• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Бобруйский курьер» адкрыў Інфармацыйную прыёмную

    Яе галоўнае прызначэнне — збор і сістэматызацыя інфармацыі аб правапарушэннях з боку службовых асоб у Бабруйскім рэгіёне.

    Прыёмная будзе працаваць у інтэрнэце кругласутачна. Рэдакцыя «Бобруйского курьера» прапануе сваім чытачам для зваротаў, для дастаўкі газеце матэрыялаў і фактаў, карыстацца электронным адрасам «БК», а таксама акаўнтамі гэтага выдання ў сацыяльных сетках.

    Асаблівую цікавасць, як адзначаецца ў аб’яве, размешчанай на сайце «Бобруйского курьера», маюць «сведкавыя паказанні» былых і дзеючых работнікаў выканаўчых камітэтаў, «органаў», іншых дзяржаўных арганізацый, якія ажыццяўляюць рознага роду кантроль і размеркаванне.

    «Краіна павінна ведаць не толькі сваіх герояў, але і сваіх злачынцаў», — рэзюмуецца ў аб’яве «БК».

    «Вывучыўшы абставіны злачынства, здзейсненага 26 сакавіка 2017 года ў Бабруйску ў дачыненні да журналістаў і гараджан (нагадаем, у той дзень пры асвятленні пратэстнай акцыі бабруйчан, міліцыяй было затрымана восем журналістаў розных СМІ і яшчэ каля 30 жыхароў горада), мы вырашылі абагульніць і прааналізаваць нашы дадзеныя аб гэтым — інфармацыю, якая ў нас ёсць цяпер.

    Высветлілася, што за апошнія адзінаццаць гадоў у Бабруйску было тры «масавых» затрыманні журналістаў: у жніўні 2006-га, у ліпені 2011-га і вось цяпер, у сакавіку 2017 года. Прычым — на што мы звярнулі асаблівую ўвагу — кожны раз у затрыманні журналістаў удзельнічаў або кіраваў гэтымі затрыманнямі адзін і той жа афіцэр міліцыі, які цяпер займае пасаду намесніка начальніка УУС Бабруйскага гарвыканкама — начальніка міліцыі грамадскай бяспекі.

    Ва ўсіх гэтых выпадках мы звярталіся з заявамі ў пракуратуру, да вышэйстаячага кіраўніцтва МУС. Але яны фактычна «ўхвалялі» і «прыкрывалі» ўчынкі гэтага супрацоўніка (ды іншых) органаў унутраных спраў.

    Тады мы вырашылі дзейнічаць у прававой плоскасці самі. Збіраць інфармацыю аб парушэннях заканадаўства службовымі асобамі УУС, іншых дзяржаўных устаноў і расказваць пра гэта нашым чытачам, грамадскасці», — кажа галоўны рэдактар «Бобруйского курьера» Анатоль Санаценка.

    Кіраўнік незалежнага выдання таксама звяртае ўвагу на тое, што дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, у прыватнасці, супраць журналістаў, падпадаюць пад «юрысдыкцыю» як мінімум трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

    А менавіта — арт. 426 «Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў»; арт. 183 «Незаконнае пазбаўленне волі»; арт. 198 «Перашкода законнай прафесійнай дзейнасці журналіста».

    «Прычым у артыкуле 198 КК РБ накладаецца забарона на перашкоду ў якой бы там ні было форме законнай прафесійнай дзейнасці журналіста», — падкрэслівае Анатоль Санаценка.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці