіць сумоўе і адбор

    Ігар Кулей, «Белсат»:

    — Абсалютнае правіла, калі вы ідзеце працаўладкоўвацца, вы павінны ведаць, чым жыве рэдакцыя.

    Я вельмі цаню, калі прыходзяць кандыдаты і кажуць: «Я ваш аматар», «Гляджу вас ужо некалькі гадоў».

    Таксама трэба разумець, што кожная рэдакцыя — гэта кляштар са сваімі правіламі, якім трэба падпарадкоўвацца, а не намагацца змяніць іх пад сябе. Былі выпадкі, калі прыходзілі мегапрафесіяналы, але з імі давялося развітацца праз пяць дзён.

    Калі ёсць нейкая рэкамендацыя будзе вялікім плюсам.

    Зацікаўленага кандыдата мы запрашаем на тры дні ў нашу рэдакцыю. Цягам гэтых дзён мы даем яму нейкія простыя заданні, скажам, напісаць інфармацыйныя паведамленні. І бачым, калі чалавек спраўляецца, у яго ёсць стыль, адчуванне мовы, прафесійны падыход да справы, то мы запрашаем на стажыроўку на два тыдні, падчас якіх нагрузка павялічваецца. Калі кандыдат паспяхова праходзіць стажыроўку, падпісваем першую дамову на тры месяцы. Калі цягам іх чалавек спраўляецца, бачны пэўны прафесійны рост, падпісваем з ім гадавую дамову.   

    Мы бяром людзей, якія працавалі на дзяржаўным тэлебачанні, але правяраем мінулае такіх кандыдатаў. Калі былі палітычныя сюжэты, то адразу не.

    «Белсат» заўсёды адкрыты для новых праектаў. Таму, калі ў чалавека ёсць нейкая ідэя, то ён можа разлічваць, што можа прапанаваць яе «Белсату» і нават зрабіць уласную праграму.

    Наста Роўда, «Наша Ніва»:

    — Калі вы хочаце прыйсці ў нейкае медыя, то спачатку трэба пачаць чытаць гэтае медыя, трэба разумець наш фармат, стылістыку, напрамкі. Калі вы не чытаеце, напрыклад, «Нашу Ніву», то грукацца на працу да нас такая сабе справа.

    Калі вы падаецеся на вакансію, вельмі важна патлумачыць, чаму вы хочаце прыйсці менавіта туды. Для мяне вельмі важна разумець матывацыю кандыдата. 

    Вельмі добра будзе, калі вы прыйдзеце са сваімі ідэямі. Напрыклад, кепска прыйсці ў рэдакцыю на вакансію журналіста і не змагчы акрэсліць, з якімі тэмамі хочаце працаваць, які маеце досвед, якія сферы блізкія. Ідэальна прапанаваць тэмы, на якія вы хочаце напісаць пробныя тэксты. Тым больш, што гэта абавязковы этап іспытаў.

    Вялікі бонус — беларуская мова!

    Менавіта мне важна, што чалавек чытае, что яму падабаецца, што захапляе. Адчуваць, наколькі мы на адной хвалі, у адзіным навінавым патоку.

    Можна прыйсці ў рэдакцыю не на тую пазіцыю, пра якую вы марыце, а, напрыклад, карэктарам, перакладчыкам і патрошку расці ўнутры рэдакцыі. Калі ёсць рэпарцёрскія ці журналісцкія задаткі, то такі варыянт таксама мае шанец.

    Нават калі няма адкрытых вакансій, але вы мэтанакіраваны, таленавіты чалавек, то рэдакцыя заўсёды можа падумаць пра тое, куды і як інтэграваць вас у каманду.

    Пра заробкі і формы супрацы

    Ігар Кулей, «Белсат»:

    Мы працуем у Польшы, таму падпарадкоўваемся польскаму заканадаўству аб працы — уладкоўваем звычайна па кантрактнай дамове. У яе ёсць плюсы і ёсць мінусы.

    Мінусы — няма пенсійных адлічэнняў, медстрахоўкі і  г. д. Але на «Белсаце» свая сістэма, мы купляем для супрацоўнікаў страхоўкі, якія распаўсюджваюцца і на чальцоў іх сям’і.

    Сярод плюсаў — вельмі нізкі падатак, усяго 6%. Таксама на «Белсаце» аплочваецца адпачынак.

    Што тычыцца заробкаў, то ніжняя мяжа — каля 1000 еўра. Калі вы прыйшлі на выпрабавальны тэрмін на два тыдні, яшчэ да дамовы, то гэта вось такая сума ці крыху больш. Калі тры месяцы выпрабавальнага тэрміну праходзяць паспяхова, то падымаем заробак на 20–25%. Калі, вядома, ёсць прагрэс за гэты час і ўсё пасуе.

