Больш за 70 журналістаў пацярпелі падчас пратэстаў у Тбілісі
Ніводзін супрацоўнік праваахоўных органаў, які прымяняў гвалт да ўдзельнікаў пратэстаў, не прыцягнуты да адказнасці.У Тбілісі за апошнія 10 дзён пратэстаў сілавікі нанеслі траўмы больш чым 70 журналістам і тэлеаператарам, прычым Спецыяльная следчая група не «знайшла» ніводнага вінаватага, паведамляе «Грузія анлайн».
«Пераслед і гвалт павінны спыніцца як у дачыненні ўдзельнікаў мітынга, так і ў адносінах да журналістаў і аператараў.
Для ўмацавання дэмакратыі незаменная роля крытычных СМІ, якіх «Грузинская мечта» спрабуе прымусіць маўчаць, прымяняючы сілу праз супрацоўнікаў праваахоўных органаў і «цітушак», — гаворыцца ў заяве арганізацыі па абароне правоў СМІ «Медыя-амбудсмен». Раней яна заклікала распачаць крымінальныя справы і следства па фактах жорсткага збіцця журналістаў.
«Медыя-амбудсмен» падкрэслівае, што сітуацыя са свабодай СМІ апошнія гады ў Грузіі пагаршаецца:
— Грузінскім медыяарганізацыям даводзіцца існаваць пад пагрозай аб’яўлення «агентам замежнай дзяржавы» і скавання па «расійскім законе», ва ўмовах нізкіх эканамічных даходаў і палітычнага ціску «Грузинской мечты». Аднак, нягледзячы ні на што, частка СМІ ў Грузіі сумленна парцягвае выконваць кантрольную функцыю – ролю чацвёртага ўраду, які змагаецца за праўду і свабоду.
Праваабаронцы заклікаюць забяспечыць журналістам права «свабодна і бесперашкодна асвятляць бягучыя падзеі і даваць насельніцтву Грузіі інфармацыю».
«Мы заклікаем усіх асобаў, якія працуюць на дзяржаўнай службе, абараняць правы і свабоды чалавека, у тым ліку паважаць СМІ. Дзяржава абавязаная караць тых, хто нападае на СМІ, і забяспечыць бяспечнае медыя-асяроддзе», — гаворыцца ў заяве «Медыя-амбудсмен».
Як мы паведамлялі раней, больш за 30 праваабарончых арганізацый, у тым ліку і Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ), заклікалі ўлады Грузіі спыніць жорсткае падаўленне пратэстаў і выконваць міжнароднае права. Падпісанты дакумента заклікаюць міжнародную супольнасць аказаць ціск на ўлады Грузіі, каб яны спынілі гвалт і жорсткае абыходжанне з пратэстоўцамі.