Cайты ВВС і «Новая газета Европа» трапілі ў «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма
30 сакавіка Міністэрства інфармацыі Беларусі чарговы раз папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Скрыншот сайта BBC
Сайт расійскага выдання «Новая газета Европа» (ідэнтыфікатар https://novayagazeta.eu) прызнаны «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» рашэннем суда Ленінскага раёна Магілёва ад 24 сакавіка 2026 года. Гэта незалежнае ад уладаў Расійскай Федэрацыі рускамоўнае грамадска-палітычнае выданне, створанае ў красавіку 2022 года журналістамі «Новой газеты», якія з’ехалі з Расіі з палітычных меркаванняў. Яно асвятляе падзеі ў Расіі і за мяжой.
Сайт з назвай «ВВС NEWS РУССКАЯ СЛУЖБА» той самы суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» на дзень пазней, 25 сакавіка 2026 года. Але ўказаны на сайце Міністэрства інфармацыі ідэнтыфікатар www.bbc.com вядзе на сайт усёй карпарацыі ВВС, тады як ідэнтыфікатар сайта рускай службы Бі-Бі-Сі іншы — www.bbc.com/russian. Таму так і не зразумела, які менавіта рэсурс меў на ўвазе суд, прымаючы сваё рашэнне.
BBC News Русская служба (руская служба Бі-бі-сі) – гэта падраздзяленне брытанскай карпарацыі BBC, якое прадстаўляе навіны на рускай мове, асвятляючы падзеі ў Расіі, Вялікабрытаніі і свеце.
Радыёяшчанне BBC на рускай мове пачалося ў гады Другой сусветнай вайны, калі брытанскі ўрад вырашыў стварыць радыёперадачы на розных мовах для супрацьдзеяння нацысцкай прапагандзе. Пазней, у гады халоднай вайны, перадачы ВВС важнай крыніцай незалежнай інфармацыі для рускамоўных слухачоў у СССР. У сакавіку 2011 года служба адмовілася ад радыёвяшчання і поўнасцю перайшла на спадарожнікавае і інтэрнэт-вяшчанне.
Паводле рашэння суда Горацкага раёна Магілёўскай вобласці ад 24 сакавіка 2026 года ў «экстрэмісцкі» спіс на сайце Міністэрства інфармацыі ўключылі TikTok-акаўнт з назвай Vecharovy Kefir (ідэнтыфікатар tiktok.com/@vecharovy.kefir) і YouTube-канал «Вечаровы Кефiр» (ідэнтыфікатар youtube.com/@vecharovy.kefir?si=canvJdox9jd0WvqF).
«Вечаровы кефір» — гэта незалежнае забаўляльнае шоу пра жыццё і падзеі ў Беларусі, як прэзентуюць свой медыйны прадукт яго стваральнікі.
Яшчэ праз тры дні, 27 сакавіка 2026 года, той самы суд Горацкага раёна прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» Instagram-акаўнт з назвай ranica_show (Ранiца з Белсатам) (ідэнтыфікатар instagram.com/ranica_show). Гэта інтэрнэт-рэсурс адной з праграм тэлеканала «Белсат», ён мае 720 падпісчыкаў (хаця на сайце Мінінфарма пазначана іншая лічба — 680).
«Экстрэмісцкім» прызнаны акаўнт liauchuk_al у сацсетцы Threads (ідэнтыфікатар threads.com/@liauchuk_al), які належыць брэсцкаму журналісту, палітэмігранту Алесю Ляўчуку. Рашэнне пра гэта 26 сакавіка 2026 года прыняў суд Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці.
@bajmedia