«Чалавекам года Віцебшчыны – 2025» стаў прапагандыст з Глыбокага
Званне «Чалавека года – 2025» Віцебскай вобласці прысвоена галоўнаму рэдактару глыбоцкай раённай газеты «Веснік Глыбоччыны» Андрэю Панкрату. Кіраўніцтва вобласці адзначала яго за дасягненні ў сацыяльнай сферы.

Галоўны рэдактар глыбоцкай раённай газеты «Веснік Глыбоччыны» Андрэй Панкрат. Фота: vg-gazeta.by
Ганаровае званне ў намінацыі «Сацыяльная сфера (сацыяльная абарона насельніцтва, культура, адукацыя, навука, спорт, ахова здароўя, моладзь)» прысвоенае рашэннем Віцебскага аблвыканкама ад 5 лютага 2026 года.
Андрэй Панкрат вядомы тым, што неаднаразова ў сваіх публікацыях выкарыстоўваў мову варожасці на адрас тых беларусаў, што вымушана з’ехалі за мяжу па палітычных матывах. У тым ліку на адрас журналістаў незалежных медыя, а таксама на адрас еўрапейскага грамадства і апанентаў Лукашэнкі.
Нагадаем, беларускія ўлады напрыканцы траўня 2024 года галоўнага рэдактара «Весніка Глыбоччыны» Андрэя Панкрата таксама ўзнагароджвалі «За лепшы аналітычны матэрыял» на конкурсе для дзяржаўнай прэсы «Залатая Ліцера».
Аўтарскую калонку, у якой Панкрат абразліва выказваўся пра апанентаў беларускага рэжыму, краіны Захаду і Украіну, прэзентавалі як аўтарскае ўспрыманне бягучых падзей. Як зазначала тады журы конкурсу, яго тэксты закранаюць нацыянальныя інтарэсы і бяспеку Беларусі, тлумачаць складаныя палітычныя і геапалітычныя расклады простымі словамі.
Агулам званне «Чалавек года – 2025» у Віцебскай вобласці атрымалі 53 чалавекі, 15 з іх — у сацыяльнай сферы, у тым ліку двое прадстаўнікоў СМІ. Акрамя Панкрата тытул атрымала Ганна Ляонькіна — фотакарэспандэнт камунальнага інфармацыйнага ўнітарнага прадпрыемства «Рэдакцыя віцебскіх гарадскіх газет «Віцьбічы» і «Вячэрні Віцебск».
@bajmedia