• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Народны Лукашэнка» і замежныя падпісчыкі. Як беларуская прапаганда перад выбарамі працуе ў TikTok

    Колькасць падпісчыкаў у праўладных каналах Tik­Tok не перавышае некалькі соцень тысяч, аднак яна імкліва расце, а відэа набіраюць мільённыя прагляды. Радыё Свабода прааналізавала сотні праўладных каналаў у Tik­Tok і паглядзела, што яны паказваюць перад выбарамі.

    Як беларуская прапаганда перад выбарамі працуе ў TikTok

    Ілюстрацыйны каляж / Радыё Свабода

    Tik­Tok — адна з самых папулярных сацыяльных сетак у Беларусі, а па інтэнсіўнасьці наведваньня дык і самая папулярная. Ёю карыстаюцца 5,6 мільёна чалавек ва ўзросьце ад 18 гадоў (згодна з рэклямнымі дадзенымі ByteDance Ltd. — мацярынскай кампаніі Tik­Tok) — фактычна гэта ўсё працаздольнае насельніцтва краіны (усяго ў Беларусі — каля 9 мільёнаў на 2023 год).

    Пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і масавых пратэстаў улады сталі больш пільна глядзець на сацыяльныя сеткі, а таксама актыўна, хоць і ня надта сыстэмна, выкарыстоўваць іх у сваіх мэтах.

    Свабода прааналізавала больш за 100 праўрадавых акаўнтаў у Tik­Tok — з дапамогай аналітычнага сэрвісу Exy­lot і ручной праверкі — і расказвае, пра што яны, як рэагуюць на дзяржаўную палітыку, ці асьвятляюць выбарчую кампанію і якім паказваюць Лукашэнку.

    «TikTok — ядзерная зброя»

    Некалькі тыдняў таму ў Румыніі з прычыны хуткай раскруткі ў Tik­Tok прарасейскага кандыдата Кэліна Джарджэску адмянілі вынікі першага туру прэзыдэнцкіх выбараў, на якіх ён набраў 22,94%. Да гэтага Джарджэску быў малавядомым інжынэрам-аграномам. Цяпер румынская пракуратура вядзе расьсьледаваньне аб подкупе выбарнікаў, адмываньні грошай, кампутарным махлярстве. Спэцслужбы краіны выявілі, што Кэліна Джарджэску, якога лічаць прарасейскім, у перадвыбарнай кампаніі падтрымлівалі дзясяткі тысяч акаўнтаў Tik­Tok.

    У самой кампаніі румынскім уладам паведамілі, што выявілі патэнцыйную сетку карыстальнікаў, якія ўдзельнічалі «ў дзеяньнях па маніпуляваньні грамадзкай думкай у перадвыбарным кантэксьце», а таксама сетку акаўнтаў, зьвязаных з расейскім дзяржаўным СМІ Sput­nik. Падрабязна пра гэта расказвала Румынская служба Радыё Свабода.

    Тытульная старонка Кэліна Джарджэску ў Tik­Tok

    Нечакана, але скандал з Tik­Tok у Румыніі актыўна асьвятлялі беларускія праўладныя мэдыя, дадаючы ад сябе, што прычына ў тым, што «Брусэль не задаволіў кандыдат», а дадзеныя выведкі пра ўплыў Масквы — гэта «ўскосныя і непераканаўчыя факты».

    У Беларусі вынікі выбараў не прызнаюцца міжнароднай супольнасьцю з 2001 году, а ўлада цалкам належыць Лукашэнку і ягонай камандзе. Тым ня менш дзяржаўная прапаганда актыўна спрабуе выкарыстоўваць новыя інструмэнты, у тым ліку Tik­Tok.

    Нядаўна Натальля Пяткевіч, першая намесьніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі, нават назвала Tik­Tok «ядзернай зброяй» — бо грамадзяне выкарыстоўваюць плятформу для выказваньня сваіх крыўдаў — і дадала, што «ў 70–80 працэнтах выпадкаў гэтую сытуацыю можна было прадухіліць на раньняй стадыі».

    Яе асьцярогі ня марныя: беларусы рознага ўзросту і статусу выкарыстоўваюць Tik­Tok як своеасаблівую трыбуну, расказваючы пра цэны ў крамах, абслугоўваньне ў дзяржаўных установах, пра тое, чаму вучаць дзяцей у школах.

    Паводле дасьледаваньня экспэртаў міжнароднай ініцыятывы iSANS, колькасьць беларусаў у гэтай сацыяльнай сетцы за два гады вырасла амаль удвая — з 3,08 млн карыстальнікаў у 2022 годзе да 5,36 млн на пачатак 2024-га.

    Магчыма, якраз дзеля таго, каб «прадухіліць на раньняй стадыі» і кантраляваць, улады самі імкліва ідуць у сацыяльныя мэдыя, у Tik­Tok у тым ліку.

    Толькі за другую палову 2024 году праўладныя арганізацыі і самі чыноўнікі ініцыявалі некалькі актыўнасьцяў, наўпрост зьвязаных з Tik­Tok. У верасьні, напрыклад, упершыню ў Беларусі прайшоў форум блогераў «БлогБай», ініцыяваны міністрам інфармацыі, а ў мінулым — тэлепрапагандыстам Маратам Маркавым. У лістападзе пралукашэнкаўскі Саюз моладзі (БРСМ) распачаў прэмію IT Youth — для тых, хто найбольш ярка «разьвівае інтэрнэт-рэсурсы і папулярызуе дзейнасьць БРСМ». Моладзь такім чынам завабліваюць у сацсеткі, ставячы перад ёю канкрэтныя прапагандысцкія задачы.

    Лукашэнка ў цікток

    Адзін з Tik­Tok-акаўнтаў, які прысьвечаны дзейнасьці Аляксандра Лукашэнкі, скрыншот

    Акцэнт на пэрсоне Лукашэнкі

    Аналізуючы профілі ў Tik­Tok, якія трансьлююць пралукашэнкаўскую пазыцыю, можна заўважыць, што многія зь іх былі створаныя летам 2023 году — прынамсі, гэта дакладна можна сказаць пра два з трох самых буйных такіх акаўнтаў. Некаторыя зь іх безыменныя, там публікуюць толькі відэа з Лукашэнкам. Іншыя вядуць дзяржаўныя СМІ, улады і блогеры, якія хваляць афіцыйную лінію.

    Беларуская прапаганда ў Tik­Tok амаль не прысьвячае ўвагі будучым прэзыдэнцкім выбарам. Увага аддаецца піяру Лукашэнкі: які ён гаспадар, які чалавечны — побач са звычайнымі людзьмі, як гаворыць пра зразумелыя, простыя рэчы.

    Калі паглядзець на сетку акаўнтаў беларускай прапаганды ў Tik­Tok, можна заўважыць, што яна мае некалькі варыянтаў падачы інфармацыі па форме і па складзе.

    Сетка праўладных акаўнтаў у Tik­Tok — гэта проста відэа з Лукашэнкам. Іншага кантэнту там няма. Няясна, хто ствараў гэтыя акаўнты, няма частых для гэтай сацсеткі спасылак на старонкі ў іншых сацыяльных сетках.

    Назвы таксама падобныя, шмат у чым яны асацыююцца з назвай афіцыйнага каналу Лукашэнкі ў Telegram, які называецца «Пул первого». Вось некалькі прыкладаў:

    First_news_ — адзін з самых буйных прарэжымных каналаў, акаўнт зь відэа пра Лукашэнку ці расповедамі пра яго, мае 211 000 падпісчыкаў. Тут галоўнага героя відэа спрабуюць падаць як частку народу: выразаюць кавалкі, дзе ён папросту гаворыць зь людзьмі ў паездках па краіне, сьпявае разам са студэнтамі, расказвае пра розныя старонкі сваёй біяграфіі. Гэты канал створаны ўлетку мінулага году.

    Сярод апошніх відэа ў гэтым акаўнце самыя папулярныя:

    • Лукашэнка пытаецца, дзе мэдсястра сьпіць на працы, — 1,6 мільёна праглядаў
    • Лукашэнка пытаецца, чаму ў канструктарскім бюро «Пожснаб» працуюць адны мужчыны, — 613,7 тысячы праглядаў
    • Лукашэнка прыляцеў у Барысаў — 392,7 тысячы праглядаў

    Прылёт Аляксандра Лукашэнкі ў Барысаў, скрыншот

    Prostop­er­vy — у гэтым канале таксама відэа з Лукашэнкам, аднак тут ён сварыцца на чыноўнікаў і «наводзіць дысцыпліну». Аўтары дасталі нават старое відэа з «абасранымі каровамі», калі Лукашэнка крычаў на калгасьнікаў у Магілёўскай вобласьці ў сакавіку 2019 году.

    Канал мае 93,4 тысячы падпісчыкаў. Відэа з каровамі набрала 5,3 мільёна праглядаў. Сам канал створаны ўлетку 2023 году, то бок старое відэа перазалілі і запосьцілі ў ліпені мінулага году, такую колькасьць праглядаў яно набрала больш як за год.

    Ролік у Tik­Tok, дзе Лукашэнка разьбіраецца з «абасранымі каровамі», зьняты задоўга да зьяўленьня каналу

    Lukashenko_top — Яшчэ адзін канал, дзе амаль усе відэа з удзелам Лукашэнкі. Тут яго прадстаўляюць па-рознаму: паказваюць як простага суразмоўцу, трансьлююць ягоныя апошнія палітычныя заявы. Таксама ў канале шмат відэа з маладым Лукашэнкам 15—20-гадовай даўнасьці. У канала 39,4 тысячы падпісчыкаў.

    Такіх каналаў каля дзясятка, аднак іншыя маюць менш падпісчыкаў. Іх назвы могуць адрозьнівацца на адну літару ці лічбу. Такая колькасьць клонаў можа быць патрэбная, каб перастрахавацца на выпадак блякаваньня, мяркуе мэдыяаналітык Міхаіл Дарашэвіч.

    «Яны могуць перастрахоўвацца, каб акаўнты не павыдалялі. Калі будзе нейкі перабор з прапагандай і будуць скаргі, то інструмэнтаў, каб узаемадзейнічаць з адміністрацыяй, няшмат, таму яны робяць клоны», — кажа мэдыяаналітык.

    Будучыя прэзыдэнцкія выбары прапагандай у Tik­Tok зусім не рэклямуюцца і згадваюцца ў адзінкавых выпадках, бо «нават прапагандысты разумеюць, што выбары — гэта пастаноўка». Такую думку ў размове са Свабодай выказвае палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва Pozirk Аляксандар Класкоўскі.

    «Акцэнт робіцца на тым, што канкурэнтаў у Лукашэнкі ня бачна на гарызонце, што ён унікальны. Акцэнт робіцца не на імітацыйнай працэдуры, а на пэрсоне, на ягонай незаменнасьці. Улада спахапілася, каб працаваць у інтэрнэце пасьля 2020 году. Усё гэта робіцца даволі дубова, бо крэатыву па разнарадцы цяжка дамагчыся. Гэтая сыстэма не прывучае да творчасьці», — мяркуе Аляксандар Класкоўскі.

    Напрыклад, у адным з рэдкіх відэа Лукашэнка згадвае выбары і кажа, «што імі няма калі займацца». У відэа мінімальная колькасьць праглядаў для гэтага акаўнта — 522.

    Бальшыня падпісчыкаў — не зь Беларусі

    Існуюць і іншыя падабенствы ў Tik­Tok-відэаблогах, якія з розных бакоў расказваюць пра дзейнасьць Аляксандра Лукашэнкі і пазытыўна выказваюцца пра дзяржаўную палітыку. У акаўнтах, якія ўтрымліваюць пераважна відэа з Лукашэнкам ёсьць падобныя асаблівасьці па падпісчыках і па часе, калі яны пачалі сваю актыўнасьць у Tik­Tok. У прыватнасьці, больш за палову падпісчыкаў бальшыні гэтых каналаў — не зь Беларусі. Такія зьвесткі дае сэрвіс аналізу exolyt.

    Напрыклад, вось так выглядае геаграфія бальшыні падпісчыкаў самага буйнога зь іх, каналу @first_news_ паводле exolyt.com:

    • Беларусь — 40%
    • Малдова — 17%
    • Украіна — 8%
    • Казахстан — 8%

    Скрыншот з сэрвісу exolyt

    Іншыя сэрвісы аналізу падпісчыкаў даюць адрозныя зьвесткі, але таксама паказваюць вялікую небеларускую аўдыторыю. Падобную статыстыку, дзе менш за палову падпісчыкаў — зь Беларусі, дае аналіз і іншых акаўнтаў такога кшталту.

    Напрыклад, канал @prostopervy, паводле https://exolyt.com/, мае такую геаграфію падпісчыкаў:

    • Беларусь — 30%
    • Малдова — 24%
    • Казахстан — 8%

    У гэтых графіках дзіўна выглядае Малдова. Адтуль могуць быць купленыя боты, але мы не знайшлі гэтаму дакумэнтальнага пацьверджаньня.

    Сэрвісы для аналізу аўдыторыі Tik­Tok адносна маладыя, для аналізу дадзеных яны могуць выкарыстоўваць розныя альгарытмы, таму вынікі могуць адрозьнівацца. Калі ж прааналізаваць падпісчыкаў каналу @first_news_ уручную, то шэраг акаўнтаў-падпісчыкаў выглядаюць «нежывымі»: маюць адзін ці некалькі запісаў, некаторыя зь іх на неўласьцівых для Беларусі мовах.

    Паводле мэдыяаналітыка Міхаіла Дарашэвіча, гэта можа сьведчыць пра выкарыстаньне ботаў-падпісчыкаў.

    «Калі падазроная колькасьць падпісчыкаў з розных краін, якая гэтым кантэнтам можа не цікавіцца, гэта можа быць набыцьцё падпісчыкаў. З аднаго боку, Tik­Tok шмат кім недаацэньваецца як інструмэнт дэзынфармацыі. Зь іншага боку, цяжка зразумець, што працуе ў гэтай сацсетцы для аўдыторыі ў Беларусі, а што не», — кажа мэдыяаналітык.

    Існуе шмат сэрвісаў, якія прадаюць падобныя паслугі. Напрыклад, адзін з расейскіх сайтаў прапаноўвае 100 падпісчыкаў па цане менш як палова даляра (45 расейскіх рублёў).

    Падобная цана такой паслугі і на іншых сэрвісах. Максымальная, якую знаходзім, — каля 1,6 даляра за 100 падпісчыкаў, іх абяцаюць вельмі тэрмінова.

    Праўладныя блогеры

    Яшчэ адна група праўладных акаўнтаў — блогеры, якія не хаваюць свой твар і посьцяць розны кантэнт: перамешваюць забаўляльныя відэа і відэа з адкрытай падтрымкай улады.

    Напрыклад, блогер з Горадні @artem_pul называе сябе «фотажурналістам губэрнатара Горадзенскай вобласьці», хоць губэрнатараў у Беларусі няма; гаворка пра прызначанага Лукашэнкам кіраўніка вобласьці Ўладзімера Караніка. Відэа зь ім блогер публікуе рэгулярна.

    Відэа з Лукашэнкам у канале блогера @artem_pul, скрыншот

    Апроч відэа з чыноўнікамі, у блогера зьяўляецца і забаўляльны кантэнт. Аўтар мае ў сваім акаўнце 88,4 тысячы падпісчыкаў.

    Блогерка з Барысава koshka.beauty мае 75,4 тысячы падпісчыкаў, публікуе відэа з вандровак па Беларусі, забаўляльны кантэнт, а таксама відэа з праўладных мерапрыемстваў кшталту «Маратону адзінства». Блогерку клічуць Кацярына Залынская, за межамі TikTok’а інфармацыі пра яе няма. Сама пра сябе яна кажа, што працуе настаўніцай. Гэта пацьвярджаецца зьвесткамі аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol.

    @Jascked або ПалВаныч — блогер з Кобрыні, мае 31,6 тысячы падпісчыкаў, посьціць як відэа з праўладных мерапрыемстваў, так і нэўтральны кантэнт. Аўтар каналу — рэдактар інтэрнэт-парталу рэгіянальнага выданьня «Кобрынскі весьнік» Павел Дзьмітрыеў.

    Гэтая катэгорыя праўладных блогераў мае бальшыню падпісчыкаў зь Беларусі, згодна з exolyt.com і іншымі сэрвісамі-аналізатарамі. Акаўнты пачалі актыўнасьць у Tik­Tok у 2021–2022 гадах, то бок раней за катэгорыю акаўнтаў з Лукашэнкам. Пры гэтым многія з такіх акаўнтаў афіліяваныя з уладамі — асобы, якія іх вядуць, залежныя ад улады ў пляне працы (як настаўніца ці рэдактар дзяржаўнай газэты).

