• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Затрыманне рэдактара Аксаны Колб: Целазрухі ўлады ў спробах «нармалізацыі адносінаў» у чарговы раз натыкнуліся на супрацьдзеянне сілавікоў?

    Безумоўна, шокавай падзеяй на гэтым тыдні для нас стала затрыманне рэдактаркі газеты «Новы час» і чальца нашай каманды Аксаны Колб. Аксана апошнім часам амаль не мела дачынення да творчага працэсу — яна займалася ліквідацыяй газеты, бо ў нас быў ліквідаваны заснавальнік, Таварыства беларускай мовы. І тым не менш, яе затрымалі, як яна паведаміла, «да 10 сутак».

    У справе Аксаны Колб ёсць цікавыя акалічнасці. Па-першае, гэтае затрыманне адбылося напярэдадні гадавіны Чарнобыльскай катастрофы. Мажліва, гэта такі любімы прыём сілавікоў па «прэвентыўным затрыманні» перад магчымымі вулічнымі акцыямі. Праўда, у Мінску, падаецца, нічога не планавалася, аднак «Зялёныя» падавалі заяўку на «Чарнобыльскі шлях».

    Па-другое, пасля вобшуку ў рэдакцыі 20 кастрычніка яна была ў статусе падазраванай, і «затрыманне да прад’яўлення абвінавачання» тут выглядае крыху нягегла. Калі б ёй хацелі прад’явіць абвінавачанне, гэта можна было зрабіць і без затрымання.

    Па-трэцяе, гэтае затрыманне адбылося пасля нарады ў Лукашэнкі, дзе ён у чарговы раз раскрытыкаваў сілавікоў. Маўляў, нам не патрэбныя «палачна-галачныя» паказчыкі, а «зладжаная праца ўсіх дзяржаўных органаў». Пра «палачна-галачныя паказчыкі» ён казаў яшчэ ў 2019 годзе.

    І па-чацвёртае, Аксана Колб была затрыманая пасля «зачысткі» незалежных прафсаюзаў, якія ўваходзяць у Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў. Было затрымана блізу 15 прафсаюзных актывістаў, частка з іх знайшлася ў СІЗА КДБ. Што ім інкрымінуюць — таксама невядома, але да БКДП было шмат прэтэнзій у дэмакратычнай грамадскасці. Гэтая структура выступіла ў цэлым супраць санкцый ЕС, бо тыя, на думку БКДП, шкодзяць не толькі рэжыму, але і працоўным.

    Карацей, кантэкст гэтага затрымання — чарговая спроба сілавікоў нахапаць народу, а потым разбірацца, што з ім рабіць. То-бок, паказаць сваю патрэбнасць. Толькі вось паказ гэтай «патрэбнасці» цалкам укладаецца ў тую «палачна-галачную сістэму», супраць якой і выступіў Лукашэнка на нарадзе.

    Між іншым, гэтыя затрыманні можна лічыць і адказам на правал «місіі Макея». Нагадаем, што 6 красавіка ён накіраваў ліст асобным заходнім дыпламатам з прапановаю «перагарнуць старонку» і пачаць «канструктыўны дыялог». Праўда, у тым лісце адпрэчваліся відавочныя рэчы кшталту ўдзелу Беларусі ў нападзе на Украіну. Імаверна, адказам «заходнікаў» было «зліццё» гэтага ліста ў прэсу. І не толькі гэтага ліста: Святлана Ціханоўская ў інтэрв’ю «экстрэмісцкаму» радыё паведаміла, што ў Мінску працавала нейкая місія, якая вяла закрытыя перамовы з экс-міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым. Нібыта, абмяркоўвалася вызваленне 300 палітычных вязняў у абмен на аднаўленне транзіту праз порт Клайпеды.

    Відавочна, што з «наборам» новых палітычных вязняў, а таксама з апрылюдненнем інфармацыі пра гэтую місію, ні пра якія перамовы гаворка ісці ўжо не можа.

    Але гэтая місія пэўную справу ўсё ж зрабіла. Яна паказала, наколькі хісткім, насамрэч, цяпер з’яўляецца эканамічны падмурак рэжыму. Калі ўжо пачалі размову пра вяртанне клайпедскага порту — гэта азначае, што ўсе «антысанкцыйныя» маршруты па продажы нашага калію проста праваліліся. А таксама тое, што грошай у дзяржавы не стае ўжо цяпер.

    Цікавая навіна надышла з банкаўскага сектару. Тэрмін дзеяння карт Белінвестбанка падаўжаецца да канца сакавіка 2025 года. Гэта тычыцца Visa, Mas­ter­card і «БЕЛКАРТ-Прэміум-Mae­stro», у якіх тэрмін дзеяння заканчваецца з сакавіка па снежань 2022 года. На падобны крок вырашыліся і іншыя банкі, сярод якіх, напрыклад, Тэхнабанк (да канца 2024 года).

    Гэта — таксама наступства санкцый. Заходнія санкцыі супраць Беларусі і Расіі з‑за ўварвання ва Украіну прадугледжваюць і забарону паставак мікрачыпаў і камп’ютарных элементаў. Гэтая забарона тычыцца і чыпаў банкаўскіх картак, якія выпускаюцца, у асноўным, у Еўропе. Адпаведна, беларускія і расійскія банкі не могуць выпускаць новыя карткі, і замяняць старыя карткі новымі ў масавым парадку, як было раней. Таму ім даводзіцца падаўжаць тэрмін дзеяння ўжо існуючых карт.

    Праўда, такое «падаўжэнне» можа кепска адбіцца на бяспецы і стабільнасці ў працы картак. Беларусам, напэўна, лепш перайсці на кэш.

    Але і з кэшам ёсць праблемы. БСБ-банк увёў камісію пры зняцці грошай са сваіх банкаматаў з замежных картак у памеры 20%. Падаецца, такога памеру камісій не было нідзе і ніколі. Першае, што прыходзіць на розум: у банка крытычна не стае грошай, што ён вырашыў па-драпежніцку абскубці замежнікаў. Прынамсі, цяпер усе ведаюць, дзе грошы здымаць не трэба.

    Ну і, як вішанька на торце, міністр эканомікі Беларусі Аляксандр Чарвякоў прапанаваў «больш актыўна займацца імпартазамяшчэннем» не абы-каму, а Парку высокіх тэхналогій. «Неабходна развіваць і ўдасканальваць існуючую мадэль, лепшыя практыкі і кампетэнцыі, напрацаваныя ў ПВТ. Але, акрамя гэтага, варта ўзмацняць і прасоўваць новыя кірункі, звязаныя з лічбавізацыяй нацыянальнай эканомікі», — цытуе Чарвякова прэс-служба Міністэрства.

    Цікава, якія гэта ў нас «лепшыя практыкі і кампетэнцыі»? Электронныя дзённікі ў школах, якіх мы чакаем ужо пяць гадоў, і якія не працуюць як належыць? А можа, школьная сістэма дыстанцыйнага навучання, якую нам абяцаў яшчэ мінулы міністр адукацыі Карпенка, і якая так і не запрацавала? Бацькоўскія чаты ў Вайберы, падаецца, дагэтуль замяняюць і тое, і другое. І асабліва цікава, што такое «імпартазамяшчальны код».

    Карацей, целазрухі ўлады ў спробах «нармалізацыі адносінаў», а значыць, і ў хаця б змякчэнні ціску на беларускую эканоміку, у чарговы раз натыкнуліся на супрацьдзеянне сілавікоў. Яны, сілавікі, ну не як не хочуць губляць сітуацыю. Калі «не да законаў», ім у ёй камфортна. Але гэтая сітуацыя вядзе да калапсу «беларускага эканамічнага цуду». І чым далей сітуацыя кансервуецца — тым бліжэй гэты калапс.

    Першым патрабаваннем, якое высоўвалася для вырашэння сітуацыі з санкцыямі і эканамічным калапсам сістэмы, было спыненне рэпрэсій. А потым ужо — вызваленне палітвязняў і перамовы па выхадзе з палітыка-эканамічнага крызісу. Лукашэнка паспрабаваў «асадзіць» сілавікоў, аднак, як мы бачым, у адказ на яго пажаданне прайшла, наадварот, хваля рэпрэсій. І міжволі ўзнікае небяспечнае пытанне: а ці не выйшлі сілавікі з‑пад яго кантролю? Бо выглядае сапраўды на тое, што, пакуль МЗС спрабуе «ўлагодзіць» сітуацыю, а эканамічны блок усяляк (пакуль марна) намагаецца ўтрымаць на плыву стан краіны, сілавікі проста зводзяць гэтыя высілкі на нішто.

    Паглядзім, што будзе з затрыманымі чальцамі прафсаюзаў і з Аксанай Колб праз 10 дзён. Калі ў нас з’явяцца новыя палітвязні — у нас могуць з’явіцца і новыя, «суверэнныя» санкцыі. Таму што Міжнародная арганізацыя працы, глабальная Федэрацыя прафсаюзаў Indus­tri­ALL ды сусветны Камітэт па абароне журналістаў — не тыя арганізацыі, з якімі можна гуляць у гульні.

    Вы памятаеце, што перад уварваннем Расіі ва Украіну ў ЕС практычна быў гатовы суверэнны «пяты санкцыйны пакет» адносна Беларусі?

    І Украіна тут будзе цалкам не пры чым.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці