Блогер-палітвязень Павел Вінаградаў: Я практычна чатыры гады збіраў кантэнт
Паўла Вінаградава кідалі ў штрафны ізалятар, збівалі, спрабавалі паставіць у «нізкі статус». Ён не згубіў пачуцця гумару, на волі расказвае пра турэмныя парадкі, смяецца з іх і з сябе. 3 лістапада Вінаградаў упершыню па вызваленні выйшаў у эфір «Белсату».

Павел Вінаградаў у турэмнай робе. Вільня, Літва. 15 кастрычніка 2025 года. Фота: Brogenie_Vinograda / Telegram
Тройчы былы палітвязень Павел Вінаградаў быў вызвалены і дэпартаваны з Беларусі ў Літву 11 верасня. Толькі 1 лістапада ён змог уз’яднацца з жонкай і сынам. Вечарам 3 лістапада ён выйшаў у эфір «Студыі Белсату» і расказаў пра сваё зняволенне і вызваленне. Размова з ім – тут ад 27‑й хвіліны.
Вінаградаў расказвае, што перад тым, як яго затрымалі ў снежні 2021 года, ён не хацеў з’язджаць з Беларусі, хоць былі «намёкі». У той час тых, каго зусім не было за што садзіць, кідалі пад арышт, распачыналі крымінальную справу, адпускалі і давалі з’ехаць.
«Я вырашыў, што я неяк не хачу валіць, – згадвае Вінаградаў. – Чаго я буду валіць? Я законапаслухмяны грамадзянін! Хай яны валяць з маёй краіны, хто чыніў то, што чыніў у 2020 годзе».
Збіраўся дапамагаць «сваім» – было ўжо шмат палітвязняў: «Усе сядзяць, а я не сяджу». Не выйшла, дапамога за кратамі спатрэбілася яму самому.
Уражанні ад вызвалення, хай і з дэпартацыяй, у Вінаградава выдатныя. Яшчэ ў жніўні 2022 года, праз 9 месяцаў за кратамі, ягоная жонка расказвала, што ён схуднеў на 36 кг. За 50 дзён з вызвалення набраў ужо 10 кг: «Можна ўсё тлустае, вострае і колькі хочаш, можна запіваць усё гэта півам і сырным соусам».
Цяпер Вінаградаў, насалоджваецца Facebook і Telegram – у сацсетках дзеліцца гісторыямі з калоніі.
«Я практычна чатыры гады збіраў кантэнт, – кажа Вінаградаў пра няволю. – І ў мяне яго цяпер столькі, колькі ніколі ў жыцці не было».
Расказваць атрымліваецца яшчэ не так шмат, бо і лянота, і трэба разбірацца з побытавымі момантамі. Навіны не чытае спецыяльна, але ў курсе падзеяў, пра якія піша ўвесь Facebook.
Вінаградаў чуў, што «пацярпелы» ад ягоных выказванняў Аляксандр Лукашэнка распавядаў: Раман Пратасевіч, аказваецца, даўні агент Камітэту дзяржаўнай бяспекі. У гэта Вінаградаў не верыць.

Павел Вінаградаў да і пасля зняволення. Фота: Белсат; Facebook Паўла Вінаградава
Без санкцыяў былі б мацнейшыя рэпрэсіі
Намеснік міністра замежных справаў Беларусі Ігар Сакрэта 3 лістапада выступаў на перыядычным аглядзе па правах чалавека ў Жэневе і распавядаў, што ў Беларусі ўсё добра з правамі чалавека, а каб не было санкцыяў, было б яшчэ лепей. Спыталі Вінаградава, што б ён мог на гэта адказаць.
Вінаградаў завочна заклікаў Сакрэту праспацца і праверыць, ці не забыў ён прымаць таблеткі.
«Калі сур’ёзна, то, як па мне, калі б санкцыяў не было, сітуацыя з правамі чалавека была б яшчэ горш, – разважае Вінаградаў. – Рэжым пры наяўнасці санкцыяў і разуменнем, што могуць быць санкцыі, хоць неяк трымае сябе ў аброці».
«Як там сітуацыя з правамі чалавека… Я не ведаю, што там гэты Сакрэта распавядае, я магу расказаць вось адзін такі эпізод. Сіджу я, значыць, у ШІЗА 18 снежня 2024 года. У папраўчай калоніі № 11 гораду Ваўкавыску, строгага рэжыму. Сіджу я, сіджу, тут адчыняюцца дзверы. Я гляджу, а там людзі ў масках, без апазнавальных знакаў. У нейкіх бронекамізэльках, касках, масках – і спартовым адзенні грамадзянскага ўзору.
Яны мяне выцягваюць з камеры, б’юць галавой аб сцяну, ставяць на расцяжку, пачынаюць выломваць мне палец і тлумачыць, наколькі я неправы ў сваіх палітычных поглядах, наколькі я непатрэбны ў гэтай краіне і наколькі мне трэба з’язджаць адразу па вызваленні. Тлумачылі яны мне гэта з ветлівасцю, уласцівай людзям без апазнавальных знакаў».
Вінаградава залічылі ў «нізкі статус», зняволеныя ў гэта не паверылі
Хоць тыя насілі маскі, імёны некаторых адказных за рэпрэсіі супраць зняволеных вядомыя. Намеснік начальніка аператыўнай часткі ваўкавыскай калоніі № 1 Сяргей Самушчык, па словах Вінаградава, адказвае за ўсіх «экстрэмістаў», робіць «прыгоды» палітвязням і «дырыжуе» пастаноўкі зняволеных у «нізкі статус».
Вінаградаў заклікае ўжываць больш зразумелы турэмны слэнг: гэтая каста – не «нізкі статус», а «петушатня». Гэтая «петушатня» лічыцца самым «дном» крымінальнага свету – там у асноўным сабраныя «горшыя з горшых», у тым ліку асуджаныя за злачынствы сексуальнага характару. У тую ж касту залічваюць геяў, але тых, якія ў пасіўнай пазіцыі. Такі статус выкарыстоўваюць супраць зняволеных, і не толькі палітычных: Вінаградаў бачыў, як у «петушыную» камеру кінулі таго, хто пісаў скаргі на гарадзенскую турму.
Тых, хто ў «нізкім статусе», дэманстратыўна пазбягаюць: да іх не дакранаюцца, ад іх не бяруць ніякіх рэчаў. У любым шыхце яны апошнія, перасоўвацца яны павінны «па сценачцы», саступаць усім дарогу. Ім ніхто не верыць, іх ніхто не паважае.
З Вінаградавым так не было: усе ведалі, што гэта адміністрацыя калоніі яго залічыла ў «петушатню». Стаўленне зняволеных да яго ў выніку было лепш, чым да сярэдняга зняволенага.
«Я для сябе вывеў формулу: каб да цябе не ставіліся, як да „петуха“, не паводзь сябе, як „петух“, – расказаў Вінаградаў. – Да людзей, якія сябе вядуць годна, так не ставяцца».
Некаторыя палітвязні, ведае Вінаградаў, прайшлі праз падобныя гісторыі, хоць да некаторых сапраўды ставіліся вельмі кепска. Колькі яшчэ палітвязняў былі пастаўленыя ў «нізкі статус», Вінаградаў не кажа: хтосьці можа саромецца такога. Але сцвярджае, што гэта адносна рэдкая з’ява: трэба або сапраўды няправільна паводзіць сябе ў калоніі, або «качаць правы», або каб была каманда звонку паставіць чалавека ў такі статус.
У «петушатню» прызначаюць крымінальныя аўтарытэты. Вінаградава туды, расказвае ён, скірааваў на замову адміністрацыі Дзмітрый Крайко, вядомы ў крымінальных колах як «Змей», які называўся «смотрящим» за строгім рэжымам у Беларусі.
                        @bajmedia