BYSOL адкрыў збор для радыёвядучага Антона Бяляева
Былы палітвязень чакае рашэння па міжнароднай абароне ў Польшчы і мае патрэбу ў падтрымцы.

Антон Бяляеў. Фота: «Радыё Рацыя»
Журналісту патрэбныя 2400 еўра на падтрымку падчас адаптацыі ў чужой краіне.
У траўні 2023 года Антона Бяляева затрымалі і асудзілі на два гады «хатняй хіміі» па артыкулу 342 Крымінальнага кодэкса.
Беларус удзельнічаў у маршах пратэсту 2020 года. Першы раз сілавікі прыйшлі за ім у 2022 годзе, «закавалі ў кайданкі пры калегах і вывелі з кабінета, у машыне білі». Тады Антон Бяляеў атрымаў 15 сутак арышту.
Ён не з’ехаў краіны, бо лічыў, што з сілавікамі ўжо «разлічыўся». Заместа таго адкрыў аўтамайстэрню, прывёз туды інструменты і запчасткі. Там жа яго і затрымалі ў траўні 2023 года і асудзілі па артыкулу 342 на два гады «хатняй хіміі».
«Хатняя хімія» гучыць вельмі міла, быццам бы дома сядзіш і нічога не робіш. Насамрэч гэта сапраўднае зняволенне, хоць і ўдомку: хадзіць нікуды не можаш, пазбаўляючыся ўсіх сацыяльных сувязяў; пастаянна жывеш у чаканні начных праверак (не адчыніш дзверы – запішуць парушэнне) і чуеш пагрозы, што ў любы момант табе заменяць рэжым «хіміі» на калонію, – расказвае Антон Бяляеў. – Кантракт на працы мне не падоўжылі, грамадзянская жонка з’ехала з краіны, і я застаўся ў Мінску адзін. Стала зусім цяжка без працы, без грошай. Гэтае жабрацтва і страх трапіць у калонію зусім мяне даканалі, і з дапамогай BYSOL я эвакуіраваўся з краіны ў Польшчу.
Антон Бяляеў падаўся на міжнародную абарону. Пакуль ідзе працэс, ён жыве ў шэлтары, да легалізацыі не можа знайсці працу.
«Было б выдатна заняцца рэстаўрацыяй старых машын і тут, але пакуль я не ўладкаваны сацыяльна ніяк. Я востра адчуваю праблемы адаптацыі і не маю нават базавага набору рэчаў да надыходзячай восені», – кажа Антон Бяляеў.
Сума збору – 2400 еўра:
- 1600 еўра – арэнда невялікай кватэры хаця б на тры месяцы (плюс заклад);
- 400 еўра – медыцынскія абследаванні і лекі (пакуль няма легалізацыі, беларус не мае доступу да бясплатнай аховы здароўя);
- 400 еўра – цёплае адзенне і абутак, прадметы першай неабходнасці.
