Апеляцыйную скаргу Настассі Мацяш Вярхоўны суд разгледзіць 28 чэрвеня
Разгляд апеляцыйнай скаргі Настассі Мацяш, асуджанай па абвінавачанні ў супрацы з тэлеканалам «Белсат», пачнецца ў Вярхоўным судзе Беларусі 28 чэрвеня а 10.30. Суддзёй прызначаны Сяргей Гураў.
Настасся Мацяш абскарджвае прысуд, паводле якога яе пакаралі двума гадамі пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі і штрафам у памеры 20 тысяч рублёў.
Такое рашэнне 19 красавіка прыняла суддзя Мінскага гарадскога суда Святлана Макарэвіч. Суддзя прызнала Мацяш вінаватай паводле часткі 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні).
Паводле боку абвінавачання, Настасся Мацяш з чэрвеня 2021 года да лістапада 2023 года, «з’яўляючыся моўным кансультантам Польскага тэлебачання «TVP», у склад якога ўваходзіць польскі тэлеканал «Белсат tv Belsat», неаднаразова на загад кіраўніцтва «Белсат», прызнанага экстрэмісцкім фарміраваннем, ажыццяўляла правядзенне моўных кансультацый, пераклад, карэктаванне, рэдагаванне тэкстаў, якія ў далейшым выкарыстоўваліся ўдзельнікамі экстрэмісцкага фарміравання «Белсат» для экстрэмісцкай дзейнасці, у тым ліку шляхам стварэння і распаўсюду з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі і сеткі інтэрнэт, а таксама выконвала іншыя даручэнні па ўказанні кіраўніцтва «Белсат»».
Следства заяўляла, што Мацяш нібыта атрымала «злачынны даход» у суме 40 000 польскіх злотых, 12 258 даляраў і 8575 еўра. Па рашэнні Мінскага гарадскога суда, гэтыя грошы — у пераліку 102 415 рублёў і 12 капеек — яна мусіць сплаціць дзяржаве «ў якасці даходу, атрыманага злачынным шляхам».
27 траўня Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала жанчыну палітычнай зняволенай.
Хто такая Настасся Мацяш?
Настасся Мацяш — беларуская лінгвістка і адданая прыхільніца беларускай мовы, маці двух сыноў. У 2017 годзе яна перапісвалася з Алесем Яўдахам — распаўсюднікам беларускіх кніг, затрыманым па справе «Белага легіёну». Тады яна казала, што ён у зняволенні «беларусізуе Пішчалаўскі замак» (так у Мінску называлі турму на Валадарскага да рэвалюцыі 1917 года). Цяпер яна сама апынулася ў СІЗА «на Валадарцы». Пасля разгляду апеляцыі ў Вярхоўным судзе, калі ён не адменіць вердыкту суда першай інстанцыі, жанчыну чакае этап на месца адбыцця прысуду.