Андрэю Скурко працягнулі тэрмін утрымання пад вартай
Учора, 17 верасня, палітвязень і нашанівец Андрэй Скурко не выйшаў на волю. Гэта значыць, што яму працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на месяц, напісала ў Фэйсбуку яго жонка Паўліна Скурко.
«Справа прасоўваецца так, што за тры месяцы на «Валадарцы» Андрэя ніводнага разу не дапыталі. З ім не праводзілі НІЯКІХ следчых дзеянняў. Яго трымаюць абы трымаць — з абвінавачаннем у недаплаце камуналкі. Адпусціць да сям’і яго нельга — страшны злачынца, ён можа ціснуць на сведак і знішчаць доказы, так патлумачыў нам следчы», — напісала Паўліна Скурко.
Андрэй Скурко — кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу «Нашай Нівы», аўтар часопіса «Наша гісторыя». З 2006 па 2017 быў галоўным рэдактарам выдання.
Андрэя Скурко затрымалі 8 ліпеня 2021 года. Пазней яму і галоўнаму рэдактару «Нашай Нівы» Ягору Марціновічу прад’явілі абвінавачанні па ч. 2 арт. 216 КК (нанясенне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу). Сэнс прэтэнзій у тым, што аплата за камунальныя паслугі памяшкання была па тарыфах для фізічных асоб, а трэба было плаціць па тарыфах для юрыдычных асоб. Следчыя налічылі, што за чатыры гады прадпрыемству «Мінэнерга» быў нанесены ўрон у 3,5 тысячы рублёў. Само прадпрыемства з прэтэнзіямі ніколі не звярталася.
Адрас для лістоў: СІЗА‑1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.