877

Падчас лекцыі затрымалі выкладчыцу журфака БДУ. 15 сутак арышту

14.12.2021 Крыніца: "Еўрарадыё"

Сёння падчас заняткаў была затрыманая Ксенія Мартуль, выкладчыца журналісцкага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

14 снежня проста з заняткаў сілавікі забралі выкладчыцу журфака БДУ Ксенію Мартуль. Пра гэта распавялі яе студэнты.

Неўзабаве пасля гэтага міліцыя перахапіла кантроль над тг-каналам "Gender_gap". Там з'явілася традыцыйная для такіх выпадкаў аватарка ў выглядзе герба РБ.

"Гендарны прабел" — невялікі і абсалютна бяскрыўдны тг-канал пра сацыяльныя стэрэатыпы. Там увогуле ніколі не пісалі пра палітыку. Калі, натуральна, не бачыць палітыку ў кожнай згадцы слова "гендар".

У "пакаяльным" відэа Мартуль сказала, што ўдзельнічала ў масавых пратэстах 2020-га. "Затрымана за тое, што ў асабістай перапісцы рабіла перасылкі з "экстрэмісцкіх" тэлеграм-каналаў", — дадала яна.

Муж Ксеніі Мартуль Алег распавёў mediazona.by, што падчас заняткаў да жонкі і яе калегі падышлі намеснік дэкана і двое мужчын. Яны забралі Мартуль "на размову". Пазней Ксенія патэлефанавала яму і сказала, што яе вязуць на Акрэсціна, і ёй пагражае арышт або штраф, суд — у сераду.

Таксама муж Ксеніі Мартуль распавёў, што на жонку "яшчэ тыдні два таму" напісалі скаргу ў ГУБАЗіК. У выніку яна ўчора напісала заяву на звальненне, але яе папрасілі дапрацаваць два тыдні.

15 снежня Ксенію Мартуль асудзілі на 15 сутак.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!