Навагодні цуд. Беларуса, якога ледзь не прагналі дадому, прытуляць у Польшчы
— Пашпарт знайшоўся, рашэнне пра наданне статусу бежанца прыйшло на пошту пад самы Новы год, — дзеліцца з чытачамі Еўрарадыё добрымі навінамі беларускі журналіст светлагорскага медыяхолдынгу «Ранак» Андрэй Ліпскі.

Беларускі журналіст Андрэй Ліпскі / Еўрарадыё
Сутыкнуўшыся з палітычнымі рэпрэсіямі ў Беларусі, Андрэй быў вымушаны бегчы. Ён прыляцеў у Германію, дзе ў яго жыве дачка ад першага шлюбу, здаўся паліцэйскаму і папрасіў палітычнага прытулку.
Чакаючы рашэння, журналіст доўга бадзяўся па лагерах для бежанцаў, адкуль яго дэпартавалі ў Польшчу, не вярнуўшы пашпарт. Андрэй некалькі разоў беспаспяхова спрабаваў легалізавацца на новым месцы. Пасля таго як памежнікі паведамілі, што ён абавязаны добраахвотна вярнуцца ў Беларусь, мужчына напісаў апеляцыю, а Еўрарадыё расказала яго гісторыю.
Цуд пад Новы год
— Ці то праз шуміху ў СМІ, ці то праз тое, што дапамагала дачка, якая жыве ў Германіі і пісала-тэлефанавала па гэтых маіх былых лагерах, пайшоў нейкі рух, — расказвае Андрэй Ліпскі. — У канцы лістапада ці пачатку снежня мне прыйшоў ліст з польскага Міністэрства замежных спраў пра тое, што мой пашпарт з 19 лістапада перададзены ва ўпраўленне па справах замежнікаў.
То-бок пашпарт знайшоўся.