    Дзяржаўныя СМІ

    Яшчэ адна буйная катэгорыя праўладных акаўнтаў у беларускім сэгмэнце Tik­Tok — гэта дзяржаўныя СМІ. Напрыклад, акаўнт дзяржаўнага тэлеканала АНТ мае ў Tik­Tok 170,5 тысячы падпісчыкаў; больш за 50%, згодна з сэрвісамі для аналізу, — зь Беларусі. У акаўнце разьмяшчаюць навіны ў духу дзяржаўнай прапаганды.

    Заўважныя ў Tik­Tok і старонкі рэгіянальных дзяржаўных выданьняў. Акаўнт астравецкай раёнкі называецца там «Острые новости», на аватарцы — Лукашэнка. Большасьць відэа прысьвечаныя менавіта яму. То ён адчытвае чыноўнікаў, то размаўляе зь людзьмі. У старонкі амаль 28 тысяч падпісчыкаў.

    Дадзеныя аб падпісчыках з сэрвісу exolyt, скрыншот

    Акаўнт «Бярэзінскай панарамы» ў Tik­Tok мае 18,4 тысячы падпісчыкаў, тут увагу аддаюць мясцовым падзеям з трансьляцыяй прадзяржаўнай думкі і заявамі чыноўнікаў. Лукашэнка тут не асноўны герой, у адрозьненьне, напрыклад, ад акаўнта «Астравецкай праўды».

    Цікава, што жыхароў у гэтых невялікіх гарадках менш, чым падпісчыкаў у Tik­Tok-акаўнтаў з банальнымі праўладнымі паведамленьнямі. (У Беразіно пражывае трохі больш за 11 тысяч чалавек, у Астраўцы — больш за 15 тысяч).

    У гэтай катэгорыі акаўнтаў большасьць падпісчыкаў тэрытарыяльна зь Беларусі. Некаторыя з гэтых акаўнтаў таксама былі створаныя ўвесну ці ўлетку мінулага году. У адрозьненьне ад іншых праўладных старонак у Tik­Tok, дзяржаўныя СМІ імкнуцца ўкладацца ў дызайн сваіх відэа і даваць іх у адным, фірмовым стылі.

    Наратывы прапаганды ў Tik­Tok і іншых сацыяльных сетках адрозьніваюцца, зьвяртае ўвагу мэдыяэкспэртка, дасьледчыца прапаганды Ірына Сідорская.

    «У Tik­Tok значная большасьць — гэта пазытыўны парадак дня. Паказаць Беларусь, а пасьля пахваліць за гэта ўлады. Нібыта ўвесь дабрабыт — гэта заслуга ўладаў. Гэта парадак дня блогераў, малавядомых людзей. Там сапраўды могуць быць і шчырыя прыхільнікі ўладаў», — мяркуе суразмоўца.

    Аўтары акаўнтаў у Tik­Tok могуць весьці свае старонкі «ня вельмі прафэсійна». Гэта адна з рысаў, на якія зважае Ірына Сідорская.

    «Аўтары пры гэтым ня пішуць пра „калектыўны Захад“ ці пра беларускую апазыцыю — такога няма. Атрымліваецца, што тэлеграм у іх пра дрэннае, з нэгатыўнай танальнасьцю, а Tik­Tok пазытыўны», — зважае экспэртка.

    Асноўнымі дзьвюма тэмамі беларускай прапаганды ў Tik­Tok дасьледчыца Ірына Сідорская называе наступныя: «Мы абіраем стабільнасьць» і «Беларусь — наш дом».

    #Беларусь і прапаганда

    Хэштэгі — адзін з спосабаў прасоўваньня кантэнту ў Tik­Tok, і #Беларусь — адзін з самых папулярных. Сёлета ў лістападзе яго выкарыстоўвалі ў 8235 відэа, якія паглядзелі 474 185 017 разоў. Такую аналітыку прыводзіць партал Factcheck.

    Калі выдзеліць 20 Tik­Tok-акаўнтаў зь вялікай колькасьцю праглядаў, якія выкарыстоўвалі такі хэштэг, то сярод іх некалькі каналаў, якія посьцяць відэа з Лукашэнкам, каналы расейскай прапаганды і каналы незалежных мэдыя.

    Сумесна з хэштэгам #Беларусь выкарыстоўвалі таксама хэштэгі: #рекомендации, #Россия, #новости, #Минск, #Украина, #Лукашенко.

    Ключавыя тэмы па папулярнасьці, зыходзячы з колькасьці праглядаў, выглядаюць так:

    1. Міжнародныя адносіны (самыя высокія значэньні)
    2. Вайскова-палітычная тэматыка (сярэднія значэньні)
    3. Лякальныя навіны (нізкія значэньні)

    Такая аналітыка можа сьведчыць пра долю небеларускай аўдыторыі, якая праглядала гэтыя відэа.

    У пэрыяд з 1 сакавіка па 14 чэрвеня 2024 году хэштэг #беларусь быў выкарыстаны 45 140 разоў.

    Відэа з праўладнага мерапрыемства ў блогу тыктокера jasced, скрыншот

    «TikTok паступова запаўняецца прапагандай»

    Экспэрты «Цэнтру новых ідэй», якія аналізавалі дзейнасьць дзяржаўных прапагандыстаў у сацыяльных сетках, у размове са Свабодай заўважаюць, што назіраецца рост акаўнтаў прапаганды ў Tik­Tok. Гэтыя акаўнты могуць расьці і за кошт прымусовай падпіскі.

    «У Tik­Tok ня бачна, што ёсьць сур’ёзнае ўкладаньне грошай у рост акаўнтаў прапаганды. Там ёсьць шчырыя фанаты Лукашэнкі, замежная аўдыторыя, часткова ўкраінская аўдыторыя. На самых буйных каналах агульная колькасьць праглядаў будзе некалькі мільёнаў. Вірусяцца асобныя відэа», — кажа адна з экспэртак, якая пажадала захаваць ананімнасьць.

    Пры гэтым пра будучыя прэзыдэнцкія выбары ў Tik­Tok кажуць няшмат, больш расказваюць пра фігуру Лукашэнкі.

    «Асобныя каналы асьвятляюць кожную ягоную паездку, аднак асобна выбары — не. Быў толькі флэшмоб „Трэба“, калі Лукашэнку прасілі ісьці на выбары, аднак ён ня вельмі пайшоў», — адзначае суразмоўца.

    Дасьледчыца Ірына Сідорская зважае, што прапаганда спрабуе працаваць з моладзьдзю ў Tik­Tok, бо дзяржаўныя ідэолягі зразумелі значнасьць гэтай сацсеткі. Праўда, да магчымасьцяў такой працы яны падыходзяць спрошчана.

    «Яны робяць спрошчаны кантэнт, кшталту — мы за ўсё добрае і супраць усяго дрэннага. Яны пакуль на першым кроку: пакажам, як добра жыць у Беларусі. Яны не працуюць з рознымі мэтавымі групамі, такога я ня бачу», — дадае экспэртка.

    Відэа з «Маратону адзінства» ў Баранавічах, скрыншот з канала блогера jasced

    Tik­Tok — адносна маладая сацыяльная сетка (на міжнародны рынак выйшла ў 2018 годзе) з кітайскімі каранямі. У сярэдзіне студзеня Tik­Tok могуць заблякаваць у ЗША, гэта зьвязана з патрабаваньнямі прадаць амэрыканскі сэгмэнт сацыяльнай сеткі кампаніі не з Кітаю. Гэтае патрабаваньне Tik­Tok спрабуе аспрэчыць праз суд.

    Грунтуючыся на лічбах падпісчыкаў, колькасьці праглядаў і дадзеных аналітыкаў, можна зрабіць некалькі высноў наконт паводзінаў прапаганды ў адносна маладым для іх Tik­Tok:

    • Зь ім спрабуюць працаваць дзяржаўныя прапагандысты, чыноўнікі, афіліяваныя з уладамі блогеры, дзяржаўныя СМІ. Гэтыя відэа набіраюць мільённыя прагляды. Аднак частка гэтых праглядаў можа паходзіць не ад беларускай аўдыторыі.
    • У вядзеньні беларускай прапагандай старонак у Tik­Tok няма нейкага аднаго падыходу. Часам гэта робіцца на аматарскім узроўні.
    • Хоць прапаганда і спрабуе працаваць у Tik­Tok і некаторыя відэа з Лукашэнкам набіраюць мільёны праглядаў, большасьць праўладных блогераў па-ранейшаму працягваюць ствараць відэа пра забавы, жарты, музыку, каб зьнізіць градус палітызаванасьці канала ў Tik­Tok.
    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці