Belarus Tomorrow шукае беларускіх экспертаў для ўдзелу ў новых медыяпраектах
Стрымінгавая платформа Belarus Tomorrow шукае беларускіх экспертаў і экспертак для ўдзелу ў новых дыскусійных фарматах. Пра гэта паведаміў галоўны менэджэр платформы Аляксей Дзікавіцкі на сваёй старонцы ў Facebook.

Фота: pexels.com
«Belarus Tomorrow актыўна працуе над некалькі тэлефарматамі, якія з часам паспрабуем запусціць у сябе ці ў нашых партнёраў. Калі ў двух словах, гаворка пра стварэнне пляцовак дзеля шырокага, з удзелам групаў па 4–5‑6 экспертаў, абмеркавання не толькі бягучых праблемаў, але і стратэгічных пытанняў, якія тычацца палітыкі і геапалітыкі, эканомікі, культуры і гэтак далей», — піша Аляксей Дзікавіцкі.
Зараз шукаюць беларускіх экспертаў і экспертак, якія маюць адпаведныя кваліфікацыі, але дагэтуль з розных прычынаў не выступалі або рэдка выступалі ў СМІ.
Аляксей Дзікавіцкі тлумачыць, што платформа імкнецца даць пляцоўку «новым галасам», каб пашырыць кола ўдзельнікаў публічнай дыскусіі і ўзбагаціць яе свежымі ідэямі і нестандартнымі поглядамі. Разам з тым у праектах плануецца ўдзел і ўжо вядомых спікераў.
Экспертаў, зацікаўленых ва ўдзеле, а таксама тых, хто можа параіць адмыслоўцаў з цікавымі меркаванням, Аляксей Дзікавіцкі просіць звязацца з ім ў асабістых паведамленнях.
@bajmedia