• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Блогера Руслана Лінніка ўключылі ў пералік «экстрэмістаў», яго асудзілі да зняволення ў другі раз

    Звесткі пра Руслана Лінніка з’явіліся на сайце МУС Беларусі 11 ліпеня 2025 года. Прычына — вырак Мінскага гарадскога суда, які прызнаў блогера вінаватым у распальванні варожасці або варажнечы. У «Пераліку асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», пазначана, што ён «адбывае пакаранне».

    Блогера Руслана Лінніка ўключылі ў пералік «экстрэмістаў»

    Першы раз быў асуджаны паводле чатырох крымінальных артыкулаў

    Руслана Лінніка затрымалі 20 лютага 2021 года ў Віцебску. Спачатку яго вінавацілі ў тым, што ён нібыта размясціў у сваім YouTube-канале ролік з абразамі прадстаўнікоў міліцэйскага ведамства.

    17 верасня 2021 года суд Маскоўскага раёна Мінска прызнаў блогера вінаватым паводле чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса:

    • ч. 1 і ч. 2 арт. 367 (паклёп на прэзідэнта РБ),
    • ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта РБ), 
    • арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады),
    • арт. 188 (паклёп).

    Суддзя Юрый Машкетаў прыгаварыў Руслана Лінніка да 4 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Менавіта такое пакаранне запрасіў напярэдадні пракурор Яўген Серакоў.

    Руслан Ліннік не прызнаў віну, а ў апошнім слове паведаміў суду пра псіхалагічнае і фізічнае ўздзеянне з боку сілавікоў пасля затрымання — што праз гэты ціск мусіў агаварыць сябе.

    Спроба абскардзіць прысуд плёну не прынесла, і блогера накіравалі адбываць пакаранне ў шклоўскую ПК № 17.

    Пасля адбыцця тэрміну Руслан Ліннік на волю не выйшаў

    У кастрычніку 2024 года стала вядома, што Руслана Лінніка не вызвалілі з калоніі, хоць тэрмін зняволення ў яго скончыўся. Замест гэтага блогера перавялі ў СІЗА № 1 у Калядзічах.

    Паводле звестак праваабаронцаў, 19 чэрвеня 2025 года ў Мінскім гарадскім судзе над Русланам Ліннікам адбыўся другі суд, дзе  блогера прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці ці варажнечы). Яму прызначылі яшчэ 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

    Вызваленне па памілаванні?

    21 чэрвеня Telegram-канал «SOTA» са спасылкай на дасведчаную крыніцу паведамляў, што Руслана Лінніка адпусцілі былі на волю. Спраўдзіць гэтую інфармацыю пакуль не атрымалася.

    Руслан Ліннік — блогер, які з 2020 года рабіў ролікі на грамадска значныя і палітычныя тэмы. Ягоны YouTube-канал налічваў больш за 90 тысяч падпісчыкаў. Пасля затрымання ў 2021 годзе беларуская праваабарончая супольнасць прызнала яго палітычным вязнем.

    На сённяшні дзень яго канал мае каля 52 тысяч падпісчыкаў, абнаўленняў на ім няма.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці