Блогер Vadimati з’ехаў з Беларусі пасля прызнання «экстрэмісцкім» яго акаўнта ў Instagram
Блогер Вадзім Ермашук (Vadimati) пакінуў Беларусь. Відэа з ім у варшаўскім аэрапорце апублікавала ў сваім Instagram актывістка страйкама з Гродна Юлія Сліўко.
1 снежня 2024 года стала вядома, што старонку гродзенскага блогера Вадзіма Ермашука ў Instagram прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Блогер выдаліў свой акаўнт яшчэ да суда (які адбыўся ў Гродне 27 лістапада), але гэта не пазбавіла яго ад пераследу. Мінінфарм уключыў выдалены акаўнт у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Прызнанне кантэнту «экстрэмісцкім» пагражае ў Беларусі адміністрацыйным або крымінальным пераследам яго стваральніку.
Вадзім Ермашук — былы палітвязень. Яго затрымалі ў жніўні 2021 года ў Шчучыне, куды блогер паехаў здымаць ролік. Пасля 40 сутак адміністрацыйнага арышту на яго завялі дзве крымінальныя справы — паводле артыкула 368 Крымінальнага кодэкса (абраза Лукашэнкі) і артыкула 370 Крымінальнага кодэкса (здзек з дзяржаўных сімвалаў).
У судзе Ермашук не прызнаў віну ні па адному з артыкулаў і адмовіўся даваць паказанні. 21 снежня 2021 года суд Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці прыгаварыў гродзенца да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму (суддзя Дзмітрый Цівунчык).
Блогер выйшаў на волю 26 чэрвеня 2024 года, адбыўшы поўны тэрмін пакарання. У хуткім часе пасля вызвалення Вадзім паведаміў, што пасля калоніі ў яго выявілі злаякасную меланому. Ермашук перанёс аперацыю па яе выдалені.