• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Адкрытасць як аснова шведскай журналістыкі: беларускія фрылансеры наведалі SydSvenskan

    Беларускія журналісты-фрылансеры ў лістападзе наведалі рэдакцыю найбуйнейшай газеты ў Мальмё SydSven­skan («Паўднёвая Швецыя»). Заснаванае ў 1870 годзе выданне сёння з’яўляецца адной з найважнейшых крыніц навін у паўднёвай Швецыі. 

    беларускія фрылансеры наведалі шведскую газету SydSvenskan

    Офіс рэдакцыі SydSven­skan. Фота: аўтара

    SydSvenskan: лічбы, факты, уплыў

    Візіт у рэдакцыю адбыўся ў межах арганізаванай БАЖ сумесна са Шведскім саюзам журналістаў SJF і ПЭН Skåne паездкі па абмене вопытам беларускіх і шведскіх журналістаў-фрылансераў. У SydSven­skan гасцей сустрэла рэдактарка і намесніца выдаўца газеты Каміла Сіліван разам з журналістам-расследвальнікам Данам Іварсанам. Яны пазнаёмілі беларусаў з асаблівасцямі структуры і працы выдання, яго гісторыяй і роляй у медыйным асяроддзі Швецыі.

    У штаце 90 супрацоўнікаў. У гэтую колькасць уваходзяць журналісты, вэб-рэдактары, фатографы, і тэхнічны персанал. Побач з горадам Мальмё знаходзіцца горад Лунд, адкуль працуе невялікі філіял асноўнай рэдакцыі  SydSven­skan. Гэта чацвёртая па колькасці падпісантаў газета ў Швецыі.

    беларускія фрылансеры наведалі шведскую газету SydSvenskan

    Каміла Сіліван, рэдактарка і намесніца выдаўца газеты SydSven­skan. Фота: аўтара

    Газета мае наклад 85 000 экзэмпляраў. Каля 40 000 чытачоў атрымліваюць друкаваную версію газеты, а астатнія маюць анлайн падпіску. Больш за палову тэкстаў размяшчаецца на сайце.

    У газеце ёсць дадаткі пра Мальмё (у горадзе пражывае каля 350 тысяч жыхароў), Лунд (з насельніцтвам каля 95 тысяч чалавек) і рэгіён Сконе (туды уваходзяць астатнія гарады паўднёвай Швецыі, агламерацыя агулам складае 1 мільён 400 тысяч).

    Спадар Іварсан распавёў, што ў Швецыі штодзённыя газеты звычайна не супрацоўнічаюць з фрылансерамі. Да пазаштатнікаў  часцей  звяртаюцца часопісы ці выданні, якія выходзяць у друк радзей (раз на тыдзень ці на месяц). Напрыклад, у SydSven­skan з фрылансерамі працуе толькі аддзел культуры.

    А таксама рэдакцыі набываюць матэрыялы ў замежных журналістаў.  Напрыклад, у іх няма карэспандэнтаў з Бразіліі, таму яны  могуць замовіць нейкі артыкул у тамтэйшых калег.

    Прынцып празрыстасці: як ён працуе ў Швецыі

    Журналіст-даследвальнік Дан Іварсан вывучае дзейнасць бізнесменаў, палітыкаў і крымінальных дзеячаў.

    Дарэчы, яго прадзед паходзіць з Беларусі.

    Шведскі журналіст распавёў пра прынцып празрыстасці ў Швецыі і як ён працуе. Паводле Дана, у Швецыі цікава і лёгка быць журналістам, таму што ў Швецыі ёсць прынцып публічнай адкрытасці, які яны выкарыстоўваюць кожны дзень. Гэты прынцып замацаваны ў Канстытуцыі, і ён працуе з 1766 года, кожны мае права на доступ да афіцыйных дакументаў.

    Журналіст-расследавальнік газеты SydSvenskan Дан Іварсан

    Журналіст-расследавальнік газеты SydSven­skan Дан Іварсан. Фота: аўтара

    У Швецыі да публічных дакументаў маюць доступ усе і ў любы момант. Калі вы хочаце зрабіць расследаванне пра нейкага чалавека, то інфармацыю можна знайсці за дзве хвіліны. Журналіст адразу высветліць, дзе тая асоба жыве, які ў яе дом, калі і за колькі яна яго набыла.

    Даведаецца пра наяўнасць пасведчання кіроўцы, машыну, якая ёсць у аб’екта ўвагі, і нават пра прабег гэтага аўто. Прачытае пра хатніх жывёл, бо іх рэгістрацыя — таксама публічная інфармацыя, як і ўзрост, і мянушкі хатніх гадаванцаў.

    Негаворачы пра звесткі і пра асабістае жыццё патрэбнага чалавека, хто з кім жанаты і колькі ў каго дзяцей, ды іншае.

    Знайсці гэта можна ў любой шведскай арганізацыі цягам некалькіх хвілін, калі ў журналіста ёсць на руках персанальны нумар пэўнага грамадзяніна. Звычайны швед атрымае практычна ўсю інфармацыю, што маюць дзяржаўныя органы, а журналістаў дапусцяць яшчэ і ў спецыяльную базу дадзеных, дзе збіраюцца звесткі пра судзімасці, інфармацыя пра сведак і доказы, выракі суда ды іншае. У Швецыі лічаць, усё, што прыходзіць у судовыя інстанцыі, апрыёры з’яўляецца публічнай інфармацыяй, таму гэта па законе можна разгалошваць.

    Дан Іварсан прыводзіць такі прыклад: калі ён даследваў справу пра забойства, то даслаў  на электронную пошту суда ліст з запытам на доступ да паліцэйскай справы — і праз 5 хвілін атрымаў яе, зрэшты, памерам у 8000 старонак. 

    Такім чынам журналісты ў Швецыі могуць кантраляваць, ці добра зрабіла сваю справу паліцыя, суд і г.д.

    беларускія фрылансеры наведалі шведскую газету SydSvenskan

    У офісе рэдакцыі SydSven­skan. Фота: аўтара

    Адкрытая і банкаўская інфармацыя: журналісты могуць пракантраляваць усе чэкі дзяржаўных органаў, бачыць кожную крону, куды і на што яе выдаткавалі. Таксама можна адсочваць усе тэндары, каму яны дасталіся, і ўсе выдаткі на будаўніцтва.  Такім чынам усё лёгка выявіць, калі штосьці не так.

    Інфармацыя сакрэтная. Але…

    Адпаведна шведскай канстытуцыі, уся інфармацыя публічная, але ёсць выключэнні, якія падлягаюць сакрэтнасці. Гэта медыцынскія дадзеныя, ваенныя і бізнес-сакрэты і звесткі, якія могуць прывесці да праблемаў паміж Швецыяй і іншымі краінамі. Але каб закрыць доступ да пэўных матэрыялаў, прадстаўнікі ўлады павінны даказаць, што яна можа адносіцца да гэтага спісу выключэнняў.

    У такім выпадку журналісты атрымліваюць дакументы з закрытымі часткамі. Аднак рэпарцёры пасля гэтага могуць пайсці ў суд і запытацца, ці адпаведна з законам прыбралі гэтую інфармацыю.

    Такі падыход прыносіць шмат плюсаў для Швецыі: грамадства больш адкрытае, у людзей ёсць доступ да патрэбных дакументаў. Статыстыка паказвае, што ў краіне стала менш карупцыі, бо чыноўнікі ведаюць: пра іх фінансавыя разлікі журналісты лёгка даведаюцца і прасочыць, на што пайшлі тыя выдаткі. Спадар Іварсан упэўнены, што ў выніку гэтага ў Швецыі грошы, якія ідуць на падаткі, больш мэтазгодна выдаткоўваюцца.

    беларускія фрылансеры наведалі шведскую газету SydSvenskan

    Аддзел культурніцкіх навінаў газеты SydSven­skan. Фота: аўтара

    У Швецыі палітыкам не сыдзе з рук, калі  яны неяк схлусілі ці падманулі людзей. На мінулых выбарах журналісты ў сваёй паўднёвай частцы Швецыі праверылі 30 000 прэтэндэнтаў на пасады, каб высветліць,  ці былі ў вылучэнцаў у біяграфіях крымінальныя справы ці іншыя праблемы. Тутэйшыя палітыкі разумеюць: калі яны штосьці зробяць не так, то гэта будзе на першай паласе SydSven­skan.

    Уражанні беларускіх журналістаў-фрылансераў

    Алесь Ляўчук:

    Пасля наведвання шведскай газеты магу ізноў падкрэсліць —  беларускія журналісты вельмі крутыя! У мяне вялікія сумневы, што шведскія журналісты змаглі б працаваць у тых умовах, у якіх існуюць журналісты незалежных беларускіх медыяў: практычна ўвесь час па-за законам, пад вялікім прэсам, зведваючы затрыманні, збіццё, штрафы, канфіскацыю тэхнікі. Цяпер праца з эміграцыі, калі ты фактычна знаходзішся ў ізаляцыі і мусіш дабываць інфармацыю пад пагрозай крымінальнага пераследу для тваіх крыніцаў, калі гэта цяжка і гэта вялікі квэст.

    Было прыемна пабачыць, як жывуць журналісты ў мірнай Швецыі, дзе можна проста якасна рабіць сваю працу. Калі ўсё наладжана і арганізавана, то ты можаш проста пісаць рэпартажы  і не думаць, як выжыць. У гэтай краіне ёсць уся патрэбная база для стварэння артыкулаў, бо тут цудоўна працуе свабода слова. 

    Важна, што шведскія СМІ даволі шмат увагі надзяляюць навінам з Украіны і Беларусі, дапамагаюць не выпасці беларускаму пытанню з навінавага парадку дня.

    Беларускія журналісты-фрылансеры ў рэдакцыі SydSvenskan

    Беларускія журналісты-фрылансеры ў рэдакцыі SydSven­skan. Фота: аўтара

    Зміцер Лупач:

    У рэдакцыі SydSven­skan цікава арганізавана праца і прастора для кожнага журналіста. Шмат людзей знаходзіцца ў адным памяшканні, але ніхто нікому не перашкаджае. У аддзелах маецца самае сучаснае абсталяванне. напрыклад, можна пабачыць, як выглядае сайт на розных электронных прыладах, ці кожны супрацоўнік на вялікім экране можа бачыць, колькі чалавек у дадзены момант чытае канкрэтны артыкул, колькі часу затрымліваецца на канкрэтнай старонцы. 

    Найбольш жа ўразіла адкрытасць шведскага грамадства. Тут я па-добраму пазайздросціў супрацоўнікам аддзела журналісцкіх расследаванняў. Думаю, наша грамадства да гэтага яшчэ не гатовае, нават дэмакратычнае. Відаць, тут уплывае тое, што Швецыя больш за два стагоддзі жыве без войнаў, а свабода слова ў іх трывае хіба яшчэ з канца XVIII стагоддзя. Вось гэта сапраўдная стабільнасць. 

    Дарэчы, цікавы факт, што, нягледзячы на тэхнічны прагрэс, які ў Швецыі адчуваецца паўсюль, шведы любяць чытаць папяровыя версіі газет, і наклады газет хаця і змяншаюцца, але застаюцца высокімі. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці