• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Улады арыштавалі зямельны ўчастак экс-рэдактаркі «Новага Часу» Аксаны Колб

    Арышт маёмасці адбыўся яшчэ 31 ліпеня 2024 года, але пра гэта Аксана Колб даведалася днямі. Яна мяркуе, што гэта адбылося ў межах крымінальнай справы, заведзенай на яе напрыканцы 2023 года нібыта «за дыскрэдытацыю» і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

    Улады арыштавалі зямельны ўчастак экс-рэдактаркі «Новага Часу» Аксаны Колб

    Былая рэдактарка «Новага Часу» Аксана Колб кажа, што ўся маёмасць, што заставалася ў яе ў Беларусі, складала «зямельны ўчастак ў 6 сотак, спадчына па маме, і каля 30 акцый прадпрыемства «Лідабудматэрыялы».

    «Днямі высветлілася, што 31 ліпеня 2024 на ўчастак наклалі арышт. Ці арыштаваныя акцыі, не ведаю, але, думаю, што так. Спраўдзіць пакуль што, праўда, не магу», — распавяла журналістка службе маніторынгу БАЖ.

    Аксана Колб лічыць, што арышт адбыўся ў межах крымінальнай справы, заведзенай на яе напрыканцы 2023 года. Падрабязнасцяў яна не ведае — толькі тое, што справа распачатая Следчым камітэтам у Брэсце нібыта «за дыскрэдытацыю» і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

    Няма інфармацыі і пра рашэнне суда Валожынскага раёна, куды Аксану Колб «у якасці асуджанай» выклікалі позвай на 19 сакавіка 2025 года па заяве мясцовага РАУС «аб замене прызначанага пакарання на больш строгае». Аксане Колб у 2022 годзе прызначылі 2,5 гады «хіміі», пасля прысуду яна аказалася часова вольнай і пакінула Беларусь.

    Пераслед Аксаны Колб

    Рэдактарка незалежнай газеты «Новы Час» была затрыманая 20 красавіка 2022 года. Тады група сілавікоў са шчытамі і кувалдамі прыехала да яе ў кватэру, каб забраць «на допыт у Следчы камітэт». Праз два дні стала вядома, што ёй выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Журналістку ўзялі пад варту і да суда ўтрымлівалі ў следчым ізалятары.

    15 чэрвеня 2022 года суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Дзмітрый Карсюк прызнаў Аксану Колб вінаватай і прызначыў 2,5 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (на т. зв. «хімію»).

    Журналістку вызвалілі часова ў зале суда, і яна пакінула Беларусь. Увосень 2022 года Міністэрства ўнутраных спраў РБ уключыла былую палітзняволеную ў «Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».

    На пасадзе галоўнай рэдактаркі незалежнай агульнанацыянальнай газеты «Новы Час» Аксана Колб прапрацавала больш за восем гадоў. Была другім кіраўніком выдання пасля заснавальніка газеты Аляксея Караля.

    Праваабарончай арганізацыяй Аксана Колб была прызнана «Журналістам года-2022».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці