«Беларуская Вільня збяднела без Тацяны Сапач»: рыхтуецца імпрэза да гадавіны нараджэння журналісткі
26 жніўня ў Цэнтры беларускай культуры і супольнасці Вільні пройдзе імпрэза да 62‑й гадавіны нараджэння паэткі і стваральцы беларускага тэлебачання ў Літве Тацяны Сапач.
Перадачу «Віленскі сшытак», якую Тацяна Сапач рабіла з 1991 года, прынята лічыць пачаткам беларускага тэлебачання ў Літве. Арганізатары пакажуць сюжэты Тацяны Сапач (яна заўсёды пісала імя з адной літарай «ц») пра вядомых беларускіх эмігрантаў: Алёну Сакалову-Лёкант, Стэфана Казлоўскага, Валерыя Місюка, айца Аляксандра Надсана.
На імпрэзе можна будзе набыць найбольш поўны зборнік вершаў, інтэрв’ю і ліставання Тацяны Сапач. У зборнік «Гаспадыня восеньскага дому», які выйшаў напяэдадні 60-годдзя Тацяны, Сяргей Дубавец сабраў вершы, эсэ, інтэрв’ю, шмат таго, што ніколі не публікавалася.
Правядзе імпрэзу мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.
БАЖ папрасіў грамадскую дзяячку Людвіку Кардзіс падзяліцца ўспамінамі пра Тацяну Сапач, з якой яны сябравалі.
Ад завочнага знаёмства да сяброўства
— Першы раз я пачула Тацяну на хвалях «Беларускай маладзёжнай» (галоўная беларуская рэдакцыя праграм для моладзі, якую закрылі ў 1994 годзе, напярэдадні першых прэзідэнцкіх выбараў. — БАЖ): у яе была свая рубрыка. Так адбылося нашае завочнае знаёмства. А калі Дубаўцы пераехалі ў Вільню, пазнаёміліся ўжо ў жыцці, і гэтае знаёмства перарасло ў сяброўства.
З ёй было проста і цікава: мы разам хадзілі на канцэрты, у тэатр, ездзілі на прэм’ерныя тэатральныя спектаклi ці на канцэрты ў Мінск. І дзеці нашыя гадаваліся разам. Звычайнае сяброўскае жыццё, калі ты можаш падзяліцца з чалавекам самымі патаемнымі пачуццямі: і радасцю, і сумнымі перажываннямі.
Тацяна была вельмі цёплым чалавекам. Таму яе смерць стала вельмі цяжкім выпрабаваннем. Магу сказаць, што я і па сёння не да канца перажыла той цёмны перыяд, і дасюль яе сыход успрымаецца вельмі балюча. Яе рэальна не хапае, і не толькі мне, але і родным, блізкім, сябрам. Гэта вялікая страта ўвогуле для беларускай культуры.
Смерць Тацяны стала адчувальнай для ўсяго беларускага асяродку Літвы.
Тацяна вельмі цікавая паэтка, за гэтыя гады ў яе маглі нарадзіцца новыя вершы і новыя ідэі. Гэта страта для перадачы «Віленскі сшытак», якая так і не паднялася да ранейшага ўзроўню, як пры ейным жыцці. Беларуская Вільня збяднела без яе.
Пра «Віленскі сшытак»
— Гэтая перадача пачала выходзіць напачатку 90‑х гадоў на Літоўскім дзяржаўным тэлебачанні. Некалькі выпускаў рабіліся сіламі мясцовых беларусаў.
Пасля Тацяна з Сяргеем Дубаўцом пераехалі ў Вільню, і Тацяна ўзялася рабіць гэтую перадачу, вывела яе на якасны ўзровень. «Віленскі сшытак» распавядаў пра беларускае жыццё ў Вільні і агулам пра Беларусь.
Менавіта з «Віленскага сшытка» і пачалося беларускае тэлебачанне ў Літве. З моманту прыезду ў Вільню і літаральна да апошніх дзён яна займалася сваёй перадачай. У розныя часы перадача мела розную працягласць: спачатку 15 хвілін, пасля павялічылі эфірны час да 30 хвілін, затым зноў скарацілі.
Тацяна стварала не толькі тэлепартрэты сваіх герояў. Яна вядомая таксама і як настаўнік, бо далучала да каманды «Віленскага сшытка» моладзь, адкрывала таленты і дапамагала знайсці сябе ў журналістыцы. Давала шанец хоць бы паспрабаваць сябе ў журналістыцы.
«Тацяна ўмела паказаць людзей прыгожымі»
Хто гэтыя людзі, каго будуць згадваць на імпрэзе?
Алёна Сакалова-Лёкант — былая выкладчыца беларускай Віленскай гімназіі, выкладчыца беларускай мовы, якая выхавала не адно пакаленне беларусаў і беларусак. Пасля вайны яе асудзілі за тое, што падчас вайны атрымала медаль за працу ў гімназіі, і выслалі ў сталінскія лагеры. Пасля яна вярнулася і закончыла сваё жыццё ў Вільні.
Валерый Місюк нарадзіўся ў Вільні ў сям’і беларусаў. Ён далучыўся да беларускай грамадскай дзейнасці і трагічна загінуў на радзіме бацькоў, у Беларусі.
Стэфан Казлоўскі — ураджэнец Астравеччыны, цiкавiўся этнаграфiяй, маляваў, доўгі час жыў у Расіі.
Айцец Надсан — беларускі грэка-каталіцкі святар, які нарадзіўся ў польскай Гарадзеі. Удзельнік Саюза беларускай моладзі і курсант мінскай афіцэрскай школы Беларускай краёвай абароны, з 1944 года ён апынуўся ў эміграцыі. З 1946 года жыў у Вялікабрытаніі, дзе і памёр у 2015 годзе. Апостальскі візітатар, гісторык.
На імпрэзе пакажуць Тацяніны матэрыялы, якія яна здымала пра гэтых людзей. Гэтых людзей сёння з намі намі, як і Тацяны, цікава згадаць пра іх, паглядзець працу Тацяны. Людзі ў ейных перадачах заўсёды былі прыгожымі. Гэта талент Тацяны – выклікаць суразмоўцу на шчырую размову, яна ўмела паказаць людзей цікавымі.
Хто такая Тацяна Сапач
Тацяна Дубавец (дзявочае прозвішча Сапач выкароўстоўвалася як псеўданім) нарадзілася 26 жніўня 1962 у вёсцы Маркава Маладзечанскага раёна, загінула 27 снежня 2010 года ў Літве.
Пасля журфака БДУ яна трапіла па размеркаванні ў Гомель, дзе разам з мужам Сяргеем Дубаўцом стварылі маладзёвую грамадска-палітычную краязнаўчую суполку «Талака».
Пазней сям’я пераехала ў Вільню.
Тацяна Сапач з 1991 года рэдагавала і рабіла праграму «Віленскі сшытак» на Літоўскім нацыянальным тэлебачанні, выступала як аўтарка ў «Нашай Ніве». У 2000–2001 гадах супрацоўнічала з радыёстанцыяй «Балтыйскія хвалі». Адна з аўтарак перадачаў «Палітычная геаграфія» і «Начная чытанка» на «Радыё Свабода». Была сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Аўтарка двух зборнікаў паэзіі: «Восень» (1992) і «Няхай не пакіне нас восень / Do not abandon us, Autumn» (2008). Песні на яе вершы спяваў гурт «Новае неба».
Вершы перакладаліся на англійскую, літоўскую, рускую, польскую мовы. У альманаху «Словы і фарбы» паэтка дэбютавала як перакладчыца літоўскай паэзіі.
Уначы на 28 снежня 2010 году Сяргей Дубавец і Тацяна Сапач вярталіся ад дачкі, якая нарадзіла ім унучку. За 100 кіламетраў ад Вільні, пад Алітусам, аўтамабіль патрапіў у аўтакатастрофу. Тацяна загінула.