Сем’і за кратамі: гісторыя Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша
10 снежня 2016-га журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева, якая застаецца ў зняволенні за сваю працу, выйшла замуж за журналіста Ігара Ільяша, які таксама цяпер у беларускай турме. З дзевяці гадоў шлюбу ўжо больш за пяць сужэнцаў падзяляюць турэмныя сцены. Успамінаем гісторыю кахання выбітных журналістаў.

Кацярына Андрэева і Ігар Ільяш. Фота: з асабістага архіва
Закахаўся «калі не з першага погляду, то з другога»
Ігар Ільяш апавядаў «Нашай Ніве», што заўважыў Кацярыну Андрэеву на мітынгу палітычнага вязня Мікалая Статкевіча перад выбарамі 2015 года.
«Я, вядома, падумаў: якая прыгажуня, трэба яе запрасіць на каву. Але не паспеў тым разам», – успамінаў Ільяш.
Тады ён перакінуўся з ёю толькі некалькімі словамі. Праз тыдзень яны зноў убачыліся на акцыі. Ігар намагаўся не ўпусціць моманту і ў канцы мітынгу здолеў запрасіць Кацярыну на каву.
«Гэта было за дзень да прэзідэнцкіх выбараў 2015 года, мы разважалі пра журналістыку, пра сітуацыю ў краіне, пра палітыку. І яна кажа, маўляў, цяпер жа апошні дзень датэрміновага галасавання, напэўна, будуць нейкія ўкіды бюлетэняў, цікава, як гэта выглядае ў апошні дзень. Гэта быў яшчэ вечар, выбарчыя ўчасткі не зачыніліся, – згадваў Ігар. – Ёй было гэта цікава, яна толькі пачынала працу, ніколі не працавала на выбарчых кампаніях».
Недалёка на плошчы Якуба Коласа якраз быў выбарчы ўчастак, куды яны выправіліся і ледзь не былі арыштаваныя. Сябры выбарчай камісіі спалохаліся журналістаў і выклікалі міліцыю, прыехалі «касманаўты», але абышлося правяраннем дакументаў.
«Што мне спадабалася ў той момант? Яна настолькі захаплялася працаю, што пасля таго як адпрацавала на акцыі пратэсту, пасля таго як мы сядзелі ў кавярні і размаўлялі пра ўсё гэта, была настолькі захопленая працаю, што хацела яшчэ пайсці і паглядзець. І тое, што яна зусім не спалохалася, калі прыехала міліцыя», – апавёў Ігар.
Журналіст успамінаў у размове з «Салідарнасцю», што ў той вечар пасля гімназіі яны смяяліся. Ён закахаўся «калі не з першага погляду, то з другога», а вось Кацярына спачатку казала, што яны могуць быць толькі сябрамі. Тады Ігар пастанавіў дыстанцыявацца, каб не выклікаць негатыўнай рэакцыі, але ўсё ж час ад часу яны камунікавалі.
Гэта была няпростая праца над сабою. Трэба было нават позіркам не паказваць, што ты толькі і думаеш пра яе, хочаш яе хутчэй убачыць», – апавядаў Ігар Ільяш.
«Каця ўзяла содні на роздум і сказала так»

Кацярына Андрэева і Ігар Ільяш каля Акрэсціна. Фота: «Белсат»
У пачатку 2016 года Ігар стаў працаваць над тэмаю Данбасу, Кацярыну таксама гэта цікавіла, таму яны сталі мець зносіны ў працы часцей. Пазней выйшла іхная супольная кніга «Беларускі Данбас».
У адзін з вечароў Кацярына паклікала яго ў бар на Зыбіцкай, дзе Ігар ізноў загаварыў пра свае пачуцці. І іхны раман успыхнуў – у чэрвені 2016-га пачалі сустракацца, а ў жніўні Ігар прапанаваў з’ехацца.
Яна спытала, які сэнс зʼязджацца, чаму б тады не ажаніцца. Я ўзяў пяць секундаў разважанняў і сказаў: «Па-мойму, гэта выдатная ідэя! Выходзь за мяне замуж». Каця ўзяла содні на роздум і сказала так. Праз дзень мы падалі заяву ў ЗАГС», – згадваў Ігар.
10 снежня 2016 года яны пажаніліся, а 15 лістапада 2020-га Кацярыну затрымалі на плошчы Пераменаў. З таго часу журналісту несправядліва ўтрымліваюць у няволі. Ігар жа вырашыў, што нікуды не паедзе, пакуль ягоная жонка ў турме, хоць разумеў, што рызыка арышту ёсць.
«Для мяне важна, каб мы прайшлі гэты шлях разам», – казаў ён.
Ігара арыштавалі 22 кастрычніка 2024 года.
Кранальны клопат і мары пра будучыню

Ігар Ільяш перад судовым паседжаннем над журналісткамі Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 года. Фота: «Белсат»
Пакуль Ігар яшчэ быў на волі, ён усяляк падтрымліваў жонку.
«Ён абраў заставацца максімальна блізка да Каці, мець магчымасць стэлефаноўвацца з ёй і бачыцца. Ён вельмі клапаціўся пра яе: памятаю, калі Каця была ў следчым ізалятары, насіў ёй перадачы і перадаваў не толькі самае неабходнае, але стараўся яе песціць. Напрыклад, прыносіў свежую выпечку, гэта было вельмі кранальна. Ведаю, што калі Кацю судзілі ў Гомлі, ён ездзіў з Менску раннімі электравікамі, каб адстаяць чаргу і аддаць перадачу. Для мяне гэта прыклад моцнай любові і клопату пра каханага чалавека, для якіх нават турэмныя сцены не былі перашкодаю», – апавядаў DW былы кіраўнік навінавай рэдакцыі «Белсату», цяпер прадстаўнік фонду BYSOL Зміцер Ягораў.
Звычайна Ігар і Кацярына абменьваліся трыма лістамі на тыдзень і, паводле Ігара, іхная сувязь не аслабла.

Адвакат Сяргей Зікрацкі. Чацвёрты дзень суда над журналісткамі «Белсату». Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай вынеслі прысуд. Ім прысудзілі два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 году. Фота: АВ / Белсат
«Тая нябачная нітка, што нас звязвае, той свет, створаны нашаю любоўю і нашымі стасункамі, не аслабеў, не згублены праз гэтае расстанне. Мы ўсё гэтак жа вельмі добра разумеем адно аднаго і не адчуваем няёмкасці на спатканні, як гэта часам можа паўстаць у такой сітуацыі – з чаго пачаць, як завесці размову з блізкім чалавекам, якога даўно не бачыў», – перадаваў словы Ільяша ў 2022 годзе «Прэс-клуб Беларусь».
Ігар адзначаў, што ў лістах з Кацярынаю абмяркоўвалі планы на будучыню: яны хацелі б пасля вызвалення паехаць у Парыж і на мора, а яшчэ завесці дзяцей. І галоўнае – проста быць разам.
Кацярыну Андрэеву засудзілі на 8 гадоў і 3 месяцы калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яе абвінавацілі ў арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (арт.342 КК), а таксама ў здрадзе дзяржаве (арт. 356 КК).
Ігара Ільяша пакаралі 4 гадамі калоніі агульнага рэжыму нібыта за спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці (арт.361–4 КК) і дыскрэдытацыю Беларусі (арт. 369–1 КК).
@bajmedia