Былы выканаўчы прадзюсар тэлеканала АНТ збег з «хатняй хіміі»
Былы выканаўчы прадзюсар тэлеканала АНТ, які выказаўся супраць фальсіфікацыі выбараў у 2020-ым годзе і быў пакараны «хатняй хіміяй», Антон Бяляеў збег з Беларусі. Цяпер палітвязень знаходзіцца ў Варшаве. Пра новыя адчуванні ў Польшчы, досвед зняволення і ўласныя планы ён распавёў «Радыё Рацыя».

Былы выканаўчы прадзюсар тэлеканала АНТ Антон Бяляеў. Фота: «Радыё Рацыя»
РР: Два тыдні вы знаходзіцеся ў Варшаве, якія адчуванні, якія думкі і эмоцыі ад усяго, што было перажытае, і што адбываецца цяпер?
Антон Бяляеў:Тое, што перажыў, канешне, лепш не ўспамінаць. Гэтага нікому не жадаю, у нас цяпер ва ўсіх беларусаў ёсць такі страшны сон, лепш адкрыць вочы і больш не згадваць. А сама Варшава – цудоўны зялёны горад, выдатны горад, дзякуй, што мяне прыняў.
Мне вельмі падабаецца гэтае незвычайнае адчуванне зараз у мяне, таму што я з “хатняй хіміі” збег у тым, што нарэшце ў мяне 7 дзён у тыдзень 24 гадзіны я не чакаю, што хтосьці прыйдзе і пагрукае мне ў дзверы, спытае, ці дома я і ці ўсё ў мяне ў парадку. Яны так пытаюцца – добрыя такія, клапатлівыя.
Я зараз прыналежу сам сабе, і гэта вельмі добрыя адчуванні, калі тваё жыццё належыць толькі табе і ніхто больш не рашае, што ты павінен рабіць, куды ісці, дзе быць, у колькі і г.д. Прыняцце рашэнняў – гэта вельмі шмат значыць.
І я думаю, што кожны беларус, які прымаў рашэнні, са мной поўнасцю пагодзіцца.
РР: Распавядзіце, калі ласка, коратка сваю гісторыю.
Антон Бяляеў: У нас ва ўсіх падобная гісторыя. У 2020 годзе адбыліся не зусім сумленныя выбары, “элегантная” перамога чарговая прыйшла. І народ з гэтым не пагадзіўся і выйшаў на вуліцы. Натуральна, другі бок вывеў тых, хто вырашыў гэтаму народу паказаць, што ён не мае рацыі, і што выбар ужо зроблены. Пачалося супрацьстаянне, з’явіліся ахвяры. І вось у гэты момант не вытрымаў і я і разам з калегамі, сам па сабе таксама выйшаў на вуліцу, зразумела, што гэта скончылася не вельмі добра. Спачатку ў мяне быў адміністрацыйны артыкул, мяне затрымалі на 15 сутак, я прайшоў праз Акрэсціна. Пасля я выйшаў, і цэлы год мне “шылі” крымінальную справу. Праз год за мной зноў прыйшлі, я зноў апынуўся на Акрэсціна, зноў з’едзіў у Жодзіна, вярнуўся на Валадарку, пасля чаго атрымаў тры гады “хатняй хіміі”.
Вытрымаць “хатнюю хімію” таксама не вельмі лёгка. Калі твой дом ператвараецца ў турму, гэта страшнае адчуванне. Здаецца рэчы ўсе і твае, але і яны ж цябе ахоўваюць. Таму мне давялося закрыць пытанні з маёмасцю, здароўем і пакінуць тэрыторыі краіны.
РР: Дзе вы працавалі на той момант, калі праходзілі гэтую “хатнюю хімію”?
Антон Бяляеў: Я ўвогуле ўсё сваё жыццё аддаў сферы мас-медыя, я працаваў на радыё. Да 2020 года я быў выканаўчым прадзюсар тэлеканалу АНТ, затым мяне звольнілі, вядома, пасля таго, як мяне першы раз арыштавалі. Я перайшоў працаваць на іншае радыё гукачом, проста гукачом.
Калі мяне ўжо асудзілі да “хатняй хімі” я працягнуў там працаваць, у мяне быў там кантракт, і вось тут дзяржава згуляла мне на руку, таму што, калі ў цябе ёсць кантракт і ты пры гэтым яшчэ з’яўляешся палітвязнем, звольніць цябе нельга па законе.
Цалкам паслухац размову можна тут.
