• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Блогера Антона Матольку ўнеслі ў спіс «экстрэмістаў»

    Звесткі блогера з’явілася 26 верасня на сайце МУС Беларусі ў пераліку асоб, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці». Антон Матолька быў завочна асуджаны да 20 гадоў пазбаўлення волі, вялізнага штрафу і канфіскацыі маёмасці па 13-ці артыкулах Крымінальнага кодэкса РБ.

    Блогера Антона Матольку ўнеслі ў спіс «экстрэмістаў»

    Архивное фото: tut.by

    Сярод абвінавачанняў, паводле якіх Матольку 3 чэрвеня 2025 года асудзіў у парадку так званай спецыяльнай вытворчасці Гродзенскі абласны суд, фігуравалі тры «экстрэмісцкія» артыкулы:

    • часткі 1 і 2 артыкула 361–1 КК — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім;
    • частка 2 артыкула 361–2 КК — фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці;
    • частка 2 артыкула 361–4 КК — садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці.

    Завочны судовы працэс над Антонам Матолькам доўжыўся амаль шэсць месяцаў — з 27 снежня 2024 года па 3 чэрвеня 2025 года. Сёлета ў жніўні судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела ў апеляцыйным парадку крымінальную справу Матолькі і пакінула прысуд без зменаў.

    Блогер асуджаны да 20 гадоў зняволення ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу памерам 2 000 базавых велічынь (84 000 рублёў ці прыблізна 24 820 еўра). Апроч гэтага,  Антон Матолька па рашэнні суда мусіць сплаціць «у даход дзяржавы 668 883,45 рублёў кошту маёмасці, здабытай злачынным шляхам». Для гэтага суд пастанавіў выставіць на рэалізацыю маёмасць блогера — садовы домік і зямельны ўчастак у Ждановічах, аўтамабіль Maz­da 1994 года выпуску, планшэт iPad A1337.

    Справу супраць блогера, стваральніка праектаў «Мотолько Помоги» і «Беларускі Гаюн» распачаў Следчы камітэт ў ліпені 2024 года. На той час Антон Матолька ўжо знаходзіўся па-за межамі Беларусі — асцерагаючыся палітычна матываванага пераследу, ён вымушана з’ехаў з радзімы яшчэ ў 2020 годзе.

    У сакавіку 2021 года Следчы камітэт паведаміў, што Матольку абвяшчаюць у міждзяржаўны вышук. Той у адказ заявіў, што «гатовы адказаць за ўсе свае дзеянні перад судом. У новай Беларусі».

    У красавіку 2021 года КДБ Беларусі ўключыў блогера ў пералік асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».

    16 сакавіка 2022 года МУС Беларусі ўключыў у пералік экстрэмісцкіх фармаванняў «групу грамадзян, аб’яднаных вакол Telegram-канала «Беларускі Гаюн» і Telegram-чата «Беларускі Гаюн Chat».

    17 сакавіка 2022 года ў пералік экстрэмісцкіх фармаванняў унеслі «групу грамадзян, аб’яднаных вакол Telegram-канала «МотолькоПомоги».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці