• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Ягор Марціновіч быў сцяной, за якой мы ўсе хаваліся». Як працаваць, калі твае калегі ў закладніках

    Дырэктарка «Нашай Нівы» Настасся Роўда падзялілася з Palatno тым, што думае пра сваіх настаўнікаў з Маладзечна, як упершыню пачула тупат тысяч жанчын на пратэстах і дзякуючы чаму ўдалося захаваць «НН».

     

    Як прыйшла ў журналістыку

    Наста: Мяне завуць Настасся Роўда. Працую дырэктаркай «Нашай Нівы». Журналістка ўжо амаль дзесяць гадоў.

    Я збіралася быць зоркай. Мне падказалі, што можна быць тэлевядучай. Спачатку думала, што ўсё сваё жыццё звяжу з музыкай, буду цымбалісткай паспяховай. Пасля падумала, што ўвогуле быць паспяховым музыкантам у нашай краіне вельмі складана, а паспяховым цымбалістам практычна нерэальна. Падумала, што наўрад ці атрымаецца ў мяне, калі яшчэ не атрымалася ні ў каго.

    Мая настаўніца па музыцы параіла пайсці ў тэлевядучыя. Я тады яшчэ не ведала, што ў нашай краіне фактычна няма тэлебачання, яшчэ не чытала газет. Для мяне тэлебачанне было як штосьці малавядомае, таямнічае, але зорнае. Згадзілася з гэтай думкай, і падумала, што трэба рыхтавацца ў Інстытут журналістыкі.

    Прыйшла з нейкім сваім тэкстам, каторы мала нагадваў тэкст, у нашу дзяржаўную раёнку «Маладзечанскую газету». Прыйшла да рэдактара – ён паглядзеў на мяне, на мае творчыя спробы, і адправіў у недзяржаўнае лакальнае выданне «Рэгіянальная газета». Падумаў, напэўна, што хай яны там мной займаюцца, разбіраюцца. Паслухалася гэтай парады, пайшла туды, тэкст мой не надрукавалі. На гэтую тэму акурат напісала вялікі рэпартаж журналістка «Рэгіянальнай газеты» Зоя Хруцкая. Я пабачыла яго ў газеце і страшна расстроілася, што мае творчыя спробы праваліліся. Але мяне там запомнілі.

    Калі быў набор у Школу маладога журналіста, якую вёў адзін з найлепшых беларускіх журналістаў Глеб Лабадзенка, мне пазванілі і запыталіся, ці не хачу я паўдзельнічаць. Мне заўсёды здавалася, што калі ёсць нейкія магчымасці, каторыя да таго ж і бясплатныя, – гэта вялікі дар, вялікая ўдача, і я адчувала адказнасць, што трэба брацца і рабіць. Кожную суботу пасля школы хадзіла на гэтыя заняткі і вучылася пісаць. Пакрокава: як пісаць загалоўкі і ліды, дзе браць тэмы. Памятаю, як у дзве гадзіны ночы мы з Глебам абмяркоўвалі мой чарговы тэкст, і ён мне казаў, што ўсё крыва. Помню, быў тэкст, з‑за каторага нават плакала, яго давялося выкінуць у сметніцу, а я дзеля яго паехала ў Мінск. І ўсё марна, гэта была такая драма!

    Пасля Школы і года творчай працы прапанавалі працу ў «Рэгіянальнай газеце». Я пагадзілася. Паступіла на завочнае ў Інстытут журналістыкі і пайшла працаваць. Чатыры гады працавала ў «Рэгіянальнай газеце».

    Так сталася, што гэта стала справай майго жыцця. Канешне, яно яшчэ працягваецца. Не ведаю, што будзе надалей, але тым не менш дзесяць год ужо мінулі.

    Цяпер ужо больш за пяць гадоў я ў «Нашай Ніве». Гэта таксама вельмі доўгі шлях, які прывёў мяне, на жаль, за мяжу, дзе мы працягваем нашу справу.

    Апошнія некалькі гадоў кіравала аддзелам рэкламы і маркетынгу «Нашай Нівы». Мы шмат зрабілі для таго, каб рэклама ў незалежнай прэсе была, каб яна была якаснай. Мы пераймалі найлепшыя практыкі сусветных медыя. Вельмі доўга развіваліся ў гэтым кірунку, вельмі шмат намаганняў прыкладалі.

    Калі пачаліся пратэсты, працавалі на пратэстах усе. Мы зразумелі, што гэта самае важнае, што адбываецца. Усе, хто мог, ішлі ў горад, каб перадаваць інфармацыю, што адбываецца. Чаму? У тыя дні адключалі інтэрнэт цалкам. Усё, што мы даведваліся − гэта тое, што перадавалі нашы людзі з вуліцы па тэлефоннай сувязі. Мы стараліся раздзяліцца па розных раёнах, перадаваць інфармацыю, што канкрэтна тут адбываецца. Ужо тады былі пэўныя кропкі, дзе ясна было, што збіраюцца людзі, нейкія дзеянні ідуць. Мы стараліся закрыць усе гарачыя кропкі нашымі людзьмі.

    Што змяніў 2020 год у беларускай журналістыцы

    Наста: Я памятаю часы, калі журналісты прыдумлялі тэмы, пра што пісаць. Умоўна, нічога не адбываецца, а працаваць трэба, газету выпускаць трэба. Мы сядалі і думалі, а што такое накрэатывіць, пра што зрабіць рэпартаж, дзе якога чалавека знайсці?

    2020 год адкінуў усе гэтыя пытанні. Стала ясна, што рабіць. Герояў вельмі шмат. Штосьці адбываецца кожны дзень. Гэта былі часы, калі працавалі па 24 гадзіны ў суткі, калі мы не спалі і былі разам з народам на вуліцах. Часы, калі мы бачылі, як збіваюць і катуюць людзей. Час, калі мы самі беглі ад куляў, а хтосьці не паспяваў збегчы ад куляў. Напрыклад, як мая калега Наташа Лубнеўская, якой стрэлілі са зброі ў нагу, і яна трапіла ў лякарню на некалькі месяцаў.

    Калі было страшна больш за ўсё

    Наста: Самае страшнае – гэта першыя дні. Адназначна. Калі былі выбухі пастаянна, калі з’явіліся навіны пра першых забітых. Стала зразумела, што жартаў не будзе, забітых будзе не адзін чалавек.

    Памятаю адзін з такіх вельмі жахлівых момантаў. Я жыла ў мікрараёне Кунцаўшчына паміж Каменнай горкай і Пушкінскай. Гэта вельмі пратэсныя раёны ў тыя часы. Вяртаюся дадому, побач з дварамі ёсць мікрапаркоўка – яна не асветленая, вельмі цёмная. Чую дзікія крыкі адтуль сілавікоў, людзей. Я разумею, што там штосьці адбываецца, б’юць людзей. Ніхто не можа гэта бачыць, таму што стаіць ноч, і толькі дзікія крыкі. Я разумею, што нічога не магу зрабіць у гэты момант. Сілавікі паводзяць сябе неадэкватна. Яны не глядзяць на тое, каго лупяць дубінкамі. Любы чалавек, які ў гэты момант будзе побач, будзе там жа ператвораны ў месіва.

    Гэта самае страшнае: калі штосьці чуеш і разумееш, што ў гэты канкрэтны момант нічога не можаш зрабіць. Таму што калі цябе знішчаць – гэта нікому не дапаможа. Я разумею, што нам важна выжыць у гэтых умовах, таму што заўтра няма каму будзе выйсці на працу і асвятляць тое, што адбываецца на вуліцах.

    Вельмі страшна, што не ўсім можам дапамагчы. Мы глядзім, што адбываецца – і адзінае, што мы можам − гэта фіксаваць. Канешне, гэтага мала. Хочацца ўратаваць людзей, абараніць, але мы не можам. Таму што мы самі безабаронныя. Гэта вельмі страшна.

    Якім было 9 жніўня 2020 года

    Наста: 9 жніўня ў вельмі ўзрушаным настроі прыехала дамоў у Маладзечна. Хацела прагаласаваць. Мае бацькі жывуць у Маладзечне, мае сябры жывуць у Маладзечне. 9 жніўня я была дома.

    Мы з’ездзілі з татам на ўчастак, пакінулі свае галасы, сфатаграфавалі бюлетэні. Я з пачуццём выкананага доўгу паехала працаваць у Мінск. У Мінску пайшла на адзін з самых масавых участкаў у школе. На вуліцах стаялі кіламетровыя чэргі людзей. Пайшла нават здымаць на відэа гэту чаргу, а яна была проста бясконцая. Іду, іду, пытаюся ў людзей: «Колькі вы ўжо стаіце?». Кажуць, ужо тры гадзіны, а ім яшчэ стаяць гадзіны тры. Разумею, што гэта дурдом, усе яны не паспеюць прагаласаваць у гэты дзень. Пад вечар, калі ўсё яшчэ стаяла вялікая чарга, мы зразумелі, што трэба нешта рабіць.

    Гэта быў той участак, куды ўвечары прыехала Наталля Качанава (Наталля Качанава – старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь — рэд.) разбірацца і ўлагоджваць канфлікт. Калі ты шэсць гадзін прастаяў, а табе кажуць, што ўчастак ужо закрываецца, то ў людзей гэта выклікае люты гнеў. Па-першае, як такое можа адбыцца? Па-другое, чаму вы не паставілі дадатковыя кабінкі? Вы што, не бачыце, колькі людзей? Гэта было вялікае пытанне: што адбываецца?

    Гэта быў участак, дзе пасярод галасавання скончыліся бюлетэні. У сэнсе скончыліся бюлетэні? Што? Людзі пытаюцца: «Дзе нашы бюлетэні? То бок, вы ўжо іх выкарысталі? Вы іх укінулі раней? Якім чынам яны маглі закончыцца? Мы не галасавалі». Не ведаю, якім чынам ім падвезлі новыя бюлетэні. Самае цікавае пачалося пазней.

    Спачатку да журналістаў ставіліся вельмі прыязна: «Калі ласка, асвятляйце», «Працуйце, мы для вас адкрытыя». Калі кіраўніца камісіі зразумела, што я не збіраюся сыходзіць, настрой у яе пагоршыўся. Яна змяніла тактыку, пачала падвышаць голас і патрабаваць, каб я сышла. Я ёй тлумачыла, што ёсць закон. Паводле закону я магу быць тут да канца. Яна думала, што «да канца» – гэта калі людзі скончаць укідваць бюлетэні. Наколькі яна была здзіўлена, калі зразумела, што я не збіраюся сыходзіць пасля гэтага. Яна ўвогуле не магла западозрыць, што такое ёсць у законе.

    Пачала камусьці званіць. Перад гэтым спрабавала выгнаць мяне міліцыянерам, які там стаяў. Дзіўна, што перад гэтым у мяне склаўся з ім сяброўскі, скажам так, дыялог. Яму няёмка было выставіць мяне за дзверы. Сказаў, каб разбіраліся самі, а яго змена скончаная. Карацей, ён яе кінуў. Яна стала званіць нейкім начальнікам, высвятляць, ці маю я права знаходзіцца на ўчастку. Ёй там сказалі, што я маю на гэта права, паклалі трубку.

    Яе гэта не задаволіла. Пачала скандаліць: «Я не пачну падлік галасоў, пакуль вы адсюль не выйдзеце». Я сказала: «Ну, окей», і стаю. Яна стаіць, глядзіць на мяне. Мы пастаялі так хвілін пяць. Пасля яна не стала мяне сілай выпіхваць. Напэўна, пабаялася. Тым больш, вельмі шмат сведкаў. Было б вельмі непрыгожа. Змірылася.

    Яны пачалі ўсё са скрыняў выкідаць на стол. Там нават падлічваць не трэба было. Памятаю гэту гару паперак на стале, складзеных гармонікам. Перад гэтым дэмакратычныя сілы абвясцілі, што ўсе, хто галасуе за Ціханоўскую, калі ласка, складвайце бюлетэні гармонікам. Назіральнікам на выбарах было лягчэй іх убачыць. Усе разумелі, што, магчыма, будуць падтасоўкі, перапісванні бюлетэняў і гэтак далей.

    Вельмі доўга яны там лічылі. Насуперак усім правілам і законам старшыня камісіі выходзіла на калідор, з кімсьці перамаўлялася. Хаця напісана ў правілах, што пакуль не скончаны падлік і не абвешчаныя вынікі, ніхто не мае права выйсці з памяшкання і з кімсьці гаварыць.

    Яны там 130 разоў нейкія мікраперамовы ладзілі, штосьці ў іх там не сыходзілася. Усё было плоха! Яна хадзіла з кімсьці раілася, званіла, атрымлівала інструкцыі.

    Пачалі абвяшчаць вынікі. Мая задача была ў тым, каб запісаць вынікі на канкрэтным участку. Ужо дзве гадзіны ночы, усе страшна стомленыя. Яна абвяшчае вынікі: хуткамоўкай і шэптам. Карацей, я яе перапыняю. Кажу, што не чую, прашу паўтарыць. І нават праўладныя назіральнікі кажуць, што нічога не чутно. Яна праігнаравала, зрабіла сваю справу да канца. Бярэ бюлетэнь, які абавязаная вывесіць людзям, кладзе ў сваю сумку і збіраецца збягаць.

    Пры гэтым падыходзяць ахоўнікі, каб яе абараніць у гэты момант. Не ведаю, ад мяне ці ад каго? Я не збіралася ніякім чынам яе затрымліваць ці нападаць на яе. Мая задача была ў тым, каб пачуць лічбы. То я ёй кажу: «Куды вы пайшлі з пратаколам?» Яна, канешне, пачала на мяне раўсці, што я ёй нервы падымаю. Я ёй нервы падымаю! І са ўсёй світай сілавікоў і ахоўнікаў выходзяць праз нейкі задні ход.

    Мяне пакідаюць у кабінеце разам з іншымі сябрамі камісіі. Я ў стане разгубленасці. Яны проста маўчаць. Пачала запытвацца, што толькі што адбылося, казаць, што гэта незаконна. Адна з сябраў камісіі падышла да мяне, у яе на руцэ былі напісаныя лічбы. Яна сказала, што гэтыя лічбы ўнеслі ў фінальны пратакол. То бок, яна не сказала, што гэта рэальныя лічбы. Нават па гэтых лічбах Ціханоўская перамагала.

    Самае вялікае расчараванне за 2020 год

    Наста: Для мяне вялікім расчараваннем было тое, што ў гімназіі-каледжы мастацтваў у Маладзечне было тое самае, што і ў большасці школ у нашай краіне. Там давалі няправільныя лічбы, там таксама падтасоўвалі вынікі галасавання. Паколькі я вельмі паважаю настаўнікаў, якія там выкладалі, паколькі для мяне школа была прыемным успамінам і значнай часткай майго жыцця, для мяне гэта было вялікім ударам, скажу прама.

    Я ведаю, што ў гэтым удзельнічалі людзі, каторых я ведаю. Я ведаю дырэктарку гэтай школы, яна выкладала ў мяне. Вельмі прыкра ад таго, што харошыя людзі ў гэтым задзейнічаны. Не ведаю, наколькі яны самі ўсведамляюць, што ўдзельнічалі ў вельмі брудных справах. Тым больш гэта школа, дзе вучаць дзяцей. У мяне пытанне: чаму яны іх вучаць? Ясна, што акурат такія моманты фарміруюць той аўтарытэт, які ёсць у настаўніка.

    Мне здаецца, што 2020 год так моцна падарваў аўтарытэт настаўнікаў, што я не ўпэўнена, што яго калісьці можна будзе рэабілітаваць. Скажам так, у нас настаўнікаў і раней не асабліва паважалі. Гэта людзі, якія атрымліваюць невысокі заробак. Гэта людзі, якія часта робяць фармальныя бюракратычныя справы: заганяюць дзяцей на хакей альбо яшчэ што-небудзь, што выклікае шмат пытанняў у бацькоў і саміх дзяцей.

    Я не ўпэўнена, што мне хапіла б смеласці сказаць, што я не паважаю тое, што яны зрабілі. І мне вельмі балюча ад гэтага. Мне здаецца, ім было б балюча ад мяне гэта пачуць. Мне было б балюча гэта сказаць. Я пакуль што не ўяўляю такую сустрэчу выпускнікоў вельмі светлую. Асабліва пасля 2020 года. Не ведаю, калі яна можа быць.

    Дапускаю, што людзі, каторыя ў гэтым удзельнічалі, праз нейкі час будуць раскайвацца. Альбо ўжо раскайваюцца. Мне здаецца, калі пасля выбараў людзі пабачылі фота напаўзбітых людзей – сініх, параненых, скалечаных, з адарванымі ступнямі, то яны зразумелі, наколькі моцная і вялікая была іх роля. Было важна, каб кожны настаўнік, каторы ўдзельнічаў у выбарах, правільна палічыў галасы. Гэта нескладана. А вось бачыць збітых і забітых людзей – гэта страшна і складана. Гэта адказнасць тых людзей, каторыя няправільна лічылі галасы. Калі б усе правільна палічылі галасы, гэтай сітуацыі не было б.

    Калі настаўнікі і любыя людзі, якія лічылі галасы, кажуць, што яны не вінаватыя, што яны проста лічылі галасы – не проста! Тое, што вы палічылі галасы вось так, не апублікавалі правільныя пратаколы ва ўсіх школах, з‑за гэтага адбылося тое, што адбылося пасля.

    Чым адрозніваюцца 2020 і 2021 гады

    Наста: Калі мы падсумоўвалі вынікі 2020 года, было шмат добрага і шмат кепскага – яно ўраўнаважылася. Мы бачылі агромныя масавыя акцыі пратэсту, вельмі пазітыўныя, светлыя. Я памятаю, як людзі выходзілі з дзецьмі, мужамі. Гэта было вельмі добра, цёпла. Памятаю атмасферу, калі ты ідзеш сярод сотні тысяч людзей і адчуваеш сябе ў абсалютнай бяспецы. Ты ўпэўнены, што ў цябе ніхто нічога не скрадзе, не пакрыўдзіць, не ўдарыць, не абразіць. Там была настолькі добрая атмасфера, што яе ні з чым нельга параўнаць. Гэта нейкі фестываль культуры.

    Для мяне гэта адкрыццё нашых людзей, салідарнасці і еднасці, беларускасці. Людзі знайшлі сімвал, які ўсіх аб’ядноўвае. Я прыйшла ў беларускасць, пачала размаўляць па-беларуску ў 17 гадоў, і тады гэта не было так папулярна. Усе здзіўляліся звычайна, але захаплення не выклікала. У 2020 годзе, калі людзі бачылі, што ты яшчэ і беларускамоўны, гатовыя былі абдымаць.

    2021 год – гэта год вялікага болю, дэпрэсіі, рэпрэсій, гвалту, каторы ідзе няспынным патокам. Гэта вельмі стамляе. Мы бачым, што людзі суперстомленныя ад гэтага негатыву. Вельмі многія не могуць далей нармальна жыць. Сем’і падзеленыя, сотні людзей прызнаныя палітвязнямі, каля тысячы ўтрымліваюцца ў турмах, дзясяткі тысяч прайшлі праз турму, дзясяткі тысяч з’ехалі з краіны, а то і сотні тысяч. Сітуацыя – help, сітуацыя – SOS.

    Трэба вучыцца жыць, вучыцца бачыць штосьці добрае, маленькае ў будзённым жыцці. У такім стрэсе і стане немагчыма думаць, працаваць, адпачываць. Ты кожны дзень фіксуешся на негатыве. Гэта вельмі вымотвае і стамляе.

    Моц жаночых акцый салідарнасці

    Наста: Выходжу з метро, а перад мной стаіць натоўп. Я не магу ацаніць, колькі людзей тут, бо прыходзіла пазней, каб знікнуць у натоўпе, так было бяспечней. Я станаўлюся на нейкую канструкцыю і бачу, што з аднаго боку не бачу канца і з іншага не бачу. Колькі нас тут? На пратэстах з’явіўся журналісцкі навык на вока вызначаць прыкладную колькасць людзей. Я бачыла, як выглядае 200 тысяч чалавек каля Стэлы.

    Я памятаю першую акцыю, калі жанчыны каля Камароўкі выбудаваліся ў ланцужок. Тады ніхто не ведаў, што гэта будзе. Я туды выпадкова патрапіла. Выходжу з метро, іду туды. І вось гэты ланцуг жанчын быў такі прыгожы, такі моцны і такі нечаканы. Пад’язджаюць машыны з сілавікамі, але яны таксама не разумеюць, што з гэтым рабіць. Ніхто нічога не рабіў. Яны проста стаялі. Мы пагаварылі з рознымі жанчынамі. Яны расказалі, чаму выйшлі. Ва ўсіх хтосьці пацярпеў. У іх была адна мэта – спыніць гвалт. Яны прыйшлі спыніць гвалт. Паказаць, што вось мы безабаронныя, хрупкія, але мы стаім – адпусціце і не бейце нашых мужоў, братоў. Мы стаім за іх, мы слабыя, але мы моцныя.

    Гэта быў вельмі прыгожы, моцны і неардынарны жэст з боку беларускіх жанчын. Ён пераламіў тады той гвалт, каторы проста патокам ішоў на людзей некалькі дзён запар. Тады гэта сапраўды мела эфект. Гвалт спыніўся. З’явіліся масавыя акцыі жанчын. Калі ты там знаходзіўся, то гэта выклікала вялікую экспрэсію: жанчыны – сіла, наш шмат, моцныя і незалежныя, мы маем голас. Гэта вельмі прагрэсіўна.

    Я памятаю пратэсты, калі калоны жанчын пачалі спыняць, разбіваць. Пасярод праспекта Незалежнасці выбудоўваліся ланцугі сілавікоў, каторыя не давалі прайсці. Прыходзіла Ніна Багінская са сцягам і з імі спрабавала размаўляць. Самае моцнае, што я адчула ў той момант − калі жанчыны сталі тупаць нагамі па зямлі. Гэта быў такі гук, такая сіла, якая можа зрынуць усё на свеце. Такі топат, што было адчуванне, што зараз раз’яраныя жанчыны проста разаб’юць зямлю, стоячы за сваіх блізкіх і свае правы.

    Атака на СМІ і «Нашу Ніву»

    Наста: Мы даўна чакалі, што будзе атака на СМІ. Нас не адзін раз папярэджвалі. Некаторыя папярэджанні не спраўджваліся. Магчыма, гэтыя акцыі адкладваліся з нейкіх невядомых нам прычын. Цэлы год мы жылі кожны дзень, як апошні. Гэта было такімі перыядамі. Мы разумеем, што зараз перыяд небяспекі – мы групуемся, чакаем атакі, рыхтуемся маральна, што нас могуць затрымаць. Пасля напружанне сыходзіць, людзі расслабляюцца. Няма адчування страху – мы проста працягваем жыць далей, рабіць сваю справу, ісці наперад. Пасля зноў здараецца небяспечная сітуацыя, і мы зноў пачынаем думаць, што можа зараз будзе чарговая атака – групуемся, рыхтуемся. Яна зноў не здараецца, і мы зноў расслабляемся, жывём далей.

    Апошнім званочкам, калі мы зразумелі, што хутка прыйдзе наша чарга, была атака на TUT.by. Гэта было апошнім папярэджаннем. Для нас, усіх беларускіх журналістаў, мне не страшна гаварыць за нас агулам, TUT.by быў такой сцяной. Пакуль стаіць TUT.by – стаім усе мы. Мы – моцныя. Перад намі ёсць агароджа, такая глыба, агромнае медыя, каторае трымае ўсю журналістыку ў краіне за кошт свайго масіву, за кошт мільённай аўдыторыі, якую немагчыма знішчыць за дзень.

    Справа TUT.by – палітычная крымінальная справа супраць журналістаў і менеджараў буйнейшага навіновага партала Беларусі. У чэрвені 2022 года TUT.by прызнаны беларускім судом экстрэмісцкім фарміраваннем. Па стане на ліпень 2022 года, за кратамі знаходзяцца дзясятак прадстаўнікоў медыя.

    Але гэта здарылася за дзень. Для нас гэта быў шок. Для мяне таксама быў шок, што пасля таго, як разграмілі TUT.by, мы не ўбачылі масавых пратэстаў. Ніхто не выйшаў. Гэта быў паказчык таго, як у краіне заціснулі ўсё жывое. Людзі ўжо не маглі выказаць свой пратэст, хоць у іх забіраюць самае вялікае незалежнае медыя краіны. Медыя, каторае вельмі шмат для многіх значыла, з каторага многія пачыналі сваю раніцу і сканчалі свой дзень. Калі людзі не выйшлі з‑за таго, што за адзін дзень знішчалі TUT.by і пасадзілі 15 чалавек, то ўжо не выйдуць.

    Я зразумела, што хутка так будзе з іншымі СМІ. Гэта пройдзе ўмоўна незаўважна, то бок на вуліцы не выйдуць: людзі будуць сядзець далей, а СМІ будуць вымушаныя з’язджаць – ствараць штосьці новае альбо знікаць.

    Мы сталі рыхтавацца, што да нас прыйдуць. У чарговы раз рашалі, што будзем рабіць. Для Ягора Марціновіча было прынцыпова заставацца ў краіне да апошняга. Ён не мог змірыцца з тым, што мы сыдзем раней, чым да нас прыйдуць.

    Ягор Марціновіч – галоўны рэдактар «Нашай Нівы». Быў затрыманы 8 ліпеня 2021 года ў Мінску. Яму прад’явілі абвінавачванні па артыкуле 216 Крымінальнага кодэкса Беларусі «Прычыненне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу». Прэтэнзія сілавікоў была ў тым, што «Наша Ніва» аплачвала камунальныя паслугі па тарыфах для фізічных асоб, а не па тарыфах для юрыдычных асоб. Марціновіч і Скурко пакрылі шкоду — 10 тысяч рублёў — у поўным аб’ёме. 15 сакавіка 2022 года Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко асудзілі на два з паловай гады калоніі агульнага рэжыму.

    Ён не мог гэта прыняць. Хацеў быць унутры краіны. Для яго гэта было суперважна. Ён вельмі любіць Беларусь, свой народ. Мы не маглі з’ехаць з Беларусі раней як рэдакцыя. Гэта быў наш доўг. Гэта гаворка не толькі пра Ягора, а пра каманду, якая вельмі ідэйная. Гэтыя людзі – невыпадковыя. Яны невыпадкова прыйшлі ў «Нашу Ніву» і займаюцца справай. Мы аб’яднаныя любоўю да Беларусі, ідэяй рабіць незалежнае медыя ўнутры краіны. Там для ўсіх было важна быць унутры Беларусі.

    Да таго, як прыйшлі да «Нашай Нівы», з’ехала з краіны толькі я. Гэта дазволіла пасля нам уратавацца, аднавіцца за мяжой. Ясна, што ўмовы змяніліся. Мы вымушаныя прыстасоўвацца і рабіць якаснае беларускае медыя, знаходзячыся не ў Беларусі. На жаль, мы цяпер у такіх умовах.

    Гэтае рашэнне дазволіла нам выратаваць медыя, але не дазволіла выратаваць нашых калег, якія шмат месяцаў знаходзяцца за кратамі. Гэтыя два чалавекі шмат гадоў аддалі «Нашай Ніве». Ягор у «Нашай Ніве» 10 год, Андрэй Скурко – 20 год.

    Андрэй Скурко — кіраўнік аддзелу рэкламы і маркетынга «Нашай Нівы». Быў затрыманы 8 ліпеня 2021 года. Асуджаны па тым жа артыкуле, што і Ягор Марціновіч, на два з паловай гады.

    Для іх важна, што мы працягваем справу. Яны хацелі, каб мы гэта рабілі. Для нас вельмі прыкра, што яны вымушаныя сядзець у турме за тое, што хацелі быць журналістамі ў роднай краіне.

    Як падтрымлівае сувязь з калегамі, якія ў зняволенні

    Наста: Ягору я пішу лісты. Лісты ў нас вельмі пазітыўныя. Мы з Ягорам вельмі многа краін аб’ездзілі. Фактычна, Ягор – чалавек, які навучыў мяне падарожнічаць і не баяцца падарожнічаць. Мне было страшна ўявіць, што еду ў невядомую краіну без супер ведання мовы. Для Ягора гэта было ўсё вельмі проста, вельмі зразумела. Ён умеў гэта ўсё арганізоўваць. Яму было гэта ў кайф. Любіў збіраць кампаніі людзей і разам ехаць адкрываць нейкую краіну. У нас заўсёды былі такія прыгоды і летам, і зімой, і восенню, і вясной.

    Увогуле, Ягор стараўся падарожнічаць шмат. Расказаў, як трэба траціць свой адпачынак: не месяц сядзець дома і капаць бульбу, а раскінуць на цэлы год. У Ягора наведаных краін ужо пад 60, у мяне каля 30 – і толькі дзякуючы яму. Гэта вельмі ўзбагачае. Культурны досвед, які развівае цябе і дае новае, аб чым ты ніколі не падазраваў.

    Ягор безадмоўны, вельмі адкрыты. Ён усім стараецца дапамагчы, перажывае за ўсіх. Уключаецца ў чужыя праблемы. Пры гэтым вельмі лёгкі і аптымістычны. Ён заўсёды ведае, што рабіць. Для «Нашай Нівы» Ягор быў такой сцяной, за якой мы ўсе хаваліся. У нас ёсць Ягор – ён усё вырашыць.

    Калі ён апынуўся ў турме, то я зразумела, наколькі чалавек быў важны, колькі ўсяго рабіў. І як без іх абодвух цяжка. Вельмі прыкра, што яны там. Яны не павінны быць там. Яны не створаныя для турмы. Гэта найлепшыя людзі маёй краіны. Мне вельмі шкада, што ён там.

    Я ведаю, наколькі ён актыўны, чалавек дзеяння, вельмі энергічны. Чалавека садзяць у чатыры сцяны, мне вельмі балюча, што так адбываецца, таму што ведаю, як яму там цесна. Яму патрэбна прастора і свабода. Гэта вельмі свабодны, валявы, бясстрашны чалавек. Я спадзяюся, што ён даволі хутка выйдзе на свабоду. Ён не зрабіў нічога, за што яго можна было б пасадзіць.

    Як журналістам за мяжой не страціць сувязь з беларускай рэчаіснасцю

    Наста: Вельмі важна падтрымліваць кантакт з роднымі і блізкімі. Як толькі ты з’язджаеш з Беларусі, у цябе знікае пачуццё страху, які пануе ў Беларусі. Страх, які прысутнічае на вуліцах, у пад’ездах, у невербаліцы, якую ты адчуваеш, калі кантактуеш з людзьмі там.

    Я дакладна памятаю гэта адчуванне, калі выязджала з Беларусі, што проста скурай адчувала напружанне. Гэта немагчыма перадаць. Ты проста яго фізічна целам адчуваеш. Ты счытваеш тое, што адбываецца, вельмі лёгка тым, што ты там проста знаходзішся. Як толькі ты апынаешся ў бяспецы, гэта адчуванне сыходзіць. Гэта добра псіхалагічна, таму што доўгі час знаходзіцца ў сітуацыі стрэсу складана і ненармальна. Я ведаю вельмі шмат людзей, якія губляюць сон і не могуць спаць.

    Важна, знаходзячыся ў бяспецы, размаўляць з людзьмі, якія ўсё яшчэ застаюцца там, пытацца, што ім важна, што яны адчуваюць. Многіх людзей у Беларусі бесіць тое, што посцяць людзі за мяжой. Нам важна разумець, як іх падтрымаць.

    Трэба гаварыць, трэба пытацца, трэба чуць і слухаць. Вельмі важна, каб мы слухалі адзін аднаго. І каб мы не злаваліся адзін на аднаго – людзі, якія засталіся ў Беларусі, на тых, хто з’ехаў. Таму што большасць не хацела з’язджаць і была вымушаная гэта зрабіць. Нельга вінаваціць людзей за тое, што яны зрабілі такі выбар. Нельга вінаваціць людзей, якія застаюцца ў Беларусі, таму што гэта таксама іх выбар.

    Я бачу праблему ў тых людзей, якія выехалі з краіны. У іх ёсць вялікае пачуццё віны, што яны з’ехалі – яно не дае ім жыць, адпачываць. Яно не дае пазбавіцца ад пачуцця небяспекі і страху, таму што яны кожны дзень вінавацяць сябе. Гэта таксама нікому не дапамагае.

    У нас з’яўляюцца вялікія маральныя дылемы. Важна, каб людзі зразумелі, што ў гэтай сітуацыі яны не вінаватыя, каб яны бераглі сябе.

    Ці ёсць пачуццё віны за тое, што з’ехала

    Наста: Я разумею, што штосьці раблю для Беларусі. Калі б я была ў Беларусі, я не магла б рабіць гэта. Я разумею, чаму з’ехала. Іншага шляху для нашай справы не было. На жаль, як сказаў Ягор Марціновіч, журналістыка ў Беларусі зменшылася да памераў камеры на Акрэсціна. Гэта так, і мы павінны рабіць выбар. Цяжка рабіць журналістыку з камеры на Акрэсціна. Адтуль можна рабіць літаратуру, пісаць пра той досвед. Напэўна, не варта, каб усе журналісты гэтым займаліся.

    Хтосьці, апынуўшыся там, ужо не мае выбару. Каб справа працягвалася, каб людзям было куды вяртацца адтуль, хтосьці павінен працягваць гэтую справу на волі і рабіць журналістыку з‑за межаў Беларусі.

    Калі вернецца ў Беларусь

    Наста: Я не хачу сябе настройваць на самы лепшы сцэнарый. Калі ты настройваешся на лепшае, то горш перажываеш, калі яно не здараецца. Я настройваю людзей на доўгі працэс. І пакуль настройваю сябе на тое, што мы ўсе вернемся. Замежжа – гэта проста часовы  перыяд. Гэта досвед, які мы пасля зможам скарыстаць у развіцці сваёй краіны і развіцці медыяў нашай краіны.

    Зараз тое, што мы перажываем, і досвед, які мы перажываем, немагчыма здабыць іншым шляхам. Як сказаў Андрэй Скурко: «Той, хто выжыве ў гэтыя часы, пераадолее ўсё, што заўгодна пасля». Гэта вельмі вялікія выпрабаванні ва ўсіх. Мы бачым спробы знішчыць журналістыку як з’яву ў краіне. Сапраўды, многія журналісты сыходзяць з прафесіі. Нельга іх вінаваціць, таму што гэта вялікія рызыкі для журналістаў і для іх сем’яў. Вельмі прыкра і балюча, што гэта робяць з намі зараз.

    Тым не менш, частка ўсё роўна застаецца. Яна зараз у замежжы, і працягвае рабіць гэтую справу. Страшна, што зараз вельмі негатыўная тэндэнцыя – людзям забараняюць чытаць СМІ, а героям размаўляць са СМІ. Гэта стварае такія вялікія перашкоды ўвогуле для нас усіх. Губляецца сэнс таго, што мы робім. СМІ без аўдыторыі не існуе. Гэту сувязь не страціць, не страціць давер – вельмі важна. Мы разумеем рызыкі. Чытаць СМІ, быць падпісаным на СМІ ў тэлеграм-каналах – гэта рэальныя рызыкі бяспекі, за каторыя людзям даюць тэрміны.

    З аднаго боку, мы хочам зрабіць такое кола бяспекі для людзей, каб яны не падстаўляліся. З іншага мы разумеем, калі ў нас не будзе аўдыторыі, то навошта мы? Атрымліваецца, што гэта вельмі няпросты выбар: у нас і ў людзей. Улады зрабілі ўсё, каб перад намі быў такі выбар, каб людзі адмаўляліся ад СМІ. Не знаю, ці гэта магчыма, ці гэта спрацуе. У рэшце рэшт, не ведаю, ці былі такія прэцэдэнты, каб у людзей зусім СМІ не было. Заўсёды існавалі падпольныя СМІ – у іх была свая аўдыторыя.

    Цяпер мы вяртаемся да гэтай сітуацыі. У Беларусі ёсць інтэрнэт, адпаведна, ёсць і мы. Пытанне толькі, у якой форме будзем?

    А калі я вярнуўся ў Беларусь, то я хачу паціскаць свайго ката. Вельмі складана было з ім развітвацца. Я ведаю, што ён у добрых руках, у маёй сям’і. Пажыве то з братам, то з мамай і татам. Усіх сваіх родных хочацца абняць. Зараз гэта немагчыма.

    Гэта парадокс, калі твае бацькі радуюцца, што ты не дома, што ты не ў краіне. Насамрэч, гэта страшна. З аднаго боку, яны хочуць, каб ты прыязджаў і быў побач. З іншага боку, яны радуюцца, што ты знаходзішся ў бяспецы, і ты не дома. Гэта абсурдная сітуацыя, у каторай знаходзяцца многія сем’і. Хочацца, каб хутчэй гэта скончылася.

    Чытайце яшчэ:

    «Праца з замежнымі СМІ пачынаецца з пітчаў»: асабісты досвед беларускі-фрылансеркі

    «Андрей за решеткой, а его стихи – на свободе». Способ не поддаться унынию от нашенивца Скурко

    «Ірына трымаецца ўпэўнена, ведае, што ёй няма за што апраўдвацца». Бацька Слаўнікавай пра суд над журналісткай

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці