• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як працуе «ментальны напільнік». Андрэй Вардамацкі — пра ролю медыйнага ўплыву на геапалітычны выбар беларусаў

    Кіраўнік «Беларускай аналітычнай майстэрні», прафесар Андрэй Вардамацкі тлумачыць у размове з «Филином» прычыну росту прарасійскіх і зніжэння празаходніх настрояў у Беларусі.

    Прафесар Андрэй Вардамацкі. Фота: gazetaby.com

    — Апошнім часам, гаворачы пра пракрамлёўскую прапаганду, вы часта выкарыстоўваеце тэрмін «ментальны напільнік». Што гэта такое?

    — Гэта мастацкі вобраз, закліканы адлюстраваць інструмент і працэс паступовага стачвання ў беларускай масавай свядомасці ідэй дэмакратыі, нацыянальнай самасвядомасці і адраджэння, пэўнага стаўлення да вайны ва Украіне. І вытачвання іншай канфігурацыі грамадскай думкі, уключаючы геапалітычныя арыентацыі.

    — Наколькі эфектыўны гэты «напільнік»?

    — Калі паглядзець на масавую свядомасць як на акружнасць, то ў дачыненні да нашай тэматыкі можна выдзяліць дзве зоны: арэал супраціўляльнасці і дынамічная частка.

    У першай частцы змены не адбываюцца. Такую выснову можна зрабіць на падставе агульнанацыянальных рэпрэзентатыўных апытанняў грамадзян Беларусі.

    Вось прыклад з зоны супраціўляльнасці. На працягу многіх гадоў задаецца пытанне: «Якім з наступных варыянтаў расійска-беларускага ўзаемадзеяння, супрацоўніцтва вы аддаяце перавагу больш за ўсё?».

    Рэспандэнтам даваліся розныя опцыі. Напрыклад, Беларусь і Расія павінны быць незалежнымі дзяржавамі з адкрытымі межамі, без віз і мытні. Альбо яны павінны аб’яднацца ў адну дзяржаву. Альбо як з іншымі дзяржавамі, але з візамі, мытняй, межамі і гэтак далей.

    Дамінуючую пазіцыю стабільна займаюць адносіны дзвюх незалежных дзяржаў, але без межаў, віз і мытні.

    Як расійская прапаганда атакуе Беларусь і Украіну? Сабралі вынікі даследавання

    У дачыненні да нашай тэматыкі цікавасць уяўляе наступнае. Варыянт «Беларусь павінна стаць часткай Расіі, як суб’ект федэрацыі» выбралі 2,6%. Гэта даныя лістапада 2023 года. А ў апытанні 2009 года за гэта выказаліся 4%.

    Гэта значыць, за 14 гадоў не адбылося аніякіх змен: лічбы 4% і 2,6% у статыстычным сэнсе тоесныя, паколькі для дадзенага аб’ёму выбаркі даверны інтэрвал або дапушчальная хібнасць выніку роўная 3,2%.

    Галоўная выснова: уяўленне, што наша краіна не павінна ўваходзіць у склад Расійскай Федэрацыі — гэта канстанта беларускай грамадскай думкі. Паміж 2009‑м і 2023‑м гадамі мы дзясяткі разоў задавалі такое пытанне і заўсёды атрымлівалі адзін і той жа вынік. Гэта і ёсць зона ментальнай супраціўляльнасці.

    Цяпер пяройдзем да зоны змяняльнасці. Прыкладам таксама з’яўляюцца геапалітычныя арыентацыі, але ў іншай фармулёўцы: «У якім саюзе, на вашу думку, было б лепш народу Беларусі жыць: у ЕС або ў саюзе з Расіяй?».

    І тут мы бачым дынаміку. З лютага 2022 года можна гаварыць пра чатыры этапы.

    Калі пачалася вайна, пераважная колькасць экспертаў, уключаючы мяне, лічылі, што будзе істотнае і хуткае паніжэнне арыентацыі беларусаў на Расію. Але ў жыцці здарылася інакш.

    Пачалося вельмі інтэнсіўнае сістэматычнае ўздзеянне з боку расійскіх сродкаў масавай інфармацыі, наратывы якіх падтрымліваліся іншымі медыйнымі патокамі, перш за ўсё, беларускімі дзяржаўнымі медыя. Вайна падавалася ў такім святле, што яна ажыццяўляецца толькі высокадакладнай зброяй па вузка абмежаваных канкрэтных цэлях — супраць «дрэнных хлопчыкаў» на Банкавай вуліцы Кіева, а не супраць украінскага народа. На выхадзе гэта прывяло да ўзмацнення арыентацыі на Расію.

    Другі этап — гэта перыяд рэзістэнтнасці. Пачала вельмі магутна і інтэнсіўна выяўляцца такая ўласцівасць беларускага менталітэту, як гістарычная памяць. Драматычная гістарычная памяць, якую сфармавалі войны, што ў вялікай колькасці праходзілі праз тэрыторыю Беларусі.

    Гаворка ж не толькі пра Другую сусветную. Гэта была сістэмная з’ява, з якой сутыкалася ледзь не кожнае пакаленне беларусаў. Або праз пакаленне, калі ісці ўглыб гісторыі: Першая сусветная, войны Пятра I, Невядомая вайна, у якой загінула да паловы насельніцтва беларускіх зямель.

    І ўвесь гэты жах, які рэгулярна адбываўся на тэрыторыі Беларусі, спарадзіў такую гісторыка-генетычную памяць, якая носіць характар імгненнай рэакцыі на вайну: калі яна дзесьці паблізу, то, можа быць, не разбіраючыся ў прычынах, трэба хутка адысці ўбок. Ніякім чынам не ўкараняцца, не ўмешвацца і не пагружацца.

    Гэтыя дзве сілы, медыйнае ўздзеянне і гістарычная памяць, супрацьстаялі адна адной такім чынам, што выступалі як роўныя, і ні адна не магла ўзяць верх. Таму быў адрэзак, калі не назіралася ні павелічэння, ні змяншэння арыентацыі на Расію. Візуальна гэта выглядае як плато.

    Але потым наступіў спецыфічны паварот у знешнепалітычных паводзінах некаторых заходніх краін, калі беларусы пачалі прыраўноўвацца да расійцаў. Складанасці з атрыманнем шэнгенскіх віз, абмежаванне ўезду легкавых аўтамабіляў з беларускімі нумарамі, змяншэнне магчымасцей адукацыі і вядзення бізнесу для беларусаў на Захадзе…

    У гэтай сітуацыі ўжо ніякай гістарычнай памяці не хопіць, каб супрацьстаяць такім двум патокам. Як следства, прарасійскія настроі ў Беларусі пачалі павышацца.

    І чацвёрты этап: медыйнае ўздзеянне і факты дыскрымінацыі беларусаў як бы ўвайшлі ў рэзананс. Што спрыяла яшчэ большаму росту арыентацыі на Расію.

    Такая сітуацыя на сённяшні дзень.

    Новая методичка пропаганды: С дельными советами беларусам пытаются скормить кое-что похуже

    Трэба сказаць, што нейкія аналагічныя дынамікі адбываліся ў шэрагу краін рэгіёна. Але незваротных працэсаў у масавай свядомасці не бывае. У гэтым сэнсе Беларусь не ёсць выключным кейсам. Плацінамі перагароджваюць і самыя магутныя рэкі свету. Берлінскі мур быў не толькі пабудаваны, але і разбураны. І тут ужо будзе патрэбны не напільнік, а малаток.

    Але ці захочуць гэтага адпаведныя эліты, якія прымаюць палітычныя рашэнні…

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Акцэнты

    «Нават збеглую, нават іх прыхільніцу». Прапаганда пераконвае беларусаў, што трэба вяртацца дадому, выкарыстоўваючы гісторыю згвалтавання ў Варшаве

    06.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці