Беларускія лялечнікі і UNIMA: гісторыя поспеху аднаўлення сувязяў
На працягу 27 гадоў беларускія лялечнікі мелі магчымасць быць часткай міжнароднай супольнасці UNIMA (Міжнароднага саюза лялечных тэатраў). Аднак пасля ліквідацыі нацыянальнага цэнтра UNIMA ў Беларусі ў 2024 годзе гэтая сувязь аказалася пад пагрозай. Дзякуючы ініцыятыве тэатральнага крытыка і журналісткі Настассі Панкратавай удалося аднавіць кантакт з кіраўніцтвам UNIMA і дамагчыся таго, каб было ўзнята пытанне аб падтрымцы беларускіх тэатральных дзеячаў.

Настасся Панкратава. Фота: з асабістага архіва
З чаго ўсё пачалося?
У ліпені 2024 года стала вядома, што беларускія ўлады ліквідавалі нацыянальны цэнтр UNIMA ў Беларусі. Гэта азначала, што беларускія лялечнікі страцілі афіцыйнае прадстаўніцтва ў сусветнай супольнасці UNIMA, але жаданне працягваць працу заставалася нязменным.
Настасся Панкратава прыклала значныя намаганні, каб выйсці на кіраўніцтва арганізацыі, паколькі афіцыйныя запыты не давалі вынікаў. У выніку сувязь удалося наладзіць праз сацыяльныя сеткі, і ўжо ў снежні 2024 года адбылася першая размова з кіраўніком Еўрапейскай камісіі UNIMA Кляманам Перацьятка і прэзідэнткай UNIMA Карэн Сміт. Камунікацыя працягнулася не без дапамогі Беларускай Рада культуры. З нашага боку быў складзены афіцыйны ліст, сабраны подпісы і прадастаўлены аналітычныя матэрыялы, якія сталі асновай для ліставання і артыкулаў.
«Калі пытанне ў тым, чаму гэтым пачала займацца я, то адказ просты: я з сям’і лялечнікаў, у сярэдзіне нулявых працавала загадчыцай літаратурнай часткі ў адным з беларускіх тэатраў лялек, з’яўляюся тэатральным крытыкам. Для мяне было важна, каб 27-гадовая гісторыя беларускага ўдзелу ў UNIMA не перарвалася праз рашэнні ўладаў, якія не адлюстроўваюць пазіцыю саміх беларускіх лялечнікаў», — адзначае Панкратава.
Пасля шэрагу перамоў беларускія лялечнікі ў выгнанні змаглі арганізаваць сустрэчу з вышэйшым кіраўніцтвам UNIMA, у якой прымалі ўдзел прадстаўнікі нацыянальных цэнтраў UNIMA Італіі, Іспаніі, Ірландыі, Венгрыі, Фінляндыі і іншых краін.
Стратэгія працы і першыя вынікі
Адной з першых прапаноў UNIMA было напісанне артыкула пра беларускую мастачку, якая з’яўляецца ганаровай сяброўкай арганізацыі. Гэты тэкст за аўтарствам Настассі Панкратавай ужо зацверджаны і будзе апублікаваны ў прафесійным часопісе UNIMA Magazine, які прэзентуюць на сусветным кангрэсе UNIMA ў Паўднёвай Карэі ў траўні 2025 года.
Наступным крокам стала арганізацыя анлайн-сустрэчы UNIMA з беларускімі лялечнікамі, сярод якіх, ў тым ліку, былі рэжысёр і акцёр Аляксандр Енджэеўскі (тэатр Pryehali, Беласток) і іншыя прадстаўнікі прафесійнай супольнасці. На сустрэчы прысутнічала вышэйшае кіраўніцтва UNIMA і прадстаўнікі нацыянальных цэнтраў UNIMA Італіі, Іспаніі, Ірландыі, Венгрыі, Фінляндыі і іншых краін.
Па выніках двухгадзіннай дыскусіі былі дасягнутыя некалькі важных дамоўленасцяў:
- UNIMA узгадніла захаванне Беларусі на афіцыйнай карце нацыянальных цэнтраў у статусе «спячага» цэнтра. Гэта значыць, што пры магчымым аднаўленні беларускага цэнтра працэс яго вяртання будзе значна прасцейшым.
- Кіраўніцтва UNIMA падтрымала ідэю распрацоўкі пратаколу працы з лялечнікамі, якія апынуліся ў выгнанні.
- Беларускія лялечнікі атрымалі магчымасць далучацца да нацыянальных цэнтраў UNIMA тых краін, дзе яны цяпер знаходзяцца.
- Унесена прапанова прызначыць беларускага прадстаўніка ў якасці консула пры UNIMA, што дазволіць уплываць на працэсы і прадстаўляць беларускую супольнасць на міжнародным узроўні.
«Мы стварылі прэцэдэнт, — адзначае Панкратава. — Да нас адзінай краінай, у якой быў ліквідаваны нацыянальны цэнтр UNIMA, быў Афганістан. Але афганцы не прадпрымалі маштабных спробаў аднавіць супрацоўніцтва, а беларусы першымі падрыхтавалі комплекс прапаноў, каб мець магчымасцьзахаваць сваю прысутнасць у арганізацыі. Гэта выклікала вялікую падтрымку з боку прадстаўнікоў іншых нацыянальных цэнтраў».
Што далей?
Пытанне беларускіх лялечнікаў у выгнанні будзе разглядацца на кангрэсе UNIMA ў траўні 2025 года. Гэта значыць, што ўжо хутка беларуская супольнасць можа атрымаць выразную стратэгію падтрымкі ад сусветнай лялечнай супольнасці.

Крыніца: www.unima.org/en/congress-2025/
«Галоўная задача — зрабіць так, каб беларуская лялечная традыцыя не перапынілася. Нашы майстры валодаюць унікальным і велізарным досведам, які неабходна не толькі захаваць, але і перадаць наступным пакаленням», — рэзюмуе спадарыня Панкратава.
