Блогер Руслан Ліннік на свабодзе пасля заканчэння другога тэрміну — «Наша Ніва»
Блогер прабыў за кратамі амаль чатыры з паловай гады. Але цяпер яго імя з’явілася ў абноўленым міліцэйскім спісе «экстрэмістаў» з дзіўнай пазнакай.

Руслан Ліннік. Фота з ягонай старонкі Укантакце
23 чэрвеня 2025 года расійская «Сота» паведаміла пра вызваленне блогера Руслана Лінніка. Ён меўся выйсці на свабоду яшчэ ў кастрычніку 2024 года, аднак незадоўга да плануемага вызвалення яго пераарыштавалі па новай крымінальнай справе і адправілі ў СІЗА. Было невядома, якое новае пакаранне прызначылі Лінніку.
А 11 ліпеня 2025 года Міністэрства ўнутраных спраў дадало Лінніка ў спіс «экстрэмістаў». Насупраць яго імені стаяла пазнака «адбывае пакаранне». Дык дзе цяпер знаходзіцца Ліннік? Як аказалася, усё ж на свабодзе.
Як стала вядома «Нашай Ніве», на новым судзе Руслану Лінніку прысудзілі два з паловай гады калоніі за «распальванне варожасці». Аднак за кошт частковага складання пакарання з ранейшым тэрмінам і з улікам адседжанага ў СІЗА блогер выйшаў на свабоду.
Паколькі фармальна пакараннем было пазбаўленне волі, то і ў міліцэйскай базе з’явілася такая пазнака.
Агулам Руслан Ліннік правёў за кратамі 4 гады і 4 месяцы.
З 2019 года ён вёў блог на сацыяльна-палітычную тэматыку. Там ён дзяліўся сваімі думкамі пра тое, што адбываецца ў краіне.
Паралельна Ліннік займаўся сваім хобі — так званым «крыптафізічным камітэтам». Там ён шукаў НЛА і даследаваў «з’явы, якія нельга патлумачыць навукова». З групай сяброў ён займаўся гэтым як мінімум да 2015 года, але тэматыка даследавання невядомага прыцягвала яго і пазней.
