• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Чаромушкаўская Адысея»: як здымкі невядомага беларускага фатографа трапілі на выставу ва Ўроцлаве

    Гэта гісторыя пачалася напрыканцы 2010‑х у беларускай вёсцы з прыгожай назвай Чаромушкі, калі мастак Андрэй Логінаў нечакана знайшоў на закінутым хутары ў Навагрудчыне шкляныя негатывы невядомага фатографа.

    Сёння тыя шкляныя артэфакты і фотаздымкі жыхароў Чаромушак, якія аднавіў творца, можна пабачыць на выставе ва ўроцлаўскім Музеі Пана Тадэвуша, звязаным з постаццю Адама Міцкевіча.

    «Чаромушкаўская Адысея»: выстава фатографа Андрэя Логінава

    Частка экспазіцыі выставы. Фота: Reform.news

    Чаромушкі, якія знаходзяцца ў паўтары гадзіны язды ад Завосся, радзімы беларускага і польскага паэта, заснавальніка рамантызму, дадаюць яшчэ адно вымярэнне праекту, які жыве ўжо сем гадоў.  Магчыма, тыя постаці людзей, якія мы бачым на здымках 1930–1950‑х — нашчадкі суседзяў аўтара «Дзядоў» і «Пана Тадэвуша»?

    Медыямастак, скульптар і фатограф Андрэй Логінаў, які сёння жыве ў Берліне, вядзе свой праект пра вёску Чаромушкі ўжо некалькі гадоў. Яго нечаканая знаходка архіва невядомага фатографа на закінутым хутары беларускай вёскі адбылася яшчэ напрыканцы 2010‑х. Калі мастак аднавіў выявы са шкляных негатываў, то ўбачыў жыхароў гэтых мясцінаў, захаваных на камеру сельскім майстрам «на памяць»: жанчыны ў прыбраных строях, мужчыны ў касцюмах і гальштуках — сур’ёзныя і засяроджаныя пазіруюць на фоне палатна з выявай краявіду.

    Фота невядомага фатографа, адноўленае Андрэем Логінавым. У экспазіцыі выставы. Фота: Reform.news

    Фота невядомага фатографа, адноўленае Андрэем Логінавым. У экспазіцыі выставы. Фота: Reform.news.

    Як кажа мастак, пошукі імёнаў тых, хто выяўлены на адбітках, рэдка давалі плён. І даследаванне, і праца з архівам патрабавала далейшага кроку. І Андрэй Логінаў, адкрываючы працу невядомага фатографа, вырашыў пайсці далей. Ён сам пачаў фатаграфаваць тыя мясціны — працягнуў летапісь Чаромушак. На падобным фоне, які і рабіў гэта яго папярэднік, мастак прасіў сфатаграфавацца ўжо сваіх сучаснікаў — жыхароў вёскі. Так праз фатаграфію ўзнікала сувязь гісторыі: вось адбіткі невядомага майстара 1930‑х — 1950‑х гадоў, а вось сучаснікі, захаваныя «на памяць» ужо ў простым паўсядзённым аддзенні, з мабільнікам у руках, пазіруюць з усмешкай на твары.

    Фота аўтарства Андрэя Логінава. У экспазіцыі выставы. Фота: Reform.news

    Фота аўтарства Андрэя Логінава. Фота: facebook.com/panatadeusza

    На гэтым праект можна было б і закончыць — прыгожа «зарыфмаваўшы» сучаснасць і мінулае, але… здарыўся 2020 год. І «Чаромушкаўская Адысея» працягнула падарожжа ў прасторы.

    Сёння праект раскрывае яшчэ адну перспектыву. На выставе ў Музеі Пана Тадэвуша ва Уроцлаве палякі і беларусы ў выгнанні разам глядзяць на фотаздымкі іх далёкіх землякоў (і дадамо, што Чаромушкі былі ў складзе Заходняй Беларусі), ды з задавальннем фатаграфуюцца ў прапанаванай атракцыі a la «фотаатэлье правінцыйнага фатографа 1930‑х».

    Андрэй Логінаў у стылізаваным «атэлье» фатаграфуецца разам з мастачкай Алай Савашэвіч. Фота: Reform.news

    Яшчэ адна веха, яшчэ адзін часовы перыяд, які з лёгкасцю ўбірае ў сябе праект — апошнія гады вымушанай эміграцыі беларусаў і часы рэпрэсій. У гэтым кантэксце сам сабой узгадваецца ад’езд Адам Міцкевіча з яго родных мясцін і эміграцыя. Час закальцаваўся?

    У гэтым новым прачытанні выбудоўваюцца дадатковыя новыя сувязі і паралелі: цяпер, гледзячы на фотаздымкі продкаў, мы глядзім у мінулае ці гэта ўжо цяперашняе, тое, што мы цудоўна разумеем? Чаромушкі — гэта кропка на беларускай мапе ці мы самі — далёкія блізкія на чыёсьці фатаграфіі? Як хутка сучаснасць становіцца гісторыяй і нават зараз, фатаграфуючыся «на памяць» на пейзажаным фоне з выявай дрэваў, ці не пераўтвараемся мы, толькі, здаецца, прымяраючы гэту ролю, у сапраўдных удзельнікаў пэўнай эпохі? Ці не адбываецца гэта сустрэча з часам надта хутка?

    Фота аўтарства Андрэя Логінава. Фота: facebook.com/panatadeusza

    «Чаромушкаўская Адысея» «ламае» лінейную канцэпцыю часу, дазваляючы ўбачыць яго як аб’ядноўваючую прастору, у якую мы ўваходзім з дапамогай фатаграфіі.

    Паглядзець праект Андрэя Логінава ў Музеі Пана Тадэвуша ва Уроцлаве можна да 23 сакавіка. Куратар праекта — Марта Смоліньска.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці