Беларускі расcледавальніцкі цэнтр стаў лаўрэатам прэміі Free Media Awards
Разам з беларусамі ўзнагароду ад Фондаў Fritt Ord і ZEIT Stiftung Bucerius атрымаюць СМІ і журналісты з Азербайджана, Украіны, Грузіі, Венгрыі і Расіі.

Каманда Беларускага расследавальніцкага цэнтра
Прэмія ўручаецца 6 незалежным медыям і журналістам з Усходняй і Цэнтральнай Еўропы як прызнанне іх расследавальніцкай працы ў надзвычайных умовах.
Аўтарытарныя рэжымы ў рэгіёне пашыраюць свой уплыў, пра што сведчыць хоць бы той факт, што двое сёлетніх лаўрэатаў прэміі асуджаныя да турэмнага зняволення за журналісцкую працу.
Сёлета лаўрэатамі прэміі аб’яўлены: Беларускі расследавальніцкі цэнтр, медыяплатформа Gwara Media з Украіны, журналістка Мзія Амаглабелі з Грузіі, расследвальніцкае анлайн-выданне Direkt36 з Венгрыі, фатографка і журналістка Аляксандра Астахава з Расіі і журналістка Наргіз Абсаламава з Азербайджана.
Беларускі расследавальніцкі цэнтр створаны ў 2018 годзе. У 2021 годзе праз палітычныя рэпрэсіі БРЦ эміграваў у Польшчу. БРЦ даследуе карупцыю ва ўладзе, займаецца расследаваннямі, як беларускі рэжым абыходзіць міжнародныя санкцыі, накладзеныя на Беларусь з‑за яе саўдзелу ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны, выкрывае фэйкавыя навіны.
БРЦ робіць уласны сайт на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай.
БРЦ выкрыў карупцыйныя схемы абыходу санкцый на суму больш за 1 мільярд долараў у год. Арганізатары прэміі адзначаюць таксама заслугі Цэнтра ў выкрыцці ваенных злачынстваў, арганізаванай злачыннасці і тайнага ўплыву рэжымаў Беларусі і Расіі ў Еўрапейскім Звязе.
