3455

«Мілкавіта» супраць Карманава: суд стаў на бок малаказавода

22.12.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Эканамічны суд горада Мінска пастанавіў, што Юрась Карманаў мусіць напісаць і накіраваць у агенцтва Associated Press абвяржэнне апальнага матэрыяла пра радыяцыю ў малацэ фермера Мікалая Чубянка.

Таксама Карманаў абавязаны кампенсаваць дзяржпошліну (840 дэнамінаваных рублёў) і паслугі адваката з боку ААТ "Мілкавіта" (1 500 дэнамінаваных рублёў).

Заява БАЖ: Рашэнне па справе Карманава значна звужае межы свабоды слова

Журналіст збіраецца абскарджваць рашэнне суда.

Цікава, што непасрэдна да Associated Press у дадзеным судовым працэсе ў “Мілкавіты” патрабаванняў не было. Адпаведна, Associated Press не абавязанае публікаваць абвяржэнне. Хаця раней завод настойваў, каб агенцтва апублікавала абвяржэнне матэрыялу, а таксама прымусіла гэта зрабіць яшчэ сем іншых беларускіх, расійскіх і польскіх выданняў, якія перадрукавалі расследаванне ў сябе.

Разам з тым у судзе было даказана, што апублікаваныя звесткі Карманаў сапраўды атрымаў ад Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, спецыялісты якога пацвердзілі гэты факт.

Нагадаем, журналісты АР у красавіку 2016 года правялі расследаванне аб актыўным выкарыстанні забруджаных зямель Чарнобыльскай зоны ў сельскай гаспадарцы. Журналісты даведаліся, што фермер Мікалай Чубянок, які арганізаваў малочную ферму за некалькі кіламетраў ад знакаў «Стоп! Радыяцыя!», штодня здае каля дзвюх тон малака на завод ААТ «Мілкавіта» ў Хойніках. Каля 90 % прадукцыі ААТ «Мілкавіта» з Хойнікаў ідзе на экспарт у Расію.

Згодна з заключэннем Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, які мелі журналісты, малако ўтрымлівала 37,5 Бк/кг стронцыю пры дапушчальнай норме ў 3,7 Бк/кг.

Журналісты не толькі праінфармавалі аб выніках даследаванняў кіраўніцтва «Мілкавіты», але і працытавалі ў сваім артыкуле словы прадстаўніка завода Маю Феданчук. Яна паведаміла, што «ўласны аналіз лабараторыі завода паказвае, што малако адпавядае нормам і ўтрымлівае стронцыю ў сярэднім 2,85 Бк/кг».

Пасля публікацыі Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС МНС Беларусі правёў праверку, якая не выявіла ў малацэ перавышэння па колькасці стронцыю-90. На гэтыя вынікі і спасылалася ААТ «Мілкавіта» ў сваёй заяве ў суд.

Фота "Наша Ніва"

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!