«Белсат» дапаможа сваім журналістам, вызваленым з беларускіх турмаў
«Белсат» падтрымае былых палітзняволеных журналістаў, якія раней супрацоўнічалі з тэлеканалам і адсядзелі за сваю працу вялізныя тэрміны ў беларускіх калоніях, паведаміла галоўная рэдактарка тэлеканалу Аліна Коўшык.

Галоўная рэдактарка «Белсату» Аліна Коўшык і шасцёра вызваленых журналістаў тэлеканалу: Вячаслаў Лазараў, Павел Падабед, Ірына Слаўнікава, Яўген Меркіс, Ларыса Шчыракова, Павел Вінаградаў. Фота: Сяргей Сацук
Кожны журналіст, які надумае працягнуць працу на «Белсаце», атрымае працоўную дамову і аднаразовы сацыяльны пакет. Тэлеканал таксама пакрые кошты, звязаныя з легалізацыяй у Польшчы.
«Польскае тэлебачанне (Telewizja Polska), часткай якога ёсць «Белсат», імкнецца такім чынам кампенсаваць былым вязням адбыццё несправядлівых выракаў і падкрэсліць сувязь з базавымі каштоўнасцямі вольнага свету.
Мы вельмі цешымся, што былі вызваленыя восем нашых супрацоўнікаў – Ірына Слаўнікава, Павел Мажэйка, Ларыса Шчыракова, Яўген Меркіс, Павел Падабед, Вячаслаў Лазараў, Уладзімір Мацкевіч і Павел Вінаградаў. Але мы таксама разумеем, што гэта яшчэ не поўная свабода, бо гэтыя асобы былі прымусова вывезеныя са сваёй краіны – не атрымалі нават магчымасці выбару, а шмат з іх вельмі хацелі б вярнуцца ў свае дамы і сем’і», – кажа Аліна Коўшык.
«Былыя палітзняволеныя журналісты – гэта людзі незвычайнай адвагі і сілы, якія захавалі свае каштоўнасці нават у сістэме лагераў дыктатара, які ламае чалавека і пазбаўляе яго чалавечнасці», – падкрэслівае кіраўніца «Белсату».
Тэлеканал таксама здыме для згаданых журналістаў агульную кватэру на год, якой яны змогуць карыстацца. Тым, хто патрабуе медычнай дапамогі, зробяць страхоўку і арганізуюць магчымасць лячэння ў санаторыі.
Адначасова вядзецца рыхтаванне дакументаў, неабходных для легальнага прыезду вызваленых журналістаў у Польшчу.
«Мы вельмі чакаем нашых калегаў у Варшаве. Мы ганарымся імі і верым, што працэс іхнай адаптацыі пройдзе як найлепш. Мы таксама збіраем грошы ўнутры рэдакцыі, каб паказаць чалавечы, сяброўскі ўзровень салідарнасці», – кажа Аліна Коўшык.
Кіраўніца «Белсату» таксама адзначае, што рэдакцыя памятае пра траіх супрацоўнікаў, якія засталіся закладнікамі рэжыму Лукашэнкі, і робіць усё, каб іх вызваліць.
Тэлеканал «Белсат» – голас вольнай Беларусі. Гэта адзіны тэлеканал з вяшчаннем на беларускай мове, які сёлета адзначае сваё 18-годдзе. У эфіры «Белсату» цяпер выходзяць 16 праграмаў, а ўвосень 2025 года дададуцца яшчэ пяць новых.
Нягледзячы на рэпрэсіі і прызнанне тэлеканалу «экстрэмісцкім фармаваннем» рэжымам Лукашэнкі, арышты і прысуды, што пагражаюць у Беларусі нават за каментары ці падабайкі пад матэрыяламі «Белсату», тэлеканал штомесяц мае 32–35 мільёнаў гледачоў», – зазначае Аліна Коўшык.
Тэлеканал «Белсат» – частка Цэнтру медыяў для замежжа Польскага тэлебачання (да якога таксама належыць «TVP World»). Цэнтр медыяў для замежжа фінансаваны са сродкаў МЗС Польшчы.
Удзень 11 верасня вызвалілі 52 палітычных вязняў, у тым ліку 9 журналістаў, сярод якіх шасцёра раней супрацоўнічалі з «Белсатам»: Вячаслаў Лазараў, Павел Мажэйка, Яўген Меркіс, Павел Падабед, Ірына Слаўнікава, Ларыса Шчыракова.
Акрамя таго, вызваленыя філосаф Уладзімір Мацкевіч, які, сярод іншага, быў вядоўцам праграмы «Размова» на «Белсаце», актывіст і колішні «чэмпіён у соднях» Павел Вінаградаў, які вёў на «Белсаце» праграму «Гэта ж Вінаград».
За кратамі застаецца сярод іншых журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева, якую затрымалі ў 2020 годзе падчас рэпартажу. Таксама зняволены ейны муж, журналіст Ігар Ільяш, якога затрымалі восенню 2024 года.
Беларуская асацыяцыя журналістаў налічвае цяпер 29 зняволеных журналістаў.
