«Я ў разгубленасці». Блогер Зміцер Грынкевіч захрас у Арменіі і шукае шляхі выезду адтуль
Блогер Зміцер Грынкевіч захрас у Арменіі пасля таго, як яго не ўпусцілі ў Грузію пасля візарана сёлета на пачатку траўня. Беларус спрабаваў зрабіць візу ў Польшчу, звяртаўся ў розныя арганізацыі, аднак атрымаў адмову. А надоечы яго не ўпусцілі ў Малдову, куды ён паляцеў на візаран ужо з Ерэвана.
БАЖ пагутарыў з блогерам пра ягоны стан і планы на бліжэйшыя паўгода, калі зноў давядзецца абнуляць бязвізавае знаходжанне ў краіне.

Зміцер Грынкевіч. Крыніца фота: Беларускае Радыё Рацыя
Затрыманне, адмова прыняць заяву аб міжнароднай абароне і дэпартацыя
Мы распавядалі, як 6 лістапада Змітра Грынкевіча не ўпусцілі ў Малдову ў аэрапорце Кішынёва і на наступны дзень вярнулі ў Ерэван. Блогеру спатрэбілася крыху часу, каб прыйсці ў сябе пасля гэтых «прыгодаў». Але гэтая гісторыя пакуль не скончаная. Па-першае, беларус хоча ўсё ж высветліць, на якіх падставах яго не ўпусцілі. Афіцыйных прычын ён не ведае, бо ніякіх дакументаў яму на рукі не далі.
Акрамя таго, Зміцер хоча высветліць, ці не было парушэнняў з боку Малдовы, калі ў яго не прынялі заяву на міжнародную абарону, а пасля яе агучвання ігнаравалі яго далей і адвялі ў пакой для тых, каго рыхтуюць на дэпартацыю. Зміцер звярнуўся па гэтых пытаннях да амбудсмэна ў Малдове.
Па-другое, авіякампанія, якой беларус вяртаўся ў Ерэван, патрабуе ад яго кампенсацыі кошту квітка — 75 еўра.
«Наколькі я ведаю, звычайна краіна, якая дэпартуе, аплочвае дарогу. А тут мне і іншым, каго разам са мной дэпартавалі, уручылі паперы на подпіс, паводле якіх мы павінныя кампенсаваць 75 еўра — кошт квітка з Кішынёва ў Ерэван. Я не падпісаў. На што мне сказалі: маеце права, але калі за месяц не заплаціце, мы на вас падамо ў нейкі міжнародны суд. Я па гэтым пытанні хачу звяртацца да юрыстаў», — кажа Зміцер.
Беларус цяпер знаходзіцца ў няпростай фінансавай сітуацыі. Калі ён вылятаў на візаран у Кішынёў, аказалася, што ён на тры дні пратэрмінаваў легальны тэрмін знаходжання ў Арменіі без візы. Зміцер меркаваў, што бязвізавы перыяд складае роўна паўгода, а аказалася — 180 дзён. За пратэрміноўку блогер быў вымушаны заплаціць штраф памерам 120 долараў.
«Калі б я не заплаціў іх да вылету, мне забаранілі б на год уезд у Арменію. Я заплаціў, але гэта былі амаль усе мае грошы», — зазначае суразмоўца БАЖу.
Мядовая пастка
У Змітра цяпер няма працы. Ён цягам месяца працаваў адміністратарам у хостэле ў Ерэване. Засяляў гасцей, вёў бухгалтэрыю, аднак, як кажа блогер, ён «не падышоў» гаспадарам хостэла і таму давялося сысці. Цяпер беларус шукае новую працу, з чым у Арменіі зусім няпроста.
Заставацца ў Арменіі назусім, падавацца там на міжнародную абарону Зміцер не хоча, бо адчувае, што не прыжывецца ў гэтай краіне ні па менталітэце, ні па клімаце. Як цяпер выбрацца з яе — таксама не ведае. Кажа, што адчувае сябе як у мядовай пастцы, якая прывабна выглядае звонку, у якую проста трапіць, але потым зусім няпроста выехаць адтуль.
А ўжо менш чым праз 180 дзён трэба рабіць чарговы візаран. У Малдову Зміцер больш не паляціць.
«У Малдове беларусам дакладна няма чаго рабіць. У мясцовым чаце мне распавялі, што 100% беларусаў цягаюць на допыты. Беларусы для іх ворагі, а пра тое, што ў нас было ў 2020 годзе, яны ці не ведаюць, ці не хочуць ведаць», — зазначае блогер.
З наземных кірункаў даступныя толькі Грузія і Іран. У Грузію Змітра ўжо аднойчы не ўпусцілі (блогер два гады пражыў у Батумі, але 8 траўня 2025 года яго не ўпусцілі ў краіну пасля візарану). У Іран беларусам ехаць небяспечна. З Турцыяй наземная мяжа закрытая. Усе іншыя бязвізавыя напрамкі — Турцыя, Чарнагорыя, Албанія — толькі самалётам.
«А візу атрымаць складана, бо Еўропа лічыць Арменію бяспечнай краінай. У выніку — замкнёнае кола», — кажа беларус.
Зміцер увесь час падкрэслівае, што ў падобнай сітуацыі не толькі ён, а і шмат беларусаў у Арменіі і Грузіі. Атрымаць еўрапейскія візы грамадзянам Беларусі ў гэтых краінах цяпер вельмі няпроста.
«Па шчырасці, я цяпер у разгубленасці», — кажа Зміцер.
Атрымаць візу складана, але не немагчыма
Калі блогера не ўпусцілі ў Малдову, у сітуацыю адразу ўмяшаўся Офіс Святланы Ціханоўскай. Дарадца беларускай лідаркі па прававых пытаннях Леанід Марозаў даслаў ліст у падтрымку беларуса, а таксама звярнуўся да амбудсмена ў Кішынёве.
«Яны тады мяне моцна падтрымалі, яны робяць, што могуць, але я разумею, што яны таксама абмежаваныя», — зазначае блогер.
Датычна візы, Леанід Марозаў пацвердзіў, што Еўразвяз лічыць Арменію і Грузію бяспечнымі краінамі, аднак гэта не значыць, што візу цалкам немагчыма атрымаць.
Дарадца Ціханоўскай прыгадаў сітуацыю беларускі, пра якую стала вядома на пачатку лістапада, калі дзяўчыну, што знаходзілася ў міжнародным вышуку па палітычных матывах паводле заявы Беларусі, затрымалі ў Арменіі. У падтрымку дзяўчыны выступілі Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі, прававая камісія Каардынацыйнай Рады, Павел Латушка. Беларуска атрымала візу і выехала ў краіну Еўразвяза.
@bajmedia