Стрымінгавая платформа Belarus Tomorrow атрымала ліцэнзію вяшчальніка ў Польшчы
Канал Belarus Tomorrow ужо дасяжны ў некаторых еўрапейскіх кабельных сетках. Ён будзе карысным для тых, хто з’ехаў з Беларусі, але яшчэ не ведае замежныя мовы настолькі добра, каб глядзець мясцовае тэлебачанне, паведамляе «Еўрарадыё».

Асноўнай аўдыторыяй праекта застаюцца жыхары Беларусі, у якіх ёсць спадарожнікавыя талеркі.
Нагадаем, што Belarus Tomorrow збірае кантэнт у YouTube транслюе яго праз спадарожнік Hotbird. Сігнал дасяжны для 128 тысяч хатніх гаспадарак у Беларусі, а таксама для гледачоў у краінах Еўрасаюза, Турцыі, Расіі. Заснавальнікі платформы ўпэўнены, што гэта — першы крок да стварэння беларускага грамадскага тэлебачання.
Платформа стварае супольную сетку вяшчання 24/7, аб’ядноўваючы вядучыя беларускія медыі, блогераў і экспертаў. Не так даўно у яе з’явіўся свой сайт — bt.media.
«Гэта платформа, якая ставіць у цэнтр чалавека, праўду і незалежную журналістыку. Тут няма прапагандзы, толькі разнастайнасць думак і якасны кантэнт, створаны прафесіяналамі. Belarus Tomorrow — гэта магчымасць аднаго кліку атрымаць доступ да альтэрнатывы, якая шануе беларускую мову, культуру і свабоду выбару», — тлумачаць заснавальнікі праекта.

На платформе ўжо дасяжны кантэнт ад Еўрарадыё, Malanka Media, «Беларусы і рынак», «Зеркало», MOST, «Будзьма беларусамі!», BELPOL, а таксама папулярныя праекты: «ТОК», «Беларусы Могуць», БРЦ, TrashSmash, «Беларускі вайб», Media Hub Belarus, Razam, «Перетрем с Халезиным», «Мы вернемся», «Краіна для жыцця» і іншыя.
@bajmedia