• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Блогера Максіма Шуканава абвінавацілі ў супрацы з BelPol і па справе «Беларускага Гаюна»

    Вярхоўны суд адхіліў апеляцыйную скаргу блогера Максіма Шуканава і пакінуў без зменаў рашэнне Мінскага гарадскога суда, які прысудзіў яму 4 гады пазбаўлення волі і штраф памерам 500 базавых велічынь (21 тысяча беларускіх рублёў).

    Блогер Максім Шуканаў

    Блогер Максім Шуканаў. Скрыншот: UnionBell/Youtube

    Пра гэта 3 лютага паведаміла на сваім сайце Генеральная пракуратура Беларусі. Дата вынесення вердыкту Вярхоўным судом не ўказваецца.

    Стала вядома, што Мінскі гарадскі суд прызнаў Максіма Шуканава  вінаватым у парушэнні трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), ч. 1 і ч. 2 арт. 361–4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці») і ч. 3 арт. 361–1 («Уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фармавання»).

    Паводле версіі боку абвінавачання, Шуканаў рэдагаваў кантэнт на YouTube-каналах аб’яднання былых сілавікоў, якія у час паслявыбарчых пратэстаў 2020 года перайшлі на бок народа.

    «У яго задачы як удзельніка экстрэмісцкага фармавання ўваходзілі рэдагаванне дэструктыўнага кантэнту на YouTube-каналах BYPOL і BELPOL, стварэнне лагатыпа BELPOL і іншыя. Ён таксама садзейнічаў экстрэмісцкай дзейнасці фармавання «Беларускі гаюн»», — даводзіць упраўленне ўзаемадзеяння са СМІ Генпракуратуры.

    Таксама блогера звінавацілі ва ўдзеле ў жніўні 2020 года «ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах на тэрыторыі г. Мінска».

    Відэаблогер Максім Шуканаў разам са сваёй нарачонай, таксама блогеркай, Палінай Зыль застаўся ў Беларусі, нягледзячы на ўзмацненне рэпрэсій. Яны некалькі гадоў паспяхова хаваліся, але ў лютым 2025 года Максім быў вымушаны звярнуцца па медыцынскую дапамогу, пасля чаго, меркавана, пара была затрыманая.

    У ліпені 2025 года стала вядома, што суд Цэнтральнага раёна  Мінска прыгаварыў Паліну Зыль да пазбаўлення волі тэрмінам на 1 год з адбыццём у калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Блогерку звінавацілі паводле «народнага артыкула» — ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса РБ («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).  

    YouTube-канал Максіма Шуканава мае назву Union Bell. Як адзначаецца на старонцы — гэта «незалежны палітычны канал, дзе можна пачуць вострую аналітыку самых важных палітычных падзеяў без цэнзуры». Канал мае больш за 6 тысяч падпісчыкаў. Апошнія відэа з’явілася год таму. У Telegram-канале блогера апошняе паведамленне размешчанае 28 снежня 2024 года.

    Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Максіма Шуканава і Паліну Зыль палітычнымі вязнямі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці