Беларускі ПЭН абвесцілі «экстрэмісцкім фармаваннем»
Праваабарончую арганізацыю «Беларускі ПЭН» 4 сакавіка 2026 года ўнеслі ў «Пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» на сайце МУС. Беларускі ПЭН-цэнтр быў створаны ў 1989 годзе з мэтай абароны свабоды слова.

Паводле інфармацыі на сайце сілавога ведамства, адпаведнае рашэнне было прынятае Камітэтам дзяржаўнай бяспекі Беларусі яшчэ 27 лютага 2026 года і ў той жа дзень набыло юрыдычную моц.
У якасці ўдзельнікаў «экстрэмісцкага фармавання» названыя Таццяна Леанідаўна Нядбай і Алена Барысаўна Талкачова.
На сайце МУС згадваюцца інтэрнэт-рэсурсы, якія нібыта з’яўляюцца сродкамі «экстрэмісцкай» дзейнасці:
- сайт з ідэнтыфікатарам penbelarus.org;
- Facebook-акаўнт (ідэнтыфікатар https://www.facebook.com/penbelarus.org);
- Х‑акаўнт (ідэнтыфікатар https://x.com/pen_belarus);
- Instagram-акаўнт (ідэнтыфікатар https://www.instagram.com/pen_belarus);
- Telegram-канал (ідэнтыфікатар https://t.me/PENBelarus);
- YouTube-канал (ідэнтыфікатар https://www.youtube.com/channel/UCUU7-N0fwKE3OAd1NKemhDg);
- старонка на краўдфандынгавай пляцоўцы Рatreon (ідэнтыфікатар https:\\www.patreon.com\PENBelarusBY);
- старонка ў Linkedin (ідэнтыфікатар lt.linkedin.com/pen_belarus).
Частка гэтых інтэрнэт-рэсурсаў 23 лютага 2026 года была ўключаная ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў на сайце Мінінфармацыі. Рашэнне пра прызнанне іх «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прыняў 16 лютага 2026 года суд Чыгуначнага раёна Гомеля.

Беларускі ПЭН — гэта адна з найстарэйшых беларускіх праваабарончых арганізацый, якая адстойвае свабоду выказвання і прыцягвае сусветную ўвагу да парушэння правоў чалавека ў Беларусі, у тым ліку культурных правоў.
У шэрагах Беларускага ПЭНа — двое лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі, гэта пісьменніца Святлана Алексіевіч і праваабаронца, заснавальнік ПЦ «Вясна», экс-палівязень Алесь Бяляцкі. У першыя гады па заснаванні арганізацыі яе прэзідэнтамі былі выбітныя беларускія літаратары Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін.
У 2021 годзе Беларускі ПЭН ліквідавалі ў Беларусі рашэннем Вярхоўнага суда — якраз на гадавіну прэзідэнцкіх выбараў, 9 жніўня. З тае пары арганізацыя перажыла блакаванне сайта і рэлакацыю актыву ў Варшаву. Цяпер Беларускі ПЭН зарэгістраваны ў Польшчы і працягвае сваю дзейнасць як асацыяцыя (stowarzyszenie).
Спіс медыя, названых «экстрэмісцкімі» арганізацыямі альбо фармаваннямі
Паводле дзеючага беларускага заканадаўства, асобы, прызнаныя ўдзельнікамі экстрэмісцкага фармавання, могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці па артыкулах «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім» (артыкул 361–1 КК) ці за «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (артыкул 361–4 КК). Санкцыі паводле гэтых артыкулаў — да 10 гадоў пазбаўлення волі.
@bajmedia