• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Беларускія прапагандысты не даехалі да форуму ў Балгарыі. Арганізатары запэўніваюць, што і не запрашалі

    У Сафіі за грошы ЕС правялі семінар па барацьбе з фэйкамі. Сярод запрошаных былі прапагандысты з Беларусі, спецыялісты па фэйкавых навінах у дзяржаўных СМІ. Праз розгалас, які пачаўся пасля матэрыялу БАЖ, узнік скандал — і ў выніку барацьбіты з фэйкамі з Мінску ў Балгарыю не патрапілі.

    Старшыня СБЖ Сняжана Тодарова адкрывае форум па барацьбе з фэйкамі, 26 студзеня 2026 года. Фота: «Свободна Европа»

    Нагадаем, на пачатку года супрацоўнікоў беларускіх дзяржаўных СМІ запрасілі ў сталіцу Балгарыі на мерапрыемства «Штучны інтэлект і барацьба з фэйкавымі навінамі». Дыскусія прафінансаваная Еўрасаюзам.

    Абвестку пра мерапрыемства ў балгарскай Сафіі распаўсюдзіла агенцтва «Мінск-Навіны»: «Саюз балгарскіх журналістаў запрашае прадстаўнікоў Беларускага саюза журналістаў прыняць удзел у дыскусіі на тэму «Штучны інтэлект і барацьба з фэйкавымі навінамі: якое рашэнне будзе найбольш эфектыўным?».

    Абвестка, дарэчы, вісіць і дагэтуль. 

    Абвестка пра форум у агенцтве «Мінск-Навіны», скрыншот

    Хто збіраўся вучыць барацьбе з няпраўдзівымі навінамі рэжымных прапагандыстаў?

    У мерапрыемстве ўдзельнічалі старшыня праўлення Саюза балгарскіх журналістаў (СБЖ) Сняжана Тодарава, сябры СБЖ, прадстаўнікі агульнаеўрапейскага партала Eualive.net і праекта EU4Debunk Георгі Гоцеў і Каліна Ангелава. Месца ў Сафіі прадаставіў СБЖ.

    «Трэба быць поўным ідыётам, каб запрашаць беларускіх журналістаў». Дзіўныя тлумачэнні  

    Балгарская служба «Радыё Свабода» паспрабавала высветліць, што гэта за форум і чаму на яго чакаюць людзей з рэжымных беларускіх СМІ.

    Журналістка Відка Атанасава наведала і сам форум, які пачаўся з таго, што старшыня СБЖ Сняжана Тодарава паўгадзіны «замест выступу па тэме тлумачыла, што ў зале няма прадстаўнікоў Беларусі».

    Паводле аўтаркі артыкулу на балгарскай РС, інфармацыя БАЖ «выклікала крытыку з боку еўрапейскіх журналістаў, абурэнне з боку Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі і ліст пратэсту ад Міністэрства замежных спраў Балгарыі ў адрас Саюза балгарскіх журналістаў».

    Крытыка і абурэнне цалкам зразумелыя: «Краіна Лукашэнкі — разам з Расіяй — уваходзіць у лік галоўных вытворцаў фэйкавых навін. Але ёсць і іншыя прычыны: рэжым у Мінску знаходзіцца пад санкцыямі, яго называюць дыктатарскім, у краіне ўтрымліваюцца тысячы палітычных зняволеных, у тым ліку журналісты. І на гэтым фоне — прыязджаць у краіну ЕС за грошы ЕС?»

    Сняжана Тадарова абвяргае інфармацыю пра тое, што яна запрашала гасцей з Мінску. Паводле Тадаровай, СБЖ не з’яўляецца арганізатарам форуму — арганізацыя толькі прадаставіла пляцоўку для правядзення сустрэчы. Ініцыятарамі мерапрыемства выступілі Георгі Гоцеў і Каліна Ангелава, якія прадстаўляюць праект EU4Debunk, што фінансуецца Еўрапейскім саюзам. Тыя, у сваю чаргу, заявілі, што не ведалі пра запрашэнне гасцей ад СБЖ, але дадалі, што мерапрыемства адкрытае для ўсіх ахвотных.

    Балгарская служба «Радыё Свабода» накіравала афіцыйны запыт у прадзяржаўны Беларускі саюз журналістаў, «нам адказалі, што «запыт будзе разгледжаны» пасля таго, як ён будзе афіцыйна накіраваны ад імя рэдакцыі старшыні БСЖ Андрэю Крывашэеву».

    Андрэй Крывашэеў і Сняжана Тодарава

    Андрэй Крывашэеў і Сняжана Тодарава падпісваюць дамову аб супрацы журналісцкіх саюзаў Беларусі і Балгарыі. Фота: «Минск-Новости»

    У інтэрв’ю РС на мінулым тыдні Тадарова назвала інфармацыю пра ўдзел беларусаў у форуме «яскравым прыкладам фэйкавых навін». На адкрыцці форуму яна паўтарыла гэты тэзіс.

    «Гэта фэйкавыя навіны і актыўная атака. Гэта не першы раз, калі нехта спрабуе нашкодзіць СБЖ і мне асабіста», — заявіла Тадарова.

    Аднак яна не змагла растлумачыць, чаму «фэйкавыя навіны» распаўсюджвае «Мінск-Навіны» — адно з дзяржаўных медыя Беларусі.

    «Трэба быць поўным ідыётам, каб запрашаць беларускіх журналістаў, разумеючы, што яны ніяк не могуць прыехаць», — дадала яна.

    Фармальна і фактычна

    Фармальна БСЖ з’яўляецца грамадскай арганізацыяй, але дэ-факта ён звязаны з беларускімі ўладамі, заявіў старшыня БАЖ Андрэй Бастунец беларускай службе «Радыё Свабода».

    «Аднак дэ-юрэ БСЖ не з’яўляецца дзяржаўнай установай, і гэта адкрывае дзверы для пэўнага ўзроўню супрацоўніцтва з замежнымі журналісцкімі арганізацыямі, як правіла, з прарасійскай накіраванасцю», — дадаў ён.

    БСЖ не з’яўляецца сябрам Міжнароднай федэрацыі журналістаў або Еўрапейскай федэрацыі журналістаў, але можа супрацоўнічаць з рознымі нацыянальнымі арганізацыямі.

    «Мы рады ўсім»  

    Адным з двух лектараў, мадэратараў і ініцыятараў форуму ёсць Георгі Гоцеў — стваральнік платформы Eualive.net, якая ўваходзіць у кансорцыум EU4Debunk. Гэта еўрапейскі праект, скіраваны на дапамогу грамадзянам у арыентацыі ў лічбавай медыяпрасторы і прыняцці абгрунтаваных рашэнняў. 

    Георгі Гоцеў, стваральнік платформы Eualive.net, на форуме ў Сафіі, 26 студзеня 2026 года. Фота: «Свободна Европа»

    «Мы праводзім гэта мерапрыемства не дзеля таго, каб тыя, хто хоча змагацца з фэйкавымі навінамі, змагаліся супраць тых, хто іх распаўсюджвае, — сказаў Гоцеў. — Мы нікога не запрашалі і рады ўсім».

    Паводле яго слоў, ён звярнуўся да Саюза балгарскіх журналістаў, каб «аўдыторыя была больш кансерватыўнай». «Калі б я звярнуўся да Асацыяцыі еўрапейскіх журналістаў, то мы ўсе былі б (на форуме) аднадумцамі, і я не ўпэўнены, што зносіны паміж аднадумцамі былі б настолькі карыснымі», — патлумачыў Гоцеў.

    Тодарава «вельмі збянтэжаная» тонам МЗС Балгарыі

    Гэта інфармацыя таксама выклікала перапіску з МЗС Балгарыі. Паводле РС, у сваім адказе Міністэрству замежных спраў Тадарова таксама напісала, што навіна «з’яўляецца фэйкавай».

    Міністэрства накіравала ліст адносна інфармацыі, атрыманай ад пасольства Балгарыі ў Варшаве, якое, у сваю чаргу, атрымала сігнал ад Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі.

    Тодарава ў сваім адказе МЗС таксама заявіла, што «вельмі збянтэжаная павучальным тонам і рэкамендацыямі, якія такая дзяржаўная ўстанова, як Міністэрства замежных спраў, дазваляе сабе адрасаваць незалежнаму прафесійнаму аб’яднанню «Саюз балгарскіх журналістаў».

    Саюз балгарскіх журналістаў — адна з двух журналісцкіх арганізацый Балгарыі, якая падкрэслена працягвае супрацоўнічаць з беларускімі і расійскімі афіцыйнымі медыя. Летась увагу на гэта ўжо звярталі сябры Еўрапейскай федэрацыі журналістаў, салідарныя з Украінай і беларускім незалежнымі СМІ.

    Кіраўніца СБЖ Сняжана Тодарава мае ў сваёй краіне рэпутацыю прыхільніцы Расіі. Яна атрымала ордэн Дружбы ад Уладзіміра Пуціна ў верасні 2025 года, часта наведвае Расію і Беларусь. Яшчэ ў 2014 годзе ў інтэрв’ю парталу «Столетие» Тодарава заявіла, што «адраджэнне фашызму і наступ бандэраўцаў пужаюць балгар». Надалей, гледзячы па выступах, яе погляды не змяняліся.

    Следчая камісія Балгарыі ў 2009 годзе раскрыла інфармацыю пра сувязі Тодаравай з Шостым упраўленнем Службы дзяржаўнай бяспекі па барацьбе з ідэялагічным сабатажам.

    Тодарава дзейнічала пад псеўданімам «Віялета» ў савецкай Балгарыі з 1988 года і да змены дзяржаўнага ладу. На канец 80‑х Тодарава кіравала міжнародным аддзелам у Саюзе балгарскіх рабочых.

    Акрамя кіроўнай пасады ў СБЖ, Сняжана Тодарава таксама ўзначальвае Каардынацыйны савет «Балгарыя — Расія» пры «Роскангрэсе», недзяржаўным расійскім фондзе, класічнай арганізацыі «мяккай сілы».

    Агульнаеўрапейскі партал Eualive.net, які быў створаны ўвесну 2025 года ў межах праекта EU4Debunk, юрыдычна зарэгістраваны ў Бруселі. Ім кіруе грамадзянін Бельгіі і Балгарыі Георгі Гоцеў, чыя пошта якраз пазначаная на сайце «Мінск-Навіны» для рэгістрацыі на антыфэйкавую дыскусію.

    «Місія EUalive.net — паглыбіць разуменне грамадскасцю таго, што адбываецца ў ЕС, у дзяржавах-сяброўках і краінах-кандыдатах для шырокай глабальнай аўдыторыі. EUalive выбудоўвае партнёрскія зносіны ў сферы кантэнту са СМІ, НДА і аналітычнымі цэнтрамі. Мы падтрымліваем моцную, адзіную Еўропу, захоўваючы пры гэтым крытычнае стаўленне да інстытутаў ЕС. Наша пазіцыя адносна таго, хто з’яўляецца агрэсарам у вайне ва Украіне, цалкам ясная», — заяўляе Eualive.net.

    А праект AI4Debunk, у межах якога дзейнічае Eualive.net і праводзіцца канферэнцыя ў Сафіі, «аб’ядноўвае міждысцыплінарны кансорцыум, які ахоплівае шырокае кола дысцыплін — ад сацыёлагаў і спецыялістаў у галіне СМІ да распрацоўшчыкаў праграмнага забеспячэння і экспертаў па штучным інтэлекце і машынным навучанні, — з мэтай усебаковага вывучэння ўсяго спектра працэсаў дэзінфармацыі».

    Узначальвае кансорцыум AI4Debunk у якасці каардынатара Латвійскі ўніверсітэт у Рызе.

    На сайце AI4Debunk пазначана, што яго дзейнасць фінансуецца Еўрасаюзам, «аднак выяўленыя тут погляды і меркаванні належаць выключна аўтару (аўтарам) і не абавязкова адлюстроўваюць погляды Еўрапейскага саюза ці Еўрапейскай камісіі, ні Еўрапейскі саюз, ні Еўрапейская камісія не нясуць за іх адказнасці».

    Нагадаем, што паводле звестак БАЖ, за кратамі ў Беларусі цяпер знаходзяцца 28 прадстаўнікоў і прадстаўніц медыя.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці