Стрымінгавую платформу Belarus Tomorrow абвесцілі «экстрэмісцкім фармаваннем»
У «Пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» на сайце МУС Беларусі 10 верасня 2025 года дадалі праект Belarus Tomorrow. Гэта першая беларуская незалежная стрымінгавая платформа, якая аб’ядноўвае вядучыя беларускія медыя, блогераў і экспертаў.
Паводле інфармацыі на сайце Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, стрымінгавая платформа Belarus Tomorrow прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем» рашэннем Камітэта дзяржаўнай бяспекі ад 2 верасня 2025 года. І ў той жа дзень рашэнне займела законную сілу.
У якасці асоб, якія, на думку КДБ, займаюцца экстрэмісцкай дзейнасцю, згаданыя медыяменеджары Аляксей Дзікавіцкі, Дзмітрый Новікаў, Павел Марыніч і Павел Свярдлоў. Апрача іх, у склад фармавання нібыта ўваходзіць яшчэ група неназваных грамадзян.
У пераліку на сайце МУС згадваюцца інтэрнэт-рэсурсы, праз якія нібыта здзяйсняецца экстрэмісцкая дзейнасць:
- інтэрнэт-сайт https:/bt.media;
- Telegram-канал «Беларусы Одессы» (ідэнтыфікатар https://t.me/Bel_Tomorrow)
- старонка ў Instagram з назвай «Belarus Tomorrow» (ідэнтыфікатар https://www.instagram.com/belarus_tomorrow/#);
- старонка ў сацсетцы X з назвай «Belarus Tomorrow (ідэнтыфікатар https://x.com/tomorrowbelarus);
- акаўнт у TikTok (ідэнтыфікатар https://www/tiktok.com/@belarus_tomorrow);
- старонка ў Facebook з назвай «belarus_tomorrow» (ідэнтыфікатар https://facebook.com/profile.php?id=61575194612610).
«Экстрэмісцкім» прызнаны і лагатып платформы — «у выглядзе тыпаграфічнага знака “кропля” чырвонага колеру з літарай “В” белага колеру ўнутры, пад якім месціцца надпіс “Belarus Tomorrow”, зроблены чырвоным колерам».
Паводле дзеючага беларускага заканадаўства, асобы, прызнаныя ўдзельнікамі экстрэмісцкага фарміравання, могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці па артыкулах «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім» (артыкул 361–1 КК) ці за «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (артыкул 361–4 КК). Санкцыі паводле гэтых артыкулаў — да 10 гадоў пазбаўлення волі.
