Ціханоўская ў Нью-Ёрку: Свабодныя медыя з’яўляюцца формай абароны
Сёння свет «знаходзіцца ў пункце пералому»: «Або дэмакратыі прызнаюць, што свабода прэсы — гэта частка бяспекі, або мы рызыкуем яе страціць», — заявіла беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на саміце арганізацыі Concordia у Нью-Ёрку.

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
Як паведаміла прэс-служба дэмлідаркі, дыскусія з яе ўдзелам была прысвечаная выклікам для незалежных медыя «ва ўмовах ціску ў сацыяльных сетках, развіцця штучнага інтэлекту і недахопу фінансавання». Адмысловая ўвага надавалася ўразліваму становішчу малых рэгіянальных і незалежных выданняў.
«Калі ўрады перанакіроўваюць бюджэты толькі на абарону, трэба памятаць: свабодныя медыя таксама з’яўляюцца формай абароны. Яны абараняюць грамадствы ад аўтарытарнага ўплыву і прапаганды. Выжыванне свабодных медыя — гэта выжыванне дэмакратыі», — адзначыла Ціханоўская.
«Незалежныя беларускія журналісты жывуць у выгнанні, іх пераследуюць і забараняюць — але яны працягваюць змагацца: словамі, а не зброяй. Яны расследуюць карупцыю, раскрываюць ваенныя злачынствы і ўзмацняюць галасы незалежных экспертаў. Але многія гэтыя рэдакцыі працуюць літаральна на апошнім дыханні. Міжнародная супольнасць павінна забяспечыць не толькі аднаразовыя гранты, але і стабільную, доўгатэрміновую падтрымку», — падкрэсліла палітык.
Ціхаглўская таксама звярнула ўвагу, што, нягледзячы на рэпрэсіі за спажыванне кантэнту (незалежныя СМІ прызнаюцца «тэрарыстычнымі і экстрэмісцкімі»), больш за 60% іх аўдыторыі знаходзіцца ўнутры Беларусі.
Таксама яна падкрэсліла важнасць супрацьдзеяння прапагандзе ўладаў.
Concordia — некамерцыйная арганізацыя заснаваная ў 2011 годзе. Штогадовы саміт праходзіць паралельна з Генеральнай Асамблеяй ААН.
Мерапрыемства садзейнічае партнёрству паміж урадамі, прадпрыемствамі і некамерцыйнымі арганізацыямі для вырашэння самых надзённых патрэб свету.
Concordia таксама праводзіць рэгіянальныя саміты, прысвечаныя Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы, ЗША, Еўропе і Афрыцы.
Ціханоўская ўдзельнічала ў папярэднім саміце арганізацыі ў 2024 годзе.