    Верхнюю мяжу не магу назваць. Але скажу, што заробак дасведчаных журналістаў, рэдактараў далей ужо звязаны з адказнасцю, якую яны бяруць на сябе. Таму заробкі могуць быць у 2–2,5 разы большыя за ніжнюю мяжу.

    Наста Роўда, «Наша Ніва»:

    — Я не буду называць канкрэтныя лічбы заробкаў зараз. Таму што гэта вельмі залежыць ад чалавека, які прыходзіць у рэдакцыю. Канешне, калі гэта рэдактар з досведам працы 10 гадоў, прафесійны журналіст ці расследавальнік — гэта адна лічба. Калі чалавек пачатковец без досведу, гэта будуць іншыя сумы.

    Але заробкі дазваляюць жыць у Еўропе, здымаць жыллё, плаціць за камуналку, набываць ежу і г. д.

    Форма супрацы можа быць розная, яна залежыць ад ступені легалізацыі чалавека ў краіне. Калі чалавек з візай, то звычайна гэта сэрвісная дамова без сацпакета і падаткаў. Калі чалавек легалізаваны цалкам, то гэта супрацоўная дамова. Усё індывідуальна і пад кожнага чалавека падбіраецца, усё абмяркоўваецца падчас сумоўя.

    Важна адзначыць, што на сумоўе трэба прыходзіць з разуменнем, колькі вы жадаеце зарабляць, гэта адразу дае разуменне, ці можам мы сыйціся па заробку, ці зможам гэта пацягнуць. Калі вы ацанілі сябе нізка, гэта не значыць, што вы столькі і будзеце зарабляць. Усё будзе залежыць ад досведу, прафесійных якасцяў.

    Руслан Кулевіч, MOST:

    — Нашыя супрацоўнікі працуюць як фрылансеры, мы не можам зрабіць «умовы працы», забяспечыць страхоўкі і аплачваць адпачынак. 

    Пра студэнтаў, фрылансераў і тэхніку

    Наста Роўда, «Наша Ніва»:

    — Вельмі рэкамендую пачынаючым журналістам карыстацца магчымасцямі, якія дае БАЖ і Press Club Belarus. Яны ладзяць школы, трэнінгі, навучальныя праграмы. Гэта рэальная магчымасць сустрэцца і папрацаваць з рознымі рэдактарамі, зрабіць першыя крокі ў прафесіі.

    Мы гатовыя працаваць са студэнтамі, але пры звяртанні ў рэдакцыю яны павінны мець на руках прыклады сваіх добрых тэкстаў.

    Калі мы пабачым, што гэта журналісцкія тэксты, над якімі рэдактару не патрэбна працаваць у тры разы больш, чым самаму аўтару, то мы, канешне, абмяркуем варыянты супрацы. Вучыць студэнтаў без досведу ў нас няма ні часу, ні рэсурсаў.

    Калі ў вас ёсць ідэя, вы хочаце пісаць у «Нашу Ніву» ў якасці фрылансера, дашліце нам ліст, у якім раскажыце хто вы, ваш досвед, дадайце спасылкі на свае сацсеткі і тэксты.

    Аплата працы фрылансераў на ганарарнай аснове — ад 30 да 50 еўра за матэрыял. Можа быць і вышэйшай, калі там ужо нешта суперскае. Геаграфія знаходжання фрылансераў не мае значэння.

    Што тычыцца тэхнікі, у нас ёсць магчымасць забяспечыць супрацоўнікаў і нават фрылансераў тэхнікай для працы.

    Ігар Кулей, «Белсат»:

    — Мы спрабуем працаваць са студэнтамі, вучыць, даваць досвед, ладзім адукацыйныя праграмы для іх. Калі бачны прагрэс, канешне, з такімі студэнтамі можна працягваць прафесійныя стасункі.

    Забяспечыць тэхнікай таксама можам.

    Руслан Кулевіч, MOST:

    — У нас ёсць малады супрацоўнік, які прыйшоў да нас са сферы, зусім не звязанай з журналістыкай. Але тое, чаго ён дасягнуў за тры месяцы працы ў нашым выданні, проста захапляе.

    Таму я ўпэўнены, калі ёсць жаданне развівацца ў медыя — усё атрымаецца. Як я кажу, любы чалавек можа стаць блогерам!

    У Беластоку ў нас свой каворкінг, таму праблем з тэхнікай ніякіх. Прыходзьце і працуйце з намі!

    Чытайце яшчэ:

    Эксклюзівы і інсайды пра Гомель і вобласць: як пратэсны праект урбаністаў ператварыўся ў паспяховае рэгіянальнае выданне

    Восем месяцаў таму партал «Трыбуна» запусціў беларускамоўную версію. Вынікі натхняльныя

    У судзе над Паўлам Падабедам спрэчкі бакоў адбудуцца ўжо на другім пасяджэнні. Неўзабаве прысуд

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці