Беларускамоўная версія сайта LSM дажывае апошнія месяцы? Што вядома
На просьбу БАЖ захаваць беларускую версію партала адказала старшыня праўлення LSM.

Скрыншот з сайта LSM+
Старшыня праўлення Латвійскіх грамадскіх СМІ (LSM) Байба Зузена абяцае і надалей супрацоўнічаць з беларускімі журналістамі і нацыянальнай дыяспарай.
Перадгісторыя
Як мы пісалі раней, з 2023 года ў Латвіі паспяхова працуе беларускамоўная версія партала Латвійскіх публічных медыя (Latvijas Sabiedriskais medijs, LSM). Але зусім нядаўна праўленне LSM агучыла стратэгічныя прыярытэты на 2026 – 2029 гады.
Стратэгічныя прыярытэты на 2026–2029 гады будуць дапрацоўвацца да канца гэтага года, а значыць вяшчанне ў цяперашнім выглядзе будзе існаваць толькі да канца года.
Прыярытэты прадугледжваюць новы падыход да стварэння кантэнта на замежных мовах. З наступнага года партал lsm.lv стане адзінай платформай навіновага кантэнта з магчымасцю выбіраць мову. У lsm.lv будзе інтэграваны і цяперашні кантэнт LSM+ і будзе выходзіць на англійскай, украінскай і рускай мовах і толькі ў лічбавым фармаце.
Беларуская асацыяцыя журналістаў накіравала кіраўніцтву LSM, а таксама старшыням Камісіі па правах чалавека і грамадскіх справах Сейма Латвіі і Рады грамадскіх электронных СМІ зварот з просьбай паспрыяць захаванню беларускамоўнай версіі LSM.
Дэпутатка ад партыі «Прагрэсіўныя» ў Сейме Латвіі Лэйла Расіма лічыць, што нельга адмаўляцца ад беларускамоўнай версіі:
— Мы не павінны страціць гэты каштоўны рэсурс. Гэтаксама як і не павінны адмаўляцца ад кантэнту на беларускай мове ў лічбавым асяродку з меркаванняў эфектыўнасці працы і эканоміі сродкаў. Такім чынам мы не толькі эфектыўна ахопліваем беларускую дыяспару ў Латвіі, але і ўмацоўваем бяспеку Латвіі.
Такую пазіцыю займаюць і некаторыя іншыя латышскія палітыкі.
Беларуская меншасць з’яўляецца адной з буйнейшых ў найноўшай гісторыі Латвіі і складае каля 56 тысяч чалавек.
Байба Зузена: Мы працягнем цеснае супрацоўніцтва з аўтарамі, якія пішуць на мовах нацыянальных меншасцяў
Рэформа LSM мусіць пачацца са студзеня 2026 года. LSM.lv стане адзінай навіновай платформай на латышскай мове: з 2026 года ўвесь тэле- і радыёкантэнт будзе рабіцца на латышскай мове — дзяржаўнай.
Апошнія гады, апрача рускамоўнага кантэнта на LSM+ и радыёканале LR4, артыкулы і рэпартажы выдаваліся на беларускай, польскай і ўкраінскай мовах. Гэты матэрыялы, як адначае кіраўнічка LSM, рыхтаваліся пазаштатнымі журналістамі.
Калі казаць пра беларускую версію сайта, там працавалі два аўтары, чые працы публікаваліся на беларускай, рускай і латышскай мовах.
Спадарыня Байба Зузена спасылаецца на статыстыку выкарыстання LSM.lv і LSM+, якая паказвае, што на беларускамоўную версію заходзілі менш за 20 унікальных карыстальнікаў на дзень, а на польскамоўную — менш за 10. Для параўнання: украмоўны кантэнт прыцягвае каля 150 карыстальнікаў, у той час на латышскамоўны кантэнт дасягае амаль амаль 90 000 унікальных карыстальнікаў на дзень.
— Як паказвае наш уласны досвед адміністравання сайта, з улікам беларускіх рэалій трафік праз ананімайзеры можа ў разы перавышаць колькасць аўдыраваных (пацверджаных) наведвальнікаў, але гэтыя лічбы не ўлічваюцца ў афіцыйнай статыстыцы, — пракаментаваў агучанныя лічбы прадстаўнік Асыцыяцыі беларусаў Латвіі «Суполка» Радыён Бегляк.
Цяпер выпрацоўваецца новая канцэпцыя вяшчання на замежных мовах. Паводле яе, заместа рэдакцыйных блокаў на розных мовах, LSM прапануе адзіны кантэнт. І вяшчанне будзе весціся гна трох мовах: англійскай, рускай, украінскай.
«Наша місія — не толькі інфармаваць, але і садзейнічаць фармаванню згуртаванага і ўстойлівага грамадства, заснаванага на прынцыпах прыналежнасці да Латвіі. Гэта азначае ўмацаванне латышскай мовыі культуры, так і адлюстраванне разнастайнасці нашага грамадства, — піша Байба Зузена. — Мы імкнемся ствараць кантэнт, якому людзі давяраюць і які адлюстроўвае разнастайнасць латышскага грамадства. Для дасягнення гэтай мэты мы працягнем цеснае супрацоўніцтва з аўтарамі, якія пішуць на мовах нацыянальных меншасцяў, і арганізацыямі нацыянальных меншасцяў у Латвіі».
«LSM адкрыты для сумеснага дыялогу, таму LSM запрашае вас да размовы, каб абмеркаваць магчымасці будучага супрацоўніцтва і выслухаць ваша бачанне», — адзначыла Байба Зузена, звяртаючыся ў тым ліку да Асацыяцыі беларусаў Латвіі «Суполка».
