АНТ запускае інтэлектуальнае шоу — гэта калька сусветнага хіта
АНТ набірае ўдзельнікаў. А пераможцу абяцаюць узнагароду 10 тысяч рублёў.

Фота: АНТ
На рэсурсах канала АНТ з’явілася аб’ява пра хуткую прэм’еру — інтэлектуальнае шоу «Адзін на адзін». Гэта гульня з 49 удзельнікамі, кожны з якіх займае сваю ячэйку на полі і з’яўляецца экспертам у нейкай сферы: напрыклад, шмат ведае пра сучасную музыку, гатункі віна ці авіяцыю.
Паводле правілаў шоу, гульцы мусяць кідаць адно аднаму выклік і адказваць на простыя пытанні. Пераможца такой міні-дуэлі забірае сабе ячэйку суперніка, а той, хто выцісне ўсіх супернікаў з поля, атрымае 10 тысяч рублёў. Таксама на полі будуць сакрэтныя зоны з дадатковымі прызамі.
Цяпер АНТ чакае заяўкі ад патэнцыйных удзельнікаў шоу.
«Адзін на адзін» — клон папулярнага галандскага праекта The Floor, вось толькі памер поля зменены: калі ў АНТ на полі будзе 49 ячэек (квадрат 7×7), то ў галандцаў была 81 ячэйка (9×9). Такім чынам АНТ адаптуе фармат пад меншую па памеры студыю або проста робіць змены, каб пазбегнуць абвінавачванняў у сляпым капіраванні.

Паводле трэйлера АНТ, вось так мусіць выглядаць гульнявое поле «Адзін на адзін»

А гэта — кадр з аўстралійскай версіі шоу The Floor. Фота: U&MaxAnimate Global / YouTube
The Floor упершыню выйшла ў Нідэрландах у 2023 годзе і хутка разляцелася па свеце. Фармат шоу прадалі ў дзясяткі краін — ад Аргентыны і Аўстраліі да Польшчы і Латвіі. Асабліва папулярным шоу атрымалася ў ЗША: тамтэйшыя пераможцы могуць выйграць 250 тысяч даляраў.
@bajmedia