• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Чытачы абурыліся артыкулам Relax.by пра рэстарацыю ля Курапатаў. Сайт выдаліў матэрыял

    На беларускім партале Relax.by 12 чэрвеня выйшаў артыкул пра рэстарацыю «Поедем поедим», якая знаходзіцца за 50 мэтраў ад мэмарыялу Курапаты. Многія чытачы і карыстальнікі сацсетак выказалі абурэньне з гэтай нагоды, рэдакцыя адрэагавала на гэта выдаленьнем камэнтароў.

    А пазней выдаліла і сам тэкст.

    «Мы меркавалі, што чытачы самастойна прымуць рашэнне, ці варта наведваць ўстанову. Разам з тым мы не можам не заўважыць, што нават у такім фармаце матэрыял закранае пачуцці некаторых нашых чытачоў, якія палічылі недапушчальным адкрыццё ўстановы ў непасрэднай блізкасці ад Курапатаў, месцы масавых расстрэлаў беларусаў у міжваенны перыяд. Relax.by — сайт пра рэстараны, моду, забавы, гарадское жыццё. Значны палітычны і грамадскі рэзананс не з'яўляецца для нас рэдакцыйнай мэтай. Паважаючы пачуцці і пазіцыю нашых чытачоў, мы прынялі рашэнне выдаліць матэрыял з сайта», — паведамляе адміністрацыя сайта.

     Пратэст ля брамы рэстарацыі «Поедем поедим», архіўнае фота

    Супраць рэстарацыі «Поедем поедим» ад пачатку чэрвеня штодзень адбываюцца акцыі пратэсту. Супраць будоўлі на пляцоўцы, раней вядомай як «Бульбаш-хол», пратэставалі і судзіліся ўжо амаль сем гадоў.

    Аднак у артыкуле Relax.by ні аб блізкасьці рэстарацыі да Курапатаў, ні аб пратэстах супраць «”кабака” на костках», як яе называюць пратэстоўцы, няма ні слова.

    Інтэр’ер рэстарацыі

    Інтэр’ер рэстарацыі

    Шэраг карыстальнікаў адзначае рэклямны тон артыкулу, адсутнасьць любой крытыкі і пазытыўную ацэначнасьць у яскравых эпітэтах. Relax.by сапраўды прапануе рэкляму такога фармату («топ-навіна») за 1490 рублёў, але пазначэньня таго, што артыкул рэклямны, на сайце няма.

    Раней карыстальнікі адзначалі, што і на старонцы рэстарацыі на Relax.by не прапускалі (і, верагодна, не прапускаюць дагэтуль) нэгатыўныя камэнтары — на момант публікацыі там быў толькі адзін пазытыўны, хоць, напрыклад, на мапах Google ва ўстановы сем дзясяткаў нэгатыўных камэнтароў.

    «Ня думаю, што рэстарацыя за 50 мэтраў ад мэмарыялу „Курапаты», месца нацыянальнага смутку, можа быць прывабнай, — камэнтаваў артыкул гісторык Павал Булаты. — Напэўна, трэба мець асаблівае пачуцьцё вычварэнства і маральнай дэградацыі, каб адкрыць установу „для разьняволенага і спакойнага сямейнага адпачынку» каля месца, дзе штодня цягам чатырох гадоў з 1937-га па 1941 год няспынна ні за што расстрэльвалі людзей».

    «Грошы ня пахнуць, так?» — абурыўся ў камэнтарах блогер Антон Матолька.

    «Не пытаюся пра сумленьне — яго, відаць, няма, — пісаў паэт Андрэй Хадановіч. — Але хоць рэшткі мазгоў ёсьць? Гэта ж і немінучае банкруцтва, і ад нядобрай славы ніколі не адмыесься. Журналістам рэклямаваць такое — жахлівы сорам».

    Пад артыкулам на сайце на момант публікацыі зьявілася 150 камэнтароў, але пэўны час яны ўручную выдаляліся. Апэрацыйны дырэктар кампаніі Artox (валодае Relax.by, Dom.by, 103.by ды іншымі праектамі) Аляксандар Стэльмах у камэнтарах да паста Матолькі на Face­book абвясьціў, што выдаленыя камэнтары вяртаюць на сайт.

    «На жаль, адзін з нашых супрацоўнікаў праявіў звышстараннасьць у іх выдаленьні, — тлумачыў Стэльмах зьнікненьне крытычных камэнтароў. — У нас не было намеру чысьціць абмеркаваньне або задаваць яму які-небудзь дакладны кірунак. Кожны вольны выказаць сваю думку наконт установы».

    Адказаў на іншыя пытаньні пра артыкул Стэльмах ня даў.

    Свабодзе не ўдалося ўзяць камэнтар у аўтаркі артыкулу Юліі Шамковай або рэдактара сайту — у рэдакцыі Relax.by спачатку абяцалі «ператэлефанаваць пазьней», а пасьля адмовіліся ад камэнтароў.

    Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах

    • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
    • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
    • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
    • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
    • Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагамфэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
    • Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930‑я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
    • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2013‑м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
    • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.​

    Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

    У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953‑м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці