«Калі я беларус, дык я добры ці дрэнны?» Як беларуска-літоўскі праект Clap&Slap шукае адказы на балючыя пытанні
Reform.news працягвае праект «Культурная Re:візія», у якім праз тэксты беларускіх крытыкаў паспрабуем скласці мапу культурнага ландшафту ў Беларусі і замежжы. Сёння прапаноўваем увазе агляд тэатральнай крытыцы Настассі Панкраватай літоўска-беларускага спектакля Clap&Slap з удзелам Агнетэ Лісічкінайтэ і Ігара Шугалеева.

Сцэна са спектакля Clap&Slap. Фото: D. Ališausko / New Baltic Dance
Пластычная пастаноўка, якая падымае пытанне калектыўнай і персанальнай віны беларусаў у кантэксце вайны ва Украіне — адно з найважнейшых выказванняў, якое паўстала ў выніку заўважнай працы беларускага перформера і актора Ігара Шугалеева ў выгнанні. Ва ўмовах межаў, які закрываюцца, літоўска-беларускі праект разважае: дык што адбываецца паміж літоўцамі і беларусамі?

Настасся Панкратава — беларуская тэатральная крытыца і журналістка (факультэт журналістыкі БДУ). Працавала ў сталічным Тэатры лялек і была аглядальніцай газеты «Культура» (2008–2019). Супрацоўнічала з незалежнымі рэдакцыямі, у тым ліку парталам TUT.BY. У 2018 годзе была названая Чалавекам года Беларусі ў сферы культуры, а таксама атрымала дыплом UNESCO за дзейнасць па прасоўванні беларускага тэатральнага мастацтва ў медыя. З 2022 года, знаходзячыся за мяжой, актыўна працуе як экспертка па беларускім тэатры для міжнародных арганізацый. У 2025 годзе прызначана Additional Councilor ад Беларусі пры міжнародным саюзе дзеячаў тэатра лялек UNIMA. Зараз рыхтуе да друку кнігу пра беларускі тэатр апошняга дзесяцігоддзя.
***
Калі літоўскі тэатральны крытык даведалася, што яе знакамітая суайчынніца Агнетэ Лісічкінайтэ збіраецца супрацоўнічаць з беларускім перформерам Ігарам Шугалеевым, то адразу выказала сумненне, ці танцоўшчыца сапраўды ўпэўнена, што гэты беларус — добры? І ці не баіцца артыстка з‑за такога «неадназначнага» супрацоўніцтва за сваю рэпутацыю? З разгубленасці і вострага пачуцця віны, што адчулі абодва выканаўцы, і вырасла пастаноўка Clap&Slap, якую я змагла пабачыць увосень на Вільнюскім міжнародным тэатральным фестывалі SIRENOS.
Самабічаванне як спроба пазбавіцца душэўных пакутаў
Clap&Slap (што можна перакласці як «Воплеск і поўха») пачынаецца з відэапраекцыі. На тэлевізарах, што стаяць збоку ад сцэны, буйным планам выведзеныя Агнетэ і Ігар, якія нешта ядуць і вядуць нязмушаную гаворку, як маглі гэта рабіць сотні іншых маладых людзей у любым куточку планеты. Выканаўцы — якія ў праекце выступілі яшчэ аўтарамі ідэі і харэаграфіі — абмяркоўваюць любімыя стравы, смяюцца над фанетычна падобнымі словамі, якія пазначаюць розныя прадукты (як, напрыклад, беларускія калдуны і літоўскія koldūnai, апошнія перакладаюцца як «пельмені»). Ці жартуюць над артыкулам з амерыканскага часопіса, дзе халаднік называюць нацыянальнай візітоўкай Польшчы, але і беларус, і літоўка ўпэўненыя, што менавіта іх народнай кухні належыць гэты суп.
Спачатку ў сяброўскай балбатні толькі зрэдку праслізгваюць палітычныя ноткі. Прыкладам, Ігар мякка, але настойліва папраўляе ў ангельскім прамаўленні Агнетэ слова Belarusian з «беларашэн» на «беларусіен». Амаль незаўважная для замежнікаў дэталь, але прынцыповая для нашых суачыннікаў. Паступова гаворка зварочвае на востра-палітычныя тэмы, і вось Агнэтэ патрабуе ад Ігара ўзяць на сябе адказнасць за той факт, што з тэрыторыі Беларусі ў дзень, калі распачалася жудасная вайна, на Украіну ішлі расійскія танкі..

Фота: D. Ališausko / New Baltic Dance
У гэты момант дзеянне з экранаў пераходзіць на сцэну. І калі ўнутры кожнага з суразмоўцаў нарастае пачуццё віны, то аднамаментна ўключаецца і механізм самабічавання. І не толькі ў пераносным сэнсе. Абодва танцоўшчыкі шмат працуюць з тэмай фізічна знясіленага цела. Таму самапакаранне становіцца ў гэтым спектаклі ўяўнай формай: Агнетэ і Ігар на вачах гледача пачынаюць сцябаць сябе па аголеных спінах, дэманструючы, як часта чалавек спрабуе праз цялесны боль пазбавіцца душэўных пакутаў. Ужо праз некалькі ўдараў гледачы бачаць, як разрастаюцца на скуры акцёраў чырвоныя плямы.
Перформеры даследуюць розныя аспекты гэтай філасофскай тэмы, не трактуючы пры гэтым хрысціянскую сімволіку прамалінейна. У нейкі момант да гукаў удараў, што разносяццая ў поўнай цішыні, дадаецца модная мелодыя — і вось ужо танцоўшчыкі пачынаюць пляскаць па сваіх целах у рытм з завадной музыкай, у іх вачах чытаецца непрыхаванае самазахапленне. Гледач ужо ледзь стрымліваецца, каб не пачаць апладзіраваць у такт. Так і некаторыя людзі паступова ператвараюць сваё засмучэнне ў паказную самаахвярнасць, маўляў, паглядзіце, які я малайчына: я так пакутую!

Фота: D. Ališausko / New Baltic Dance
Раўнавага парушаная
З дапамогай мастацтва танцоўшчыкі даследуюць яшчэ адну вострую тэму: яны імкнуцца намацаць водападзел паміж асабістай і калектыўнай адказнасцю. Творцы ведаюць, пра што ідзе размова, бо гэтая мяжа пралягла і праз іх жыцці і прафесійныя стасункі.
Абодва выканаўцы — паспяховыя артысты ў сваіх краінах. У Літве Агнетэ называюць адной з самых выдатных танцоўшчыц, яе шэсць разоў намінавалі на вышэйшую нацыянальную тэатральную прэмію «Залаты сцэнічны крыж». Запатрабаваная яна і на міжнароднай сцэне.
Ураджэнец Гомеля Ігар Шугалееў у 2012 годзе скончыў сталічную Акадэмію мастацтваў, дзе навучаўся акцёрскаму майстэрству на курсе Уладзіміра Мішчанчука. На пачатку кар’еры найчасцей выходзіў на сцэну ў якасці драматычнага артыста. Паралельна прыходзіў педагогам па пластыцы ў alma mater, удзельнічаў у пастаноўках калектываў, якія моцна прагучалі ў беларускай тэатральнай прасторы: харэаграфічнага KARAKULI, пластычнага KORNIAG theatre, разнапланавага TOK Theatre. А таксама супрацоўнічаў з вядомымі далёка па-за межамі краіны HUNCHTheatre Belarus і Беларускім Свабодным тэатрам.
На працягу трох гадоў (2015–2018) Ігар выкладаў у Міжнароднай тэатральнай Акадэміі Мюнхена. А з 2019 года ўсё актыўней кааперыраваўся з рознымі творцамі, ствараючы міждысцыплінарныя сольныя праекты на сумежжы тэатра, танца і перфоманса.
На жаль, творчы ўзлёт у Беларусі працягнуўся нядоўга па вядомых прычынах: з‑за ўдзелу ў мірных пратэстах 2020 года Ігар быў выціснуты з радзімы. У 2021 годзе жыў ва Украіне, пасля шмат падарожнічаў па Германіі і канчаткова асеў у Польшчы, працягваючы даследаваць на міжнародных пляцоўках такія тэмы, як пратэст, уплыў палітычных рэжымаў і асабістае разуменне свабоды.

Фота: D. Ališausko / New Baltic Dance
Разам з міжнародным прызнаннем лёс падкінуў перформеру і асабістае выпрабаванне: спадар Шугалееў атрымаў сур’ёзную траўму калена. Улетку 2023 года дзякуючы падтрымцы Беларускага Свабоднага тэатра, Інстытута тэатра ў Варшаве і надзейных сяброў танцоўшчыка прааперавалі. Некалькі месяцаў ён перасоўваўся выключна на мыліцах, рыхтуючыся да другога хірургічнага ўмяшальніцтва і — пасля гэтага — паўгадавой рэабілітацыі. Прадзюсарка Ігара Марына Дашук нават аб’яўляла збор, каб усім светам дапамагчы артысту ў яго змаганні за вяртанне да нармальнага жыцця.
І людзі не засталіся ўбаку ад гэтай бяды, як да гэтага і сам Ігар не праходзіў міма чужога болю. Як вядома, усе сродкі, сабраныя ад выступаў спадара Шугалеева ў спектаклі «375 0908 2334/ Цела, якому вы тэлефануеце, зараз недаступнае», накіроўваліся на дапамогу пазбаўленым волі ў Беларусі. А гэты праект быў прэзентаваны 38 разоў у 10 краінах Еўропы.
Ігар змог вярнуцца да прафесійнай дзейнасці і зрабіў гэта трыўмфальна: сёлета беларус быў прыняты ў штат аднаго з найлепшых калектываў Польшчы — Новага тэатра. Пагадзіцеся, рэдкая з’ява для айчынных творцаў, якія вымушаны працаваць у выгнанні.
Але вернемся да праекта «375 0908 2334/ Цела, якому вы тэлефануеце, зараз недаступнае» ў рэжысуры Сяргея Шабохіна, які ў нашай гісторыі адыграў яшчэ адну важную ролю. Яшчэ ў 2021 годзе гэтая пастаноўка прэзентавалася на форуме New Baltic Dance. Тады на перфоманс, у якім Ігар імітуе цялесны досвед, атаясамляючы сябе з затрыманымі падчас пратэстаў, прыйшла і Агнетэ Лісічкінайтэ.
Падкрэслю, што пра падзеі 2020 года танцоўшчыца ведала яшчэ да знаёмства з Ігарам і нават удзельнічала ў дэманстрацыях каля пасольства Беларусі ў Вільні, дзе, дарэчы, была арыштаваная.
Такім чынам, кожны з танцоўшчыкаў мог ганарыцца сваім калегам як за творчыя дасягненні, так і за жыццёвую пазіцыю. Але раўнавага парушылася з пачаткам вайны ва Украіне. Тады Агнетэ прыняла рашэнне больш не супрацоўнічаць з творцамі з Расіі. Але як ставіцца да беларусаў?

Фота: D. Ališausko / New Baltic Dance

Фота: D. Ališausko / New Baltic Dance
«А ён нармальны?»
У сваім перфомансе-даследаванні два творцы пакутуюць на гэты ўнутраны разлад. А калі ты не можаш даць рады самому сабе, то як знайсці той камертон, які дазволіць табе ацэньваць свае стасункі з іншымі? На экраны каля сцэны выводзяць гісторыю Ігара, які праз сваю палітычную пазыцыю ўжо чатыры гады не можа абняць маці. Дык ці павінен беларус быць двойчы пакараным: спачатку сваёй дзяржавай, а цяпер і іншымі, толькі з‑за свайго грамадзянства?
Артыст вінаваціць сябе за тое, што сёння адбываецца з яго краінай. Ён, натуральна, супраць вайны ва Украіне. Але ці павінен кожны чалавек несці на сваіх плячах цяжар калектыўнай адказнасці? Таму Ігар, пераходзячы ад абагульняючай абстракцыі, таксама задае каляжанцы простае пытанне: «Калі я беларус, дык я добры ці дрэнны?». Такім чынам ён уголас прамаўляе тую дылему, якая апошнія тры гады трымціць у паветры як унутры нашага грамадства, так і ў многіх суседніх з намі дзяржавах.
Агнетэ агучвае, што для яе непрымальнае тое, што беларусы ў свеце праз сваю нацыянальнасць становяцца нерукапаціскальнымі. Аднак дзяўчыну душыць унутраны страх вайны, з‑за чаго літоўка інстынктыўна, як і сотні тысяч яе суайчыннікаў, імкнецца схавацца ад любога, хто нагадвае ёй пра магчымасць узнікнення такога ліхалецця. І таму нават яе ўласныя рукі, якія раней праз апладысменты маглі дарыць безумоўную падтрымку сінепашпартнаму калезе, цяпер, адсылаючы да назвы спектакля, раздаюць таму поўхі.
У гэтай разгубленасці перформерка ўзгадвае словы іншых танцоўшчыц, якія перапытваюць: «Ты сапраўды будзеш працаваць з беларусам? А ён нармальны?». Ды цытуе ўкраінку, якая адразае: «Я б ніколі не працавала з беларусам». І вось ужо Агнетэ пачынае накідвацца з абвінавачаннямі на таго, з кім яна яшчэ ўчора будавала творчыя планы. Тая ўнутраная падвоістаць раздзірае яе.

Фота: D. Ališausko / New Baltic Dance
Паспрабаваць пачуць супрацьлеглы бок
Напрыканцы выканаўцы бяруць мікрафоны і ў практычна поўнай цемры пачынаюць спяваць на сваіх родных мовах. У зале гучаць нацыянальныя гімны (праз экран гледачу адразу нагадваюць, што афіцыйным Мінскам выбраны Ігарам твор не прызнаны), над гледачамі ўзвіваюцца беларускія словы пра «Пагоню», якую не спыніць-не стрымаць і пра маці-радзіму Беларусь. Галасы яднаюць і прыміраюць хаця б гэтых дваіх, і на нейкі момант сціхаюць тыя спрэчкі, што зноў будуць гучаць заўтра ўдзень. Так, адным спектаклем не вырашыць сённяшніх супярэчнасцяў. Але гэта якраз тыя неабходныя маленькія крокі, каб на простых прыкладах паказаць: трэба хаця б паспрабаваць пачуць супрацьлеглы бок.
Нельга абысці ўвагай склад дадзенага праекта. Акрамя Ігара і Агнетэ ў каманду ўвайшлі рускамоўная рэжысёрка-кансультант Вольга Лапіна, кампазітарка Агне Матулевічуце, чыя маці — руская. Мастаком-пастаноўшчыкам выступіў украінец Алег Макухін, драматургам — брытанец Буш Хартсорн. Мо таму, калі ў адным калектыве сабраліся прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў, паміж якімі ў апошнія тры гады надзвычай абвостраныя зносіны, канчатковы тэатральны прадукт атрымаўся такім жывым, гаваркім і востра заточаным.
Да таго ж Clap&Slap адказвае і на рытарычнае пытанне беларусаў, якое лунае ў паветры з часоў рэвалюцыі: што ёсць беларускае мастацтва? Ці павінна яно ў замежжы заставацца ў дыяспаральным анклаве? А можа, лепш паспрабаваць стаць часткай арт-прасторы той краіны, дзе часова пусціў свае карані? Ігар Шугалееў міксуе гэтыя часткі дылемы, якія для многіх з’яўляюцца супрацьлеглымі палюсамі.
Ён, жывучы ў адной еўрапейскай краіне, выступае суаўтарам працы прадстаўніцы іншай дзяржавы, дзе, дарэчы, канчатковы прадукт (першыя рэдакцыі спектакля ствараліся ў межах арт-рэзідэнцый) быў прафінансаваны Міністэрствам культуры Літвы. Міжнацыянальная каманда выносіць на аўдыторыю міжнароднага фестывалю вельмі балючую тэму, пра якую беларусы лічаць за лепшае гаварыць унутры сваёй бурбалкі, але не ўздымаць у прысутнасці замежнікаў.
У зале практычна не было нашых суайчыннікаў, а іншамоўныя гледачы сёння, як мы ведаем, маюць да беларусаў хутчэй насцярожанае стаўленне, чым прыязнае. У гэтых абставінах мастацкая спроба зрабіць крок ад абвінавачанняў да памкнення зразумець сапраўды ўражвае.

Фота: D. Ališausko / New Baltic Dance
***
Праект падтрыманы праграмай ArtPower Belarus і фінансуецца Еўрапейскім Cаюзам.
@bajmedia