Беларускія дэмсілы заклікалі міжнародных партнёраў падтрымаць незалежную прэсу
Дэкларацыю аб падтрымцы працы незалежных медыяў прынялі ўдзельнікі Канферэнцыі «Новая Беларусь», якая прайшла ў Вільні 3–4 жніўня. Беларускія дэмакратычныя сілы заклікалі міжнародную супольнасць аказаць «праграмную і інстытуцыйную фінансавую дапамогу для медыяў і блогераў».

Канферэнцыя «Новая Беларусь», Вільня, 4 жніўня 2024 года. Фота: Радыё Свабода
Асобна дэмсілы згадалі пра «важнасць захавання і падтрымкі тэлеканала «Белсат» — унікальнага праекта польскай дапамогі, дзякуючы якому мільёны беларусаў і беларусак атрымліваюць доступ да непадцэнзурнай інфармацыі».
Дарэчы, БАЖ і Прэс-клуб Беларусь выступілі з сумесным заклікам да кіраўніцтва Польшчы захаваць тэлеканал «Белсат». Журналісцкая супольнасць выказвае апасенні, што «цяперашні «Белсат» ператворыцца ў адну з трох моўных адзінак, што будуць весці трансляцыю па чарзе на адным канале».
У дэкларацыі дэмакратычныя сілы пералічылі праблемы, з якімі сутыкаюцца незалежныя медыя (большасць з іх апынуліся ў выгнанні пасля 2020 года), і пералічылі першачарговыя патрэбы СМІ.
У дакуменце канстатуецца, што сотні журналістаў зазналі палітычныя рэпрэсіі за сваю прафесійную дзейнасць, а 37 журналістаў па-ранейшаму сядзяць у беларускіх турмах. Зазначым,што беларускі рэжым капіруе негалосны сталінскі прынцып: пераследуе не толькі «ворагаў народа», але і іхніх сваякоў.
У Беларусі не засталося незалежнага тэлебачання і радыё, а друкаваныя СМІ не могуць выдавацца. Незалежныя сайты заблакаваныя, іх матэрыялы і старонкі ў сацсетках прызнаюцца экстрэмісцкімі матэрыяламі. Медыі ізаляваныя ад беларускага рэкламнага рынку, а данаты ад чытачоў разглядаюцца як злачынства і нагода для пераследу за фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці.
Таму дэмсілы адзначаюць «неабходнасць праграмнай і інстытуцыйнай фінансавай дапамогі для медыяў і блогераў ад міжнародных партнёраў». Без незалежных медыяў немагчыма дабіцца пераменаў, а для забеспячэння дзейнасці прэсы неабходна дастатковае фінансаванне.
Аўтары дэкларацыі звяртаюць увагу на тое, што сёння, ва ўмовах гібрыднай інфармацыйнай вайны, вельмі важна з дапамогай тэхналагічных платформаў забяспечыць магчымасць распаўсюджвання праўдзівай інфармацыі, а не прапаганды.
Дэмакратычныя сілы засведчылі таксама «павагу да незалежнасці рэдакцыйнай палітыкі СМІ» і «разнастайнасці інфармацыйнага ландшафту».
