BYSOL запусціў калядны збор для дзяцей палітвязняў: плануецца сабраць 20 тысяч еўра
Заяўкі прымаюцца анлайн да 21 снежня 2025 года, выплаты будуць ажыццяўляцца па меры паступлення сродкаў.

Фота: з сайта BYSOL
Фонд BYSOL плануе сёлета сабраць 20 000 еўра – па 100 еўра на кожнае дзіця. У фондзе плануюць разгледзець больш за 200 заявак.
Хто можа падаваць заяўку
BYSOL прымае заяўкі ад сем’яў, якія пацярпелі ад рэпрэсій, і ад тых, хто цяпер даглядае дзяцей палітзняволеных. На кожнае дзіця да 16 гадоў прадугледжана выплата 100 еўра.
Заяўкі прымаюцца як унутры Беларусі, так і за яе межамі. Падаць заяўку могуць:
- сем’і палітзняволеных з дзецьмі, дзе адзін або абодва бацькі знаходзяцца ў зняволенні не менш за тры месяцы, уключаючы «хімію»;
- былыя палітзняволеныя з дзецьмі;
- бацькі, якія адбываюць «хатнюю хімію», калі яны маюць інваліднасць, з’яўляюцца пенсіянерамі або выхоўваюць дзяцей да трох гадоў.
Выплаты будуць ажыццяўляцца па меры паступлення сродкаў і ў парадку чарговасці да поўнага вычарпання бюджэту кампаніі.
Як дапамагчы дзецям палітвязняў?
Фонд прымае ахвяраванні на платформе BYSOL у любой валюце, аплата магчыма карткай і праз PayPal.
У канцы мінулага тыдня прадстаўнікі Фонда BYSOL падзяліліся падрабязнымі планамі на бліжэйшую будучыню.
@bajmedia