• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Што больш містычнае і страшнае — прывіды ці беларускае правасуддзе?» Рэжысёр «Працэсаў» Андрэй Кашперскі — пра новыя праекты і цану свабоды

    Рэжысёр «Працэсаў» Андрэй Кашперскі распачаў новы праект — серыял «Свінгеры». У Варшаве былі завершаны здымкі пілотнай серыі міжнароднага праекта, і як кажа Андрэй, працяг будзе.

    Рэжысёр «Працэсаў» Андрэй Кашперскі — пра новыя праекты і цану свабоды

    Андрэй Кашперск. Фота: Вікторыя Адамава

    Reform.news распытаў беларускага кінематаграфіста, адкуль грошы на новы пілот, як змянілася жыццё рэжысёра пасля «белсатаўскага» серыяла, і ці можа смех залячыць траўмы беларусаў.

    Свінгеры international

    — Андрэй, віншую з пачаткам працы над новым праектам. У часы ў каторы раз абмежаваных рэсурсаў радуе, што хтосьці запускае новы серыял. Мяркую, што агучу пытанні шмат каго ў медыйным і кінаполі, выбачай: адкуль у вас грошы?

    — Насамрэч мы таксама не купаемся ў грантах і ўвесь час падаем заяўкі, удзельнічаем у пітчынгах, пішам лісты — і атрымліваем на пошту шмат адмоваў. Але ў выпадку новага праекта — серыяла «Свінгеры» — нам нечакана пашанцавала. Мы атрымалі дапамогу ад няпрофільнага інвестара, бізнесмена, які не звязаны з кіно. Ён прафінансаваў нам пілотны эпізод нашага серыяла.

    Падчас здымак пілотнай серыі «Свінгераў». Злева направа: Валянціна Гарцуева, Андрэй Кашперскі, Максім Шышко, Кацярына Жалудок, Аляксандр Церахаў. Фота: Ксенія Гайдук

    — Здорава. Распавядзі, калі ласка, пра праект. Ён падобны на «Працэсы»?

    — Мы напісалі сцэнар з Мішам Зуем, і магу сказаць, што «Свінгеры» — гэта нешта абсалютна іншае ад «Працэсаў». Гэта апалітычны камедыйны серыял.

    Галоўныя героі ў ім — шасцёра малазнаёмых людзей прыблізна 40 гадоў. У першай серыі яны сустракаюцца ў бары ў Варшаве, каб дамоціца заняцца свінгерствам. Але — спойлер! — у іх нічога не атрымаецца, бо яны дарослыя людзі са сваімі бытавымі праблемамі. Камусьці з іх трэба адвесці дзяцей у школу, у кагосьці — баляць суставы, хтосьці забыўся пра тэрміновы працоўны званок і гэтак далей. Гэты серыял — уласна, пра тое, як дарослыя бытавыя праблемы забіваюць нашы мары.

    — З кім ты робіш праект?

    — Хачу заўважыць, што праект міжнародны, і ў першай серыі персанажы гавораць на чатырох мовах: ангельскай, рускай, беларускай і польскай. Мы пастараліся перадаць тыповыя моўныя сітуацыі ў Еўропе, калі за адну гутарку ты можаш размаўляць на розных мовах, пераключаючыся кожную хвіліну.

    Промаматэрыялы праекта. На постары: Максім Шышко, Вольга Калакольцава, Дуглас Эмары, Валянціна Гарцуева, Кацярына Жалудок, Аляксандр Церахаў

    — То-бок свінгеры ў вас будуць inter­na­tion­al?

    — Менавіта так. У другім эпізодзе па сцэнары з’явіцца персанаж Луі з Гішпаніі — ён будзе размаўляць па-гішпанску. Але я забягаю наперад.

    У пілоце здымаліся: Валянціна Гарцуева, Вольга Калакольцава, Максім Шышко, Кацярына Жалудок, Аляксандр Церахаў. Але таксама ёсць і амерыканскі хлопец — Дуглас Эмары. Мы з ім размаўляем выключна па-англійску.

    Працую са сваёй камандай з папярэдніх праектаў: аператарам Ягорам Яфімавым, мастаком Аляксандрам Адамавым. Прадзюсар карціны — беларус Давід Петрасян.

    Заўважу, што сродкі ў нас былі толькі на пілот, а зараз будзем далей шукаць інвестара. Хацелася б зрабіць дзесяць серый. Кожная серыя — 15 хвілін.

    Каманда праекта «Свінгераў». Фота: Вікторыя Адамава

    «Напэўна, хацелі павіншаваць іх з Новым годам»

    — Андрэй, пайду пратаптанай сцяжынай, задаўшы даволі распаўсюджанае пытанне пра тое, як выхад серыяла «Працэсы» паўплываў на ваш творчы шлях. Як кінематаграфісты вы з Мішам Зуем, падаецца, перайшлі ў новы статус. Серыял у падобнай стылістыцы — трагікамічнай антыўтопіі, даволі рэдкі, калі не адзіны прыклад у гісторыі белкіно. Ці змянілася ваша жыццё пасля «Працэсаў»?

    — Я бы сказаў так, што пасля «Працэсаў» у нас з’явіліся сябры і аднадумцы, якія сталі дапамагаць у нашых творчых пошуках тут, у замежжы. А таксама і «сябры», якія сталі наведвацца да нашых бацькоў у Беларусі. Я маю на ўвазе людзей з КДБ і міліцыі, якія хацелі так зрабіць нам прыемнае, што прыйшлі да маіх бацькоў 31 снежня і 1 студзеня гэтага года ў госці. Напэўна, хацелі павіншаваць з Новым годам.

    Праз пэўны час мне нават захацелася напісаць нешта з гэтай нагоды. З’явілася ідэя сюжэта ў кіно.

    — Спачуваю. Вас таксама аб’явілі і ў вышук у Расіі.

    — Я магу на гэта адказаць, што ў бліжэйшы час у Расію ехаць і не збіраўся (усміхаецца).

    Як можам бачыць, жыццё змянілася як у лепшы, так і не зусім бок.

    Што да творчага развіцця, мяркую, што пасля «Працэсаў» з’явілася адчуванне таго, што ты можаш больш. Я стаў больш вольным у сваіх праектах, стаў больш пісаць. І гэта пачуццё мне падабаецца.

    Падчас здымак пілотнай серыі «Свінгераў». Фота: Ксенія Гайдук

     А ці стала вам прасцей шукаць сродкі на фінансаванне кіно? Многія людзі мяркуюць, што паспяховы праект адкрывае шматлікія дзверы.

    — У гэтым плане прасцей на стала. Мы рэгулярна пішам заяўкі ў розныя еўрапейскія фонды, еўрапейскім і амерыканскім прадзюсарам. Шмат галасоў з’явілася апошнім часам, што як беларусы мы нікому не патрэбныя, нашы праекты і ідэі ніхто глядзець і слухаць не будзе. Але мяне гэта не спыняе. Лічу, што ў апошнія гады здымаецца шмат фільмаў пра эмігрантаў, актуальная зараз і тэма аўтакратыі і таталітарызму. І гэтыя тэмы мне блізкія.

    Прывяду прыклады. Паглядзім на апошні «Оскар». Там былі адзначаны стужкі «Анора» Шона Бэйкера і «Бруталіст» Брэдзі Корбе з Эдрыянам Броўдзі, якія закранаюць тэму эміграцыі прама ці ўскосна. Ды новы «Супермен» у пэўным сэнсе можна назваць фільмам пра эмігрантаў. Тэмы дыктатуры падымаюцца ў «Семя свяшчэннага інжыру» Махамада Расулофа, бразільскай карціне «Я ўсё яшчэ тут» Уолтэра Салеса, а гэтыя карціны намінаваліся на «Оскар». Таму, я думаю, не варта недаацэньваць уласныя ідэі і праекты.

    Падчас здымак пілотнай серыі «Свінгераў». Фота: Ксенія Гайдук

    «Прывіды, забойствы, кроў і самая страшнае — бюракратыя»

    — Нядаўна на фестывалі ў Барселоне быў паказаны ваш кароткаметражны фільм «Суд мёртвых» з Зояй Белахвосцік у галоўнай ролі. Пра гэты праект вы раней распавядалі ў прэсе. (Калі не памыляюся, у стужцы акурат падымаецца праблема антыправавых законаў у аўтакратычнай дзяржаве). Што зараз сталася з фільмам, ці прыцярпеў ён змены? 

    — Фільм зроблены, і зараз мы адпраўляем яго на фестывалі.

    І так, у кароткаметражнай стужцы мы звяртаемся і абыгрываем закон, прыняты ў Беларусі ў 2023 годзе, згодна з якім можна судзіць мёртвых. Зоя Белахвосцік іграе ў фільме суддзю Аляксандру Драгун, якая судзіць нежывых людзей з цалкам празаічнай мэтай — каб канфіскаваць у іх нерухомасць. Далей у стужцы мёртвыя паўстаюць, і пайшло-паехала: прывіды, забойствы, кроў і самая страшнае — бюракратыя.

    Па сутнасці, у гэтым праекце мы задаліся пытаннем: што больш містычнае і страшнае — прывіды ці беларускае правасуддзе?

    — Тут ужо адчуваю інтанацыю «Працэсаў».

    — Пэўны вайб «Працэсаў» там будзе, але калі шукаць такія колеравыя асацыяцыі, то «Працэсы» былі такімі «халоднымі» і сінімі, а вось «Суд мёртвых» — «цёплы» і жоўты. Фільм больш жанравы, эмацыйны, вясёлы. Мы хацелі б развіць гэты праект у поўны метр, пішам ужо трэці драфт сцэнара.

    У поўнаметражнай версіі ў нас будзе іншая гераіня, спадзяемся, што яе будзе іграць Валянціна Гарцуева. Яна па сюжэце будзе далей змагацца з мёртвымі за дзяржаўную маёмасць.

    Падчас здымак кароткаметражнай карціны «Суд мёртвых». Галоўную ролю ў стужцы выконвае Зоя Белахвосцік. Фота: Вікторыя Адамава

    — Вам удалося трапіць у Барселону? Цікава, як успрыняў карціну іспанскі глядач?

    — На жаль, мы не прысутнічалі на фестывалі. Таму не магу адказаць на тваё пытанне. Але «Суд мёртвых» узялі яшчэ на некалькі міжнародных фэстаў — і ў жніўні ён будзе паказаны ў Мексіцы. Праўда, мы зноў не паедзем на імпрэзу, бо гэта надта далёка. Але маю спадзеў, што наш фільм пакажуць на фестывалі Prix Italia, і можа быць туды мы ўсё ж такі дабярэмся.

    — Калі ўбачыць стужку беларускі глядач?

    — Мяркую, што толькі напрыканцы года. Спадзяемся, што ўвосень можна будзе паглядзець карціну ў Варшаве, але пра ўсе паказы я паведамлю ў сябе ў Інстаграме. Такія законы індустрыі, што фестывальная гісторыя дапамагае фільму, таму YouTube-прэм’ера будзе яшчэ не хутка.

    Падчас здымак кароткаметражнай карціны «Суд мёртвых». Фота: Вікторыя Адамава

    «Смех можа быць розны»

    — Андрэй, як ты лічыш, ці хопіць моцы адно смеху, каб беларусы перажылі свае траўмы? 

    — Хм. Разумею, што часам «чорны гумар» для кагосьці не дае палёгку. Але мне асабіста смех дапамагае. Нават у такой сітуацыі, калі павіншаваць тваіх бацькоў прыходзяць людзі ў пагонах.

    — Хтосьці лічыць тыя ж «Працэсы» надта цынічнымі.

    — Для мяне смех з’яўляецца магутным інструментам. Гэта мастацкі інструмент. Але не думаю, што выбіраю яго неяк спецыяльна. Мне здаецца, гэта ў мяне такая прыродная дэталь характару. Або набытая ў юнацтве, не ведаю.

    А што застаецца рабіць, калі не смяяцца? Нагадаю, што я «беларускі кінарэжысёр», а гэта ўжо аксюмарон! Тое, што мяне ў большай ступені вызначае, гучыць як нешта зусім іранічнае і неіснуючае. Таму смех — гэта спосаб існавання. Нават такі злосны і цынічны, як у «Працэсах».

    Кадр з фільма «Суд мёртвых»

    І хачу нагадаць, што смех можа быць розным.

    Напрыклад, калі вам не даспадобы абсурд «Працэсаў», ёсць нашы шаноўныя «ЧынЧыны». На жаль, з‑за палітыкі Трампа ў нас абрэзалася фінансаванне на новы вялікі серыял «ЧынЧыны ў космасе». Але засталіся ж іншыя праекты — тыя ж «ЧынЧыны ў мундзірах», на мой погляд, вельмі недаацэненыя. Мы там падымаем даволі складаную тэму — мілітарысцкай свядомасці — у лёгкім фармаце.

    А калі хтосьці зусім не любіць ЧынЧынаў, то ўсё роўна раю паглядзець апошні праект. Бо ў «ЧынЧынах у мундзіры» ў канцы кожнага эпізоду героі бясслаўна гінуць. Можа быць, для кагосьці тое будзе кшталту тэрапіі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці