Міністр інфармацыі лічыць немэтазгодным павелічэнне беларускамоўнага кантэнту на тэлебачанні
Марат Маркаў заявіў пра гэта, адказваючы на пытанне з прапановай ствараць для тэлеэфіру не менш за 45% тэлепраграм на беларускай мове. Гэтую прапанову міністр інфармацыі называе авантурай і «ўшчамленнем другой дзяржаўнай мовы».

Марат Маркаў. Фота: sb.by
Паводле Маркава, беларускамоўных праграм на дзяржаўным тэлебачанні насамрэч няшмат, але такая сітуацыя «склалася не ўчора і адлюстроўвае сітуацыю ў грамадстве».
Сваю пазіцыю кіраўнік інфармацыйнага ведамства тлумачыць тым, што па-беларуску ў краіне размаўляе менш за чвэрць насельніцтва.
А таксама спасылаецца на вынікі мінулагодняга апытання Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, згодна з якімі, толькі 1,1% апытаных тэлегледачоў аддаюць перавагу прагляду беларускамоўных праграм і толькі трэцяя частка ўдзельнікаў апытання адказала, што для іх мова не мае прынцыповага значэння.
Пры гэтым міністр інфармацыі не ўдакладняе падрабязнасцяў, наколькі шырокім было кола апытанных, дзе і якім чынам гэтае апытанне праводзілася.
Марат Маркаў сцвярджае, што «тэлеканалы зарабляюць на рэкламе і арыентуюцца на запыт гледача», і пакідае па-за ўвагай тэму вялікіх дзяржаўных датацый на падтрымку пэўнага кантэнту. У якасці адзінага прыкладу, дзе пераважае беларускамоўны кантэнт, ён згадвае нішавы культурніцкі канал «Беларусь 3», які стала глядзяць у сярэднім 2,5% тэлегледачоў.
Павелічэнне часу вяшчання на беларускай мове ён лічыць «ушчамленнем другой дзяржаўнай мовы», а любоў да першай дзяржаўнай прапануе прывіваць не за кошт «штучнага навязвання працэнтнай колькасці», а праз стымуляванне працаўнікоў БТ ствараць «якасны, цікавы і канкурэнтназдольны кантэнт на беларускай мове». Пры гэтым пытанне пра магчымасць стварэння праграм на іншых мовах Маркаў не ўздымае, хаця згадвае, што ў Беларусі жывуць прадстаўнікі 150 розных нацыянальнасцяў.
Сваю пазіцыі міністр інфармацыі падмацоўвае і палітычнымі заявамі. У прыватнасці, пра тое, што «абвастрэнне моўных, нацыянальных і рэлігійных пытанняў часта з’яўляецца прычынай развалу дзяржаў», і што гэта асабліва небяспечна менавіта цяпер — «з улікам усяго таго жаху, які цяпер робіцца ў свеце».
Адказ Марата Маркава на пытанне ад неназванай асобы апублікаваў Telegram-канал «Мининформ Беларуси» ў адмысловай рубрыцы «Вопрос Министру». Тут Маркаў перыядычна адказвае на ананімныя пытанні, якія маюць ідэалагічны падтэкст. У перадапошнім сваім каментары ў гэтай рубрыцы міністр інфармацыі вітаў уладкаванне на дзяржтэлебачанне Рамана Пратасевіча, ухваляў яго супрацоўніцтва з беларускай выведкай у замежжы і дзейнасць КДБ Беларусі ў цэлым.
Што непасрэдна да пытання пра павелічэнне долі беларускамоўнага кантэнту на БТ, то яно мае свае падставы. Згодна са статыстычнымі звесткамі, якімі аперуюць даследчыкі, яшчэ на пачатку 2000‑х усяго 45% насельніцтва Беларусі глядзелі пераважна рускамоўныя тэлепраграмы і 44% тэлегледачоў — на абедзвюх мовах.
Пры гэтым адзначалася, што гэта не ўласны выбар спажыўцоў прадукцыі СМІ, а абумоўлены ён неадпаведнай працай гэтай галіны — «адсутнасцю цікавых беларускамоўных газет, перадач, тэлезорак».
У 2019 годзе пра неабходнасць стварэння не менш як 30% кантэнту БТ на беларускай мове нібыта заявіла Наталля Качанава, кіраўніца адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Але гэта вельмі хутка зняпраўдзіла яго прэсавая служба: быццым бы Качанава казала пра 30% нацыянальнага кантэнту, але яе словы няправільна запісалі журналісты.
@bajmedia